Футбольныя фанаты ў Італіі, незадаволеныя забойствам заўзатара «Лацыё» паліцэйскімі, учынілі масавыя забурэньні ў розных частках краіны.

Паліцыя заявіла, што 26‑гадовы дыджэй з Рыму Габрыэле Сандры быў застрэлены з‑за «трагічнай памылкі» памыліцыянтаў, якія спрабавалі разьняць фанатаў «Лацыё» й «Ювэнтуса» на аўтасэрвісе ў Таксане.

Група заўзятараў «Лацыё», якая ехала на матч зь міланскім «Інтэрам», сустрэлася ў гэтым месцы з групай фанатаў «Ювэнтуса», якія кіраваліся ў Парму. Сандры, як паведамляецца, застрэлілі ў машыне побач з рэстаранам.

Паводле зьвестак паліцыі, паліцыянт трапіў у маладзёна, калі зрабіў папераджальны стрэл, але падрабязнасьці здарэньня далёка ня ясныя. Вядзецца расьсьледаваньне.

Пасьля гэтага інцыдэнту заўзятары па ўсёй краіне разьюшыліся. Шмат якія гульні, у тым ліку матч «Лацыё»–«Інтэр» давялося адкласьці. А адзін матч спынілі неўзабаве пасьля пачатку.

Найвялікашага размаху забурэньні дасягнулі ў Рыме. Узброеныя фанаты напалі на паліцэйскія казармы й штаб‑кватэру Нацыянальнага алімпійскага камітэту.

Ахоўнікі НАКу забарыкадаваліся зьсярэдзіны, а звонку тым часам хуліганы білі шыбы й палілі машыны.

Таксама натоўп фанатаў перакрыў адзін з мастоў цераз раку Тыбар з аднаго берагу й не прапускаў кіроўцаў.

Заплянаваны на канец дня матч на рымскім «Стадыё Алімпіка» між клюбамі «Рома» і «Кальяры» быў адкладзены зь меркаваньняў бясьпекі, але натоўп фанатаў з камянямі й дубінкамі сабраўся й там.

Гэтаксама паведамляецца, што ў Рыме хуліганы спалілі аўтобус. У сутыкненьнях пацярпелі дзясяткі паліцыянтаў.

У цэнтры Міляна сутыкненьні паліцыі й фанатаў адбыліся ля будынку дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі RAI.

У Бэргама, дзе клюб «Мілян» гуляў з камандай «Аталянта», матч быў спынены празь 10 хвілін пасьля пачатку, бо фанаты спрабавалі прарвацца на поле.

На стадыёне ў Сіене заўзятары крычалі паліцыянтам «забойцы». Сем матчаў вышэйшай лігі пачаліся на 10 хвілін пазьней і прайшлі ў даволі напятай атмасфэры. Гульцы на гэтых матчах выйшлі на поле з чорнай павязкай на руцэ.

Прэм’ер‑міністар Італіі Рамана Продзі заклікаў правесьці стараннае расьсьледаваньне абставін забойства Габрыэле Сандры й заявіў, што ўсплёск гватлу «выклікае непакой».

Паводле словаў Вінчэнца Джакобэ, начальніка паліцыі Арэца, дзе адбыўся інцыдэнт, паліцыянты, не разабраліся, што перад імі фанаты.

Нагадаем, сёлета ў лютым у часе хваляваньняў фанатаў на Сыцыліі быў забіты паліцыянт.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0