У аўторак у Варшаве лідару крымскіх татараў Мустафе Джэмілеву былы і дзеючы прэзідэнты Польшчы ўручылі Узнагароду Салідарнасці, а ў гонар вядомага савецкага дысідэнта была дадзена ўрачыстая вячэра, на якой прысутнічалі Абама, Парашэнка, Камароўскі і Грыбаўскайце. Esquire друкуе правілы жыцця Мустафы Джэмілева.

Я з ранняга дзяцінства ведаў, што з Крыма нас подла выселілі, а савецкая ўлада — гэта нядобра.

Ва Узбекістане была праведзена прапагандысцкая праца — вязуць крымскіх татараў, здраднікаў радзімы, з-за якіх загінулі вашы бацькі і дзеці, браты і сёстры. Калі мы высаджваліся з вагонаў, у нас кідалі камяні. Потым, праўда, адумаліся, пачалі здагадвацца, якія ж гэта здраднікі радзімы — на пероне жанчыны, дзеці.

Калі памёр Сталін, раніцай нас усіх пастроілі на лінейку. Плакалі ўсе — і дзеці, і настаўнікі. Толькі адзін хлопчык, Рышат Бекмамбетаў, які быў у нас за важака, сказаў: «Хлопцы, глядзіце. Усе плачуць, акрамя нас, крымскіх татараў. Я вось з дома цыбулю прынёс, давайце вочы патрыце, а то нашых бацькоў арыштуюць».

На лінейцы завуч трагічным тонам пачаў казаць пра «вялікага правадыра», але фразу скончыць не змог, расплакаўся. Я тады падумаў: «Фальш. Тата сказаў, што Сталін, сабака, здох, а завуч так забіваецца, быццам канец свету наступіў». Калі завуч ад плачу ўцёк з лінейкі, я не паленаваўся, пайшоў за ім. Гляджу, ён заходзіць у пусты клас і б'ецца галавой аб сцяну і плача.

З інстытута мяне адлічылі з вялікай помпай: выклікалі на аб'яднанае пасяджэнне рэктарата, дэканату і партыйна- камсамольскага актыву. Фармальна абвінавацілі ў тым, што я распаўсюдзіў сярод студэнтаў машынапісны тэкст пад назвай «Кароткі гістарычны нарыс культуры Крыма ў XIII—XVIII стагоддзях». Нарыс кваліфікавалі як вельмі нацыяналістычны і антысавецкі. Я ім кажу: «Вы хоць назву прачытайце! У трынаццатым і васямнаццатым стагоддзях вашай савецкай уладай і не пахла!» Я ў меру сіл спрабаваў агрызацца, мяне выгналі ў калідор, а праз пяць хвілін запрасілі ў кабінет рэктара. Заходжу — а побач з рэктарам сядзіць палкоўнік дзяржбяспекі. Такая дзіўная рэч: на абмеркаванні гэтага палкоўніка не было, калі я сядзеў у калідоры, ён міма мяне не праходзіў. Мабыць, падчас абмеркавання ён стаяў за фіранкай. Рэктар кажа: «Калі вы адрачэцеся сваіх поглядаў і напішаце заяву аб тым, што ў далейшым будзеце нармальным савецкім чалавекам, мы яшчэ падумаем, пакінуць вас ці не». Я адказаў: «Каб не штурхаць вас у глыбокі роздум, проста скажыце, калі я магу забраць свае дакументы». Павярнуўся да палкоўніка КГБ і дадаў: «Віншую вас з чарговай перамогай над контррэвалюцыяй». Такая ўва мне лютасьць была, што я яму ўрэзаць баяўся. А ён мне ўслед прашыпеў: «Гніда».

Калі чалавек доўга жыве ў адным месцы, ён непазбежна да яго прывыкае, яно становіцца родным. Але да Узбекістана ў мяне такіх пачуццяў няма: у мяне ён асацыяваўся з Ташкенцкай турмой — як толькі мяне арыштоўвалі, то перш за ўсё прывозілі туды. Даволі гнюснае там было абыходжанне. У мяне ж сем судзімасцяў — частку з іх я ў Расіі адбыў, але і ў Ташкенце досыць пасядзеў.

Я галадаў дзесяць месяцаў. Тыдзень нічога не ясі, потым прыходзіць доктар, абмацвае. Калі ты ўжо пры смерці і з рота трупны пах ідзе, цябе пачынаюць карміць прымусова. Наглядчык трымае цябе за рукі, санітары ўводзяць ротарасшыральнік, у яго — шланг, праз варонку ўліваюць пажыўную вадкасць. Я хутка зразумеў, што супраціўляцца не трэба, інакш расшыральнікам зубы выб'юць або кіпень зальюць, каб стрававод спаліць.

Галаданне — працэс аднастайны. Адзіночная камера, прымусовае кармленне раз у восем дзён. У камеры пакідаюць кавалак каўбасы — каб ты не вытрымаў, пачаў есці.

У турме ў Омску ў мяне быў страх, што я не вытрымаю. На гэты выпадак я заўсёды трымаў лязо — зыходзячы з таго, што заўсёды змагу перарэзаць сабе вены. У адзін з ператрусаў лязо знайшлі. Для мяне гэта стала сапраўднай трагедыяй: я пазбавіўся запаснога выхаду.

У савецкія часы ўсе твае тэрміны рыкашэтам адбіваліся на родных. Табе сядзець лягчэй, чым тваёй жонцы хадзіць з перадачамі, з бясконцымі просьбамі атрымаць спатканне. У адрозненне ад родных, ты не слухаў хамства аператыўнікаў. Ты не можаш забараніць родным цягаць перадачы, яны ўсё роўна будуць іх цягаць.

Калі я ў першы раз ляцеў у Крым, у 1973 годзе, побач са мной у самалёце сядзела дзяўчына. У аэрапорце яна спытала: «Як вам наш Сімферопаль?» А я адказаў: «А як вам наш Крым?»

Мне зняць нейкія дурацкія сны: напрыклад, я пра нешта спрачаюся з Садамам Хусэйнам.

Я размаўляў па тэлефоне з Пуціным дзесьці паўгадзіны. Ён прасіў, каб мы не сталі прыладай правакацый і ў Крыме не было б кровапраліцця. Я сказаў, што нашы пункты гледжання супадаюць, ніхто ў Крыме праліцця крыві не жадае. Што ж тычыцца правакацый, то для іх прадухілення варта было б прыбраць з Крыма расійскія войскі і весці перамовы з кіраўніцтвам меджліса. Пуцін вельмі цікава адрэагаваў: «Іншага адказу я ад вас не чакаў. Любы прыстойны чалавек, патрыёт сваёй краіны, павінен адказваць так, як вы. Але давайце правядзем рэферэндум, даведаемся меркаванне народа Крыма». Мае спробы растлумачыць, што як такога народа Крыма няма, а ёсць карэннае насельніцтва — крымскія татары, якія не будуць прызнаваць рэферэндум і будуць яго байкатаваць, ні да чога не прывялі.

Я ў сваім жыцці вялікіх памылак не рабіў.

Поўная версія правілаў жыцця Мустафы Джэмілева

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0