05.06.2014 / 16:54

Пану Михаилу Мясниковичу, канцлеру и доктору, одного обывателя суплика (обращение) 15

Фельетон. Пишет Анатолий Сидоревич.

Належала б, як гэта вучаць навука дыпламатыі і этыкет, пачаць і скончыць гэтую супліку да пана канцлера і доктара ў навуках гаспадарчых і грашовых з кампліментаў, але не буду гэтага рабіць. Бо што ж гэта робіцца, пане канцлер?! Падсечана нацыянальная ідэя! Страчана. Няма яе.

Раней нацыянальная ідэя, якая мусіла з’яднаць усіх абываталяў гэтага краю, беларусінаў і літвінаў, заключалася ў трох усім зразумелых словах: чарка і скварка.

Праўду кажучы, быў бы я брахуном несусветным, калі б сказаў, што ў нашай Белай Русі і Літве няма чаго наліваць у чаркі. Акавіты, вінаў, ліквораў, піва ды ўсякіх іншых напояў у нас хоць заліся, хоць утапіся. Па гэтым паказчыку мы наперадзе ўсяе планеты. Гэта і Сусветная арганізацыя аховы здароўя мусіла прызнаць. Але сала, якое беларусіны і літвіны рэжуць на скваркі ды сырымі скрылямі ядуць, вобмаль. А каб знайсці ўежнае сала, трэба добра лапці стаптаць. І не толькі вобмаль таго сала.

Цэны кусаюцца, пане канцлер. Шчэ колькі тыдняў таму на базары два з палавінаю фунта можна было купіць за 1000 коп пенязяў

[цэны на тавары і паслугі пералічаныя па курсе 1588 г. — Рэд.], а цяпер трэба выкласці не менш як 1310 коп. Адчуваеце розніцу? Чым жа закусіць акавіту? Адной цыбуляй? Але ж і цыбуля падаражэла. І як мне, літвіну, есці сырое сала ці скварыць яго без цыбулі?

Узяўшы пад увагу, што й акавіта з лікворам цяпер дарагія для паспалітых русінаў і літвінаў, міжволі мусіш перайсці на булёнчык.

Але ж і бульба падаражэла! На пачатку зімы самая танная каштавала недзе 133 капы пенязяў, цяпер каштуе 216 коп. Праўда, набліжаецца лета, дык пэўныя крамнікі, каб пазбыцца запасаў, прадаюць на торжышчы два з палавінаю фунты бульбы за 166 коп. Але такіх крамнікаў днём з агнём пашукаць трэба. Маладая бульба дык і зусім толькі панам даступная: 416 коп пенязяў два з палавінаю фунта!

Каторыя беларусіны і літвіны трохі бліжэй на паноў, дык тыя не толькі скварачку спажывалі, але курынае крыло ці ножку, а пэўныя, больш распанелыя, — і грудку, і філей курыны.

Але, мусіць, тыя беларусіны і літвіны надта ўжо распанелі. І таму ўрад, які ўзнальвае пан канцлер і доктар у гападарчых і грашовых навуках, дазволіў гандлярам падняць цэны на 166 і больш коп. Каштавалі, скажам, тыя курыныя ножкі 550 коп пенязяў — цяпер каштуюць 750 коп.

А бываюць і таннейшыя. Бачыў я такія ў купца Рублёўскага. Няма на што глядзець. Мусіць, месячных куранят пачалі забіваць.

Пра купца Рублёўскага можна тое сказаць, што, прыкладам, жыхары паўднёвага захаду слаўнага места Менскага ўжо стогнуць: на якую ўстанову ні кінь вокам — і на «Валгаград», і на «Брэст» — усё Рублёўскі ды Рублёўскі. А нядаўна ён адчыніў сваю ўстанову на месцы базара «Маскоўскі». Было торжышча — і няма. А былі ж там сталыя кліенты і гандляры. Сталым пакупнікам гандляркі маглі скінуць цану на капу-другую, нават напавер давалі. Але ўрад такая практыка, мусіць, не задавальняе. Аб выгадзе ж абываталяў урад і ўлады места Менскага думаюць менш.

І не брашу я, калі кажу, што пра абываталяў, асабліва пра старых, урад не думае.

Калі было апошняе павышэнне рэнты (па-дзяржаўнаму — пенсіі)? Ці не ў лютым? Атрымаў я студзені 36337 коп пенязяў, а ў лютым — «аж» 38153 тысячы.

А тым часам з ласкі ўраду, які ўзначальвае пан канцлер, і з ласкі гаранта, які над панам канцлерам стаіць, кошты на праезд падскочылі, на мяса-сала, бульбу-цыбулю падскочылі, на размовы далёкачутныя (па-вучонаму — тэлефонныя, радасць старых людзей) падскочылі… Лепш скажыце мне, пане канцлер, на якія тавары і паслугі яны не падскочылі. А вось рэнты (або пенсіі, як гэта кажуць) засталіся на ранейшым узроўні. Ці ж гэта справядліва? Ці ж гэта па-людску? Таму і падаю я пану канцлеру супліку ў надзеі, што ўрад павысіць рэнты. І не на нейкія смешныя адсоткі, як у лютым, а істотна, у адпаведнасці з ростам кошту жыцця. І гэта нават ужо не супліка, пане канцлер. Гэта ўжо патрабаванне. Ці пан канцлер чакае, калі стогн пажылых людзей перарасце ў бунт?

Анатоль Сідарэвіч, слаўнага места Менскага абываталь

року Божага 2014, чэрвеня 5 дня

0
123-ці / Ответить
05.06.2014 / 11:28
Клас! Рэспект Сідарэвічу!
0
LMI / Ответить
05.06.2014 / 11:46
Адно пытаньне дя пана Сідарэвіча - растлумачце мне нарэшце цемнаму хто ж такія беларусіны і літвіны? Я вось як тыя палякі неразумныя ніяк не ўцямну - хто гэта беларусіны на ВКЛ? Вось ніяк не дойдзе да мяне - есьць палякі, есьць маскавіты, есьць жмудзіны, есьць літвіны, есьць украінцы....
0
архіварыюс / Ответить
05.06.2014 / 11:57
Але ж уедлівы гэты абываталь пан Анатоль! Усё падлічыў і статутам прыкрыўся. А вось пану канцлеру ды дохтару ўсялякіх навук тлумных трэ зараз за галаву і іншыя часткі рассыпістага цела свайго ўхапіцца і думаць: што рабіць? Як знайсьці іншыю націдэю за выключэньнем з яе сала і скварак, каб не было сварак. Дый яшчэ публічных! А вось калі тай абываталь ці якія іншыя літвіны-беларусіны запатрабуюць склікаць сойм?! А? Ды падцягнуцца тутака ортодоксы, БРы, RRR'ы розныя... Гармідар атрымаецца! Таго і глядзі - новую элекцыю, новага гаспадара княства запатрабуюць, канфедэрацыю створаць, сьцягі забароненыя панясуць... Жах! І гэта толькі з нагоды ляманту адной нестрыманай асобы-абываталя: "Не дазволям!"
Показать все комментарии/ 15 /
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, активируйте JavaScript в настройках своего браузера