Праваслаўная і каталіцкая цэрквы Беларусі заклікаюць улады адмяніць смяротнае пакаранне. Пра гэта заявіў мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч 5 чэрвеня на прэс-канферэнцыі па выніках IV Еўрапейскага праваслаўна-каталіцкага форуму, які праходзіў у Мінску 2-5 чэрвеня.

«Праваслаўная і каталіцкая цэрквы Беларусі выступаюць супраць смяротнага пакарання, мы ў гэтым пытанні згодныя», — сказаў Кандрусевіч.

Ён падкрэсліў, што ўлады павінны заканадаўча адмяніць прымяненне смяротнага пакарання. «Мы супраць пакарання. Жыццё — вялікі дар Бога. Бог дае жыццё, і толькі ён можа яго забраць. Каталіцкая і праваслаўная цэрквы выступаюць у абарону жыцця — ад зачацця да смерці», — сказаў мітрапаліт Кандрусевіч.

Беларусь — адзіная краіна ў Еўропе, дзе да гэтага часу ўжываецца смяротнае пакаранне, а таксама адзіная еўрапейская дзяржава, якая не ўваходзіць у Савет Еўропы. Асноўнай перашкодай для ўваходжання з'яўляецца наяўнасць смяротнага пакарання.

Паводле звестак «Міжнароднай амністыі» і кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі», за апошнія 20 гадоў у краіне пакарана больш за 400 чалавек. У адказ на заклікі праваабаронцаў ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне альбо адмяніць яго ўлады спасылаюцца на вынікі рэферэндуму 1996 года, падчас якога большасць беларускіх грамадзян выступілі за захаванне смяротнага пакарання.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?