Актывістка руху Femen сур'ёзна пашкодзіла васковую фігуру расійскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна ў парыжскім музеі Grévin. Інцыдэнт адбыўся 5 чэрвеня. Спачатку дзяўчына з надпісам Kill Putin на аголеных грудзях убіла ў статую «асінавы кол», а затым паваліла яе, раскалоўшы галаву. Фотасправаздачу аб гэтай акцыі «сэкстрэмісткі» выклалі на сваім сайце.

Такім чынам «паляўнічая за вампірамі паказала свеце адзіна магчымы фармат дыялогу з крамлёўскім Дракулам», гэта была сімвалічная акцыя «супраць легітымізацыі расійскага дыктатара лідарамі сусветнай дэмакратыі», тлумачаць у Femen. «Украіна павінна быць свабоднай», — рэзюмуюць феміністкі.

Пашкоджаная фігура Пуціна апынулася каля ног васковых выяваў прэзідэнта Францыі Франсуа Аланда, канцлера Германіі Ангелы Меркель, караля Марока Мухамада VI і цяпер ужо былога караля Іспаніі Хуана Карласа I.

Нагадаем, у красавіку мінулага года некалькі «сэкстрэмістак» здолелі прарвацца праз агароджу да рэальнага Пуціна і Меркель, якая суправаджала яго, на прамысловай выставе ў Гановеры, агаліліся па пояс і сталі выкрыкваць нецэнзурныя лозунгі на англійскай мове.

Дзяўчат тады хутка скруціла ахова, а Пуцін, каментуючы гэты інцыдэнт, спачатку сказаў, што акцыя яму спадабалася, хоць ён не пачуў, што крычалі напаўголыя актывісткі і нават не разгледзеў колер іх валасоў. Аднак крыху пазней Пуцін выказаўся ўжо па-іншаму, перафразаваўшы рэпліку аднаго з персанажаў культавага савецкага фільма «Бумбараш»: «Калі б яны мне, як кажуць, каўбасу паказалі ці сала, гэта б мяне парадавала, а тыя формы, якія яны дэманструюць — не вельмі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?