Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін паразмаўляў некалькі хвілін з абраным прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам з удзелам канцлеркі Нямеччыны Ангелы Меркель, паведамляе Reuters.
Прэс-служба прэзідэнта Францыі Франсуа Алянда паведаміла, што два прэзідэнты паціснулі адзін аднаму рукі і дамовіліся аб пачатку дэталёвых перамоваў аб спыненні агню паміж урадавымі сіламі і прарасейскімі сепаратыстамі ва Усходняй Украіне цягам некалькіх наступных дзён.
Яны таксама абмеркавалі палітычныя крокі па дээскалацыі крызісу, у тым ліку прызнанне Расеяй выбрання Парашэнкі, а таксама эканамічныя адносіны.
«Гэта быў нармальны, сур'ёзны абмен думкамі між двума лідарамі», — паведаміў прадстаўнік Алянда, дадаўшы, што сустрэча рыхтавалася некалькі дзён, але факт падрыхтоўкі трымалі пад сакрэтам да апошняга.
Гутарка двух лідараў адбылася незадоўга да агульнага фатаграфавання, якое адбылося перад афіцыйным сняданкам у Нармандыі, дзе прэзідэнты некалькіх дзяржаў сабраліся на святкаванне ў гонар 70-годдзя высадкі войскаў саюзнікаў.
Тым не менш, на фатаграфіі расійскі і ўкраінскі лідар сталі з процілеглых бакоў. Уладзімір Пуцін заняў месца ў першым шэрагу злева, паміж каралевай Даніі Маргрэтэ ІІ і герцагам Люксембурга Анры. У цэнтры паміж прэзідэнтамі ЗША Баракам Абамам і Францыі Франсуа Аландам ўстала каралева Вялікабрытаніі Лізавета II.