Штаны пашытыя з воўны, з трох кавалкаў, і, відавочна, не абмяжоўвалі рухаў. Самыя старажытныя, па ацэнцы вучоных, штаны знойдзеныя нямецкімі археолагамі сумесна з кітайскімі калегамі пры раскопках у Кітаі. Гэтыя штаны, як паведамляецца ў прэс-рэлізе Нямецкага археалагічнага інстытута, былі пашытыя каля 3200 гадоў таму. Знаходка зробленая ў раёне горада Турфан, што на захадзе Кітая, і, як адзначаюць археолагі, дае магчымы адказ на пытанне, а хто ж уласна вынайшаў такі звыклы цяпер прадмет гардэроба.
Да сярэдзіны трэцяга стагоддзя да н.э. мужчыны і жанчыны ў Азіі і Еўропе насілі ў асноўным спадніцы, сукенкі і тунікі. Але ў такой адзежы не вельмі зручна скакаць на кані. Вось і прыйшла еўразійскім качэўнікам ідэя пашыць трубападобныя чахлы для ног. Шарсцяныя штаны з пахавання ў Кітаі былі пашытыя з разлікам менавіта на тое, што іх уласнік шмат часу праводзіць у сядле. Калашыны прымацаваныя да сярэдняй часткі, якая была выраблена асобна і пашытая так, каб забяспечваць максімальную свабоду руху для ног.
У магіле ўладальніка гэтых самых старажытных з вядомых археолагам штаноў былі таксама знойдзеныя аброць і тыповая для воінаў-качэўнікаў зброя. Такім чынам, яшчэ адно пацверджанне атрымала гіпотэза, што эвалюцыя штаноў у іх вядомым нам сёння выглядзе цесна звязана са з'яўленнем качавога ладу жыцця.