Брытанскае кіно для паспалітых гурманаў.
Яго называлі надзеяй брытанскага хорару. Але ён памёр дачасна. Забытая стужка таленавітага рэжысэра Майкла Рыўза зь легендарным Барысам Карлафым.
А галоўны жартаўнік ад “Монці Пітону” Тэры Гіліям парадуе ўсю сям’ю хуліганскай кінафантазіяй.
12 лістапада, панядзелак, ТV-21, 23.35; 13 лістапада, аўторак, ТV-21, 07.35
Стары прафэсар (Барыс Карлаф), якога высьмейвалі калегі, стварыў машыну, з дапамогай якой можна гіпнатызаваць людзей і на адлегласьці кіраваць іхняю воляй. Разам з жонкай Эстэл (Кэтрын Лэйсі) ён запрашае выпадковага маладога чалавека “пакаштаваць новых пачуцьцяў”. Але ахвяра экспэрымэнту губляе кантроль над сваім жыцьцём, а старая пачынае забіваць чужымі рукамі…
Адна з апошніх карцінаў Барыса Карлафа – клясычнага Франкенштэйна й Муміі. У “Чараўніках” ягоны герой – станоўчы пэрсанаж (праўда, ня здольны спыніць зло). А гераіня Кэтрын Лэйсі – сапраўдная фурыя, якая адкрывае асалоду беспакаранай улады.
У карціне Майкла Рыўза, які памёр маладым, зьнямогласьць і зайздрасьць старасьці рыфмуюцца з нудой й спустошанасьцю маладосьці, стомленай сэксуальнаю рэвалюцыяй.
Загіпнатызаваны забойца, які прымушае ахвяру сьпяваць на цёмных вуліцах, чужыя жэсты й страта памяці, пагоні, скрыўлены твар няшчаснай старой... У фільме мала адмысловых эфэктаў, але шмат напружанага чаканьня й псыхалягічных нюансаў.
Карціна на 13 гадоў апярэдзіла “Сканэраў” Дэйвіда Кронэнбэрга.
13 лістапада, аўторак , TV-21 13:25 21:25; 14 лістапада, серада, TV-21 05:25
Аднойчы ў спальні маленькага Кевіна адчыняюцца дзьверы – і адтуль вывальваюцца карлікі бандыцкага выгляду, якія зацягваюць хлопца ў свае прыгоды. Хеўра на чале з авантурнікам Рэндалам вандруе па прасторы й часе, выкарыстоўваючы скрадзеную мапу чорных дзірак. Гістарычныя пэрсанажы, сярод якіх ёсьць Агамемнан (Шон Конэры) і Напалеон (Ян Голм) – будуць вельмі незадаволеныя, чаго нельга сказаць пра гледачоў…