Сёньня пры канцы працоўнага дня агенцыя БЕЛТА дала сьціплую нататку: "Інфляцыя ў Беларусі ў кастрычніку склала 1,5%".

Для месячнага паказчыку гэта вельмі шмат. Каб было болей наглядна, памножце на 12, каб прыблізна ўявіць гадавую дынаміку пры такіх тэмпах.

У верасьні рост індэксу спажывецкіх цэнаў склаў 0,9%. Такім чынам, "прагрэс" відавочны.

Эмпірычна ж, бадай, кожны адчувае, што дарагоўля прагрэсуе хутчэй. Згадайма, наколькі зьмяніліся ад Новага году лічбы на цэнніках у мясных, малочных адзьдзелах, наколькі болей кусачымі сталі тарыфы на электрычнасьць, праезд у транспарце, кошт бэнзыну і г.д.

У незалежных эканамістаў ёсьць сур'ёзныя пытаньні да самой мэтодыкі афіцыйнага падліку інфляцыі. Так, са слоў Яраслава Раманчука, цяжка пабачыць сьпіс тавараў ды паслугаў, што ўваходзяць у спажывецкі кошык, звыш таго гэты "джэнтльмэнскі набор" увесь час тасуецца. Эканаміст Леанід Злотнікаў кажа, што фокус у наступным: Мінстат улічвае толькі нізкаякасныя прадукты. А Станіслаў Багданкевіч яшчэ ў верасьні заявіў, што рэальная сёлетняя інфляцыя мусіць вымярацца двухзначнымі лічбамі. Ён патлумачыў: дзяржаўная статыстыка ня ўлічвае цэны імпарту, кошт жыльля, ягонай арэнды і г.д., то бок якраз тое, што скача галёпам.

Але выглядае на тое, што ўжо і гэтая статыстыка ня здольная ўтойваць шыла ў мяху. Калі да канца году захаваюцца кастрычніцкія тэмпы, то інфляцыя праб'е ўсталяваную афіцыйным прагнозам столь: ужо набегла 7 %, плян жа прадугледжвае ад 6 да 8 %.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?