Следчым камітэтам распачата крымінальная справа ў дачыненні да рэктара дзяржаўнай установы адукацыі «Інстытут культуры Беларусі» (Інбелкульт). Кіраўнік установы падазраецца ў атрыманні хабару, паведаміла ў сваім фэйсбуку афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Юлія Ганчарова.
Устаноўлена, што рэктар інстытута, маючы намер на атрыманне для сябе матэрыяльных каштоўнасцяў, атрымаў хабар у памеры 2000 даляраў ЗША за спрыяльнае рашэнне пытанняў, якія ўваходзяць у яго кампетэнцыю.
Крымінальная справа заведена на падставе матэрыялаў, прадстаўленых УБЭП ГУУС Мінгарвыканкама, супрацоўнікі якога затрымалі падазраванага ў момант атрымання хабару.
Дзеянні службовай асобы кваліфікаваныя па ч. 1 арт. 430 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, з ім працуюць следчыя.
Падрабязнасці затрымання будуць паведамленыя дадаткова.
Дзяржаўная ўстанова адукацыі «Інстытут культуры Беларусі» створаны ў 2010 г., з'яўляецца ўстановай дадатковай адукацыі дарослых, якая забяспечвае павышэнне кваліфікацыі і перападрыхтоўку кадраў у сферы культуры. Інбелкульт з'яўляецца правапераемнікам установы адукацыі «Беларускі дзяржаўны інстытут праблем культуры» (БелДІПК), які пачаў сваю дзейнасць у 1991 г.
На сайце Інбелкульта рэктарам называецца Канстанцін Рамішэўскі.