9 чэрвеня ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска вынесены прысуд былому студэнту Кірылу Вішнеўскаму, які збіраў у інтэрнэце грошы не для паміраючай сястры, а для сваёй жонкі на працэдуру экстракарпаральнага апладнення (ЭКА). Ён абвінавачваўся па ч. 4 арт. 209 КК (махлярства). 

Як паведаміў БелаПАН старшы памочнік пракурора Мінска Сяргей Балашаў, Вішнеўскі прызнаны вінаватым у замаху на махлярства (ч. 1 арт. 14 і ч. 4 арт. 209 КК). Ён прыгавораны да пяці гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці з адбываннем пакарання ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. 

22-гадовы жыхар Фаніпаля (Мінская вобласць) больш як паўтара года таму ўступіў у адзін з беларускіх аўтамабільных клубаў. За гэты час пасябраваў з многімі яго ўдзельнікамі, разам з імі гуляў у футбол, браў удзел у іншых клубных мерапрыемствах. Актыўна размаўляў на форуме клуба пад нікам Karllson. І калі ў пачатку лістапада на форуме з'явілася паведамленне Karllsonа пра тое, што яго сястра смяротна хворая і знаходзіцца ў адной з клінік Германіі, а для праходжання дарагога курсу лячэння патрэбны грошы, то многія фарумчане не засталіся абыякавымі і пачалі дапамагаць знаёмаму. Грошы на лячэнне сястры Karllsonа пералічвалі на яго электронныя кашалькі, на мабільны тэлефон, перадавалі пры сустрэчы.

Аўтар паведамлення дзякаваў сваім дабрадзеям на форуме, рабіў справаздачы аб сумах атрыманых грошай. Аднак праз нейкі час у некаторых фарумчан з'явіліся сумненні ў тым, што грошы збіраюць для смяротна хворай сястры.

Справа ў тым, што некалькі ўдзельнікаў форуму хацелі дамовіцца аб праходжанні дзяўчынай абследавання і лячэння ў добрай клініцы Германіі, для чаго патрабавалася назва клінікі і нумар тэлефона. Karllson не адказваў на гэтыя пытанні, не паведамляў прозвішча бацькоў сястры і іх адрас (гэтыя звесткі ўдзельнікі форуму прасілі, каб аказаць ім падтрымку). А пасля таго як адзін з іх размясціў фатаграфію дзяўчыны, якая адзін ў адзін падобная на сястру Karllsonа, але жыве ў Расіі і цудоўна сябе адчувае, абурэнне наведвальнікаў форуму выйшла за межы. Праз нейкі час і сам Karllson прызнаўся ў тым, што ўсіх падмануў. 

Члены клуба звярнуліся па дапамогу ў праваахоўныя органы. Супрацоўнікі крымінальнага вышуку ўстанавілі, што сапраўды ніякай хворай сястры ў Karllsonа няма, атрыманыя ж грошы ён траціў на асабістыя патрэбы. Зараз вядома — на працэдуру ЭКА жонцы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?