Кампанія InterContinental Hotels Group, адна з найбуйнейшых глабальных гасцінічных кампаній, падпісала пагадненне аб адкрыцці першага ў Беларусі гатэля сеткі Holiday Inn — Holiday Inn Minsk, паведамілі ў прэс-службе кампаніі.

Будаўніцтва гатэля запланавана ў 2015 годзе, адкрыецца ён у 2016 годзе. Зараз вядзецца праектаванне будынка. Упраўленне гатэлем будзе ажыццяўляцца паводле ўмоў дагавора франшызы з кампаніяй Hospitality Group LLC.

Гатэль Holiday Inn Minsk будзе мець адкрытае лобі, якое з'яўляецца адметнай рысай брэнда. Акрамя лобі і зоны рэгістрацыі, у адну адкрытую прастору аб'ядноўваюцца таксама рэстаран, бар, лаўнж-зона і бізнес-цэнтр. «Гэта надае гасцініцы значна больш сучасны выгляд. Ідэя адкрытага лобі з'явілася ў выніку даследавання паводзінаў людзей у сябе дома. Яе рэалізацыя дазваляе пастаяльцам максімальна гнутка выкарыстоўваць інтэграваную прастору гатэля, калі размова ідзе пра харчаванне, адпачынак, працу або забавы», — адзначае прэс-служба.

У гатэлі будзе 205 нумароў, дзевяць з якіх апартаменты. Для гасцей будзе працаваць фітнес-зала, паркоўка на 35 аўтамабіляў, чатыры перамоўныя пакоі, пакоі адпачынку, рэстаран і лаўнж-зона.

Holiday Inn Minsk размесціцца ў раёне станцыі метро «Няміга».

«Брэнд Holiday Inn запісаў на свой рахунак мноства розных пачынанняў, якія сталі трэндам для развіцця галіны, — ад бясплатнага размяшчэння і давання харчавання дзецям у межах праграмы Kids Stay and Eat Free да глабальнага абнаўлення гатэляў, у якое мы інвеставалі мільярд долараў. І сёння мы з задавальненнем аб'яўляем аб планах будаўніцтва першага ў Беларусі Holiday Inn. Гэта самы пазнавальны ў свеце гасцінічны брэнд, аднолькава прывабны як для ўладальнікаў, так і для гасцей, якія шукаюць адначасова якасны і пры гэтым не вельмі дарагі гатэль міжнароднага брэнда. Мы будзем рады супрацоўнічаць з Hospitality Group LLC у працы над гэтым захапляльным праектам», — сказаў віцэ-прэзідэнт па развіцці IHG у Расіі, краінах СНД і Грузіі Aрон Лібінсан. 

IHG аб'ядноўвае дзевяць брэндаў амаль у 100 краінах. Усе гатэлі IHG з'яўляюцца ўдзельнікамі праграмы лаяльнасці IHG Rewards Club, першай і найбуйнейшай у галіне з 79 мільёнамі членаў. Holiday Inn — сусветны гатэльны брэнд з найбольшай колькасцю гатэляў, якія функцыянуюць, у гэты момант вядзецца праца па адкрыцці яшчэ 262 гатэляў у розных краінах. У Еўропе функцыянуе 278 гатэляў Нoliday Inn. Запланавана будаўніцтва яшчэ 36.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?