Набыў моц прысуд у дачыненні да доктара агульнай практыкі, які браў хабар за выдачу лісткоў часовай непрацаздольнасці.

Абвінавачваны прыгавораны да чатырох гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці і пазбаўленнем права займаць арганізацыйна-распарадчыя і адміністрацыйна-гаспадарчыя пасады на пяць гадоў.

Як паведаміў БелаПАН памочнік пракурора Гомельскага раёна Кірыл Кадоўба, медыцынскі работнік быў затрыманы ў жніўні 2013 года, крымінальная справа налічвае 14 эпізодаў. 56-гадовы ўрач агульнай практыкі, працуючы ў філіяле паліклінікі, гандляваў бальнічнымі. Пэўнай таксы за паслугі ў яго не было, не грэбаваў абвінавачваны браць у кліентаў прадукты харчавання, да прыкладу тры кілаграмы мяса за лісток непрацаздольнасці, або спіртное — піва і гарэлку. Не адмаўляўся і ад цукерак.

На судзе віну сваю доктар не адмаўляў, тлумачыў, што выдачай лісткоў непрацаздольнасці «хацеў дапамагчы людзям».

Кліенты ж прасілі ў яго бальнічныя, каб з'ездзіць у адпачынак, у вясельнае падарожжа або проста адпачыць дома.

Абвінавачваны абскардзіў прыгавор, але суд пакінуў яго ў сіле.

Нагадаем, у красавіку 2014 года ўрач са Жлобіна атрымаў шэсць гадоў турмы за гандаль бальнічнымі. Абвінавачаны на працягу двух гадоў прадаваў бальнічныя лісты работнікам Беларускага металургічнага завода. Усяго ў судзе былі разгледжаны 44 факты дачы хабару. Расцэнкі ў неўролага са Жлобіна раслі разам з курсам валюты. Так, у 2010 годзе аформіць сабе часовую непрацаздольнасць можна было за 50 тысяч рублёў, а ў 2012 годзе кошт дамашняга адпачынку каштаваў ужо 150 тысяч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?