Памочнік Аляксандра Лукашэнкі, доктар эканамічных навук Кірыл Руды апублікаваў артыкул, у якім разважае аб удасканаленні эканамічнай палітыкі.

Чаму патрэбная новая эканоміка?

Ёсць як мінімум тры прычыны.

Па-першае, запаволенне сусветнай эканомікі. Прырост сусветнага ВУП скараціўся з 3,9% у 2011 годзе да 2,9% у 2013 годзе, а сусветнага гандлю — з 5% да 3,3%. Знешнія рынкі сціснуліся, што прывяло да зніжэння экспарту і вытворчасці ў Беларусі. Пры гэтым знешнія рынкі — гэта паказчык нашай канкурэнтаздольнасці, таму важна нават пры іх падзенні захоўваць там свае пазіцыі і долі рынку.

Па-другое, удзел у АЭП. Ён адкрыў новыя магчымасці для інтэграцыі беларускай эканомікі са сваёй індустрыяльнай спецыялізацыяй у сыравінныя эканомікі Расіі і Казахстана. Але ў той жа час у эканоміцы з'явіліся абмежаванні: у рэгуляванні імпарту, кіраванні падаткамі. Акрамя таго, ўступленне Расіі ў СГА прывяло да росту канкурэнцыі на нашым традыцыйным расійскім рынку і скарачэння экспарту асобных беларускіх тавараў, напрыклад, грузавых аўтамабіляў.

Па-трэцяе, эфект ад усеагульнай мадэрнізацыі, які зацягнуўся. Сярод прычын: а) высокія працэнтныя стаўкі па крэдытах, якія павялічваюць тэрмін акупнасці праектаў; б) інвеставанне ў асноўным у будаўніча-мантажныя працы з доўгім тэрмінам акупнасці; в) дырэктыўнае планаванне і кіраванне, якія не дазваляюць павысіць гнуткасць і аператыўнасць прыняцця рашэнняў. Акрамя таго, мадэрнізацыя прадугледжвае закупку імпартнага абсталявання, якое праз 5 — 10 гадоў зноў запатрабуе абнаўлення і валютных выдаткаў. У выніку інвестыцыі часта ідуць хай у больш якасныя, але імпартныя, а не ўласныя тэхналогіі, што адводзіць нам ролю пастаянна даганяючага.

У выніку гэтых прычын беларуская эканоміка апынулася ў прынцыпова новых умовах і яе рост запаволіўся з 105,3% у 2011 годзе да 100,9% у 2013 годзе. Для вырашэння названых праблем, мяркую, неабходна ўдасканаленне сістэмы падтрымкі экспарту, забеспячэнне трансферу імпартных тэхналогій, роўнай канкурэнцыі на расійскім рынку (доступ да іх рэсурсаў, сыравіны, дзяржпадтрымкі), пераход ад усеагульнай мадэрнізацыі да кропкавай, заснаванай на найноўшых тэхналогіях.

Але разам з тым гэтая сітуацыя — нагода задумацца аб прымяненні новых падыходаў, якія закладуць аснову для доўгатэрміновага ўстойлівага развіцця і росту эканомікі.

Канкурэнцыя

Гэта галоўны прынцып новай эканомікі. Мяркую, што пачынаць тут варта з роўнай канкурэнцыі паміж прадпрыемствамі дзяржаўнай і прыватнай уласнасці. Сёння ў Беларусі 56% занятых працуюць на прыватных прадпрыемствах, а сярод 143 тыс. кампаній толькі 13% з доляй дзяржавы. У сувязі з гэтым, думаю, не варта замыкацца на кіраванні толькі падведамнымі дзяржпрадпрыемствамі, а варта ўзмацніць дзяржрэгуляванне галін. Тады асноўны роляй дзяржавы ў эканоміцы стане забеспячэнне канкурэнцыі і атрыманне максімальнага эфекту для ўсяго грамадства.

Канкурэнцыя — гэта рухаючая сіла развіцця ўнутранага рынку, фарміравання «здаровага» імпартазамяшчэння, эканамічнага росту. Але для гэтага ўсім трэба прыкласці намаганні:

спажыўцам — павысіць унутраны попыт. Так, гэта рэальна пры супастаўных цэнах і якасці беларускага і замежнага тавару. Але гэта і сацыяльныя інвестыцыі ў беларускую эканоміку, даходы, зарплаты насельніцтва. Пакуль жа ў нас расце імпарт у рознічным тавараабароце: у 2010 годзе — 23%, у 2013 годзе — 29%.

Важнай, калі не асноўнай крыніцай росту ўнутранага спажывецкага попыту могуць стаць паслугі, якія аказваюцца як насельніцтву, так і бізнэсу: юрыдычны, фінансава-эканамічны кансалтынг, страхаванне, адукацыя, ахова здароўя і г.д.;

вытворчым прадпрыемствам — скараціць выдаткі, гандлёвым — норму прыбытку. Напрыклад, у сабекошце нашай прамысловай прадукцыі матэрыяльныя выдаткі складаюць 70 — 80%, працоўныя выдаткі — 10 — 20%. Значыць, у аснове зніжэння выдаткаў — тэхналогіі, інвестыцыі ва ўласныя навукова-даследчыя распрацоўкі, якія адказваюць патрэбам і зменлівым густам спажыўцоў.

Зніжэнне нормы прыбытку гандлёвых кампаній можа прывесці да эфекту маштабу: запаволення інфляцыі, павелічэння продажаў і росту аб'ёму прыбытку. Пры гэтым важна, каб зніжэнне нормы прыбытку ў гандлі не суправаджалася ростам заробкаў. 

дзяржаве — аптымізаваць падаткаабкладанне. Нізкія падатковыя стаўкі могуць ажывіць спажыванне, продажу і павялічыць падатковыя паступлення. У цэлым падатковая нагрузка ў нас вышэйшая, чым у іншых краінах АЭП, — 38% (у Расіі — 33%, у Казахстане — 25%), што ўскладняе барацьбу за інвестыцыі. Падатковае адміністраванне складанейшае, чым у партнёраў: па рэйтынгу Сусветнага банка Беларусь на 133-м месцы з 189 краін, Расія — на 56-м, Казахстан — на 18-м. Пры гэтым падатковае адміністраванне часам больш уплывае на рост выдаткаў і цану прадукцыі, чым высокая падатковая стаўка.

Развіццё ўнутранага рынку і эканамічны рост патрабуюць фінансавання. А для гэтага патрэбныя канкурэнцыя на ўнутраным фінансавым рынку, эфектыўны ператок капіталаў паміж прадпрыемствамі і галінамі, скарачэнне дырэктыўнага крэдытавання, павышэнне патрабаванняў банкаў да бізнэс-планаў. 

Эфектыўнасць

Думаю, гэты прынцып у першую чаргу тычыцца дзяржпадтрымкі, дзяржінвестыцый і дзяржуласнасці.

Дзяржпадтрымка павінна стаць кароткатэрміновай, а часам і разавай, даваць зваротны эфект у выглядзе падаткаў, росту дабаўленага кошту, валютных паступленняў. Мяркую, тут дарэчная аналогія з ваенным лекарам, які ў першую чаргу аказвае дапамогу тым, у каго больш шанцаў выжыць і вярнуцца ў бой.

Дзяржінвестыцыі павінны даваць доўгатэрміновы эфект для эканомікі. Але, каб вырашаць доўгатэрміновыя задачы, неабходнае шматгадовае бюджэтнае планаванне. Напрыклад, нашы партнёры па АЭП (Казахстан, Расія) практыкуюць трохгадовыя бюджэты, Аўстрыя, Галандыя, Ірландыя — пяцігадовыя.

Сярод прыярытэтных напрамкаў дзяржінвестыцый можна вылучыць:

па-першае, буйныя інфраструктурныя праекты, якія ў многіх краінах стымулявалі эканамічны рост. У СССР — будаўніцтва БАМа, у Кітаі — транспартнай інфраструктуры, у нас — АЭС, Кітайска-Беларускі індустрыяльны парк;

па-другое, малы і сярэдні бізнэс. У нас доля малога і сярэдняга бізнэсу ў ВУП — 23%, у Латвіі — 68%, у Эстоніі — 74%. Пры гэтым гэта ці гандлёвы малы бізнэс, які працуе на імпарце, ці малыя вытворчыя кампаніі, якія абслугоўваюць буйныя дзяржпрадпрыемствы. У Беларусі мала сямейнага бізнэсу ў сферы паслуг і вытворчасці. Недастаткова міні-рэстаранаў, цырульняў, майстэрняў, прыватнага прыдарожнага сэрвісу, т.зв. ручной вытворчасці мэблі, посуду і г.д. Неабходная таксама канкурэнцыя сярод малога бізнэсу на рынку аўтсорсінгу, каб павысіць яго прывабнасць для буйных прадпрыемстваў;

па-трэцяе, грамадская сфера. Гэта інфраструктура (энергетыка, камунікацыі, транспарт), сельская гаспадарка, прыродныя рэсурсы (калій, нафтаперапрацоўка, пітная вада). Як правіла, гэта натуральныя манаполіі, кантраляваныя ў многіх краінах дзяржавай, каб не завышаліся цэны і быў устойлівы максімальны эфект усяму грамадству.

Дзяржаўная ўласнасць таксама павінна быць эфектыўнай. Для гэтага патрэбныя прафесійныя кіраўнікі з рынкавай аплатай працы. Неэфектыўныя актывы павінны праходзіць працэдуру банкруцтва. Пры гэтым сацыяльныя рызыкі мінімальныя, бо няма праблем з занятасцю: у нас узровень занятасці на працоўных рэсурсах складае 76%, што вышэй, чым у краінах ЕС — 65%. Толькі ў Мінску больш за 20 тыс. вакансій (у цэлым па краіне 53 тыс.) і самыя запатрабаваныя з заробкам ад 300 да 700 даляраў. Людзі могуць спакойна пераходзіць на больш эфектыўныя прадпрыемствы.

У сувязі з гэтым, думаю, варта сканцэнтравацца на падтрымцы людзей пры змене працы: павысіць памер дапамог па беспрацоўі, аказваць адрасную дапамогу, пакуль чалавек шукае новую працу, перавучваецца, дапамагчы скараціць перыяд пошуку працы. Гэта павысіць канкурэнцыю на рынку працы і забяспечыць ператок працоўных рэсурсаў у найбольш эфектыўныя прадпрыемствы і галіны.

Інстытуты

Першы крок інстытуцыйнай рэформы зроблены: скарочана колькасць дзяржапарату на 23%. Цяпер у Беларусі колькасць чыноўнікаў на 1000 занятых адна з самых нізкіх у Еўропе і краінах СНД — 35 чалавек, у Расіі — 75, Казахстане — 47, у Літве, Латвіі, Эстоніі, Польшчы — 60 — 70.

Другі крок — аптымізацыя функцый. Мяркую, што галоўны прынцып тут: кіраваць павінен той, хто валодае інфармацыяй. Уся інфармацыя — унізе, на прадпрыемствах, на рынку. Значыць, патрэбна сучасная, дзеяздольная форма карпаратыўнага кіравання прадпрыемствамі.

Ад прадпрыемстваў інфармацыя перацякае ў прафесійныя асацыяцыі, саюзы, грамадскія арганізацыі, якія павінны асноўныя праблемы прадпрыемстваў трансляваць ў галіновыя міністэрствы. У Беларусі зарэгістравана больш за 100 галіновых грамадскіх арганізацый, якія ледзь прыкметныя і наўрад ці рэальна прадстаўляюць інтарэсы галін.

Міністэрствы, мяркую, павінны займацца распрацоўкай палітыкі развіцця адпаведных галін, відаў дзейнасці. У гэтым выпадку, магчыма, іх варта вызваліць ад падведамных арганізацый (напрыклад, Кітай, Казахстан падпарадкавалі ўсе буйныя дзяржарганізацыі асобным дзяржаўным органам па кіраванні дзяржмаёмасцю). Пры гэтым у працы міністэрстваў і ведамстваў мэтазгодна выключыць дубліраванне, залішняе ўзгадненне, падзел адказнасці.

У цэлым, калі ў аснове эканомікі — канкурэнцыя, то, лічу, патрэбны адмысловы дзяржорган па яе выкананні. Пры гэтым цэнтральную ролю ў абароне канкурэнцыі, правоў інвестараў, у цэлым у працы новай эканомікі павінна граць судовая сістэма. Важна таксама звярнуць увагу на ўдасканаленне сістэмы кантролю за эканомікай, якая павінна быць папераджальнай, дапаможнай для дасягнення максімальнага эканамічнага эфекту.

Урад — гэта інстытут па прагназаванні і кіраванні стратэгічным развіццём краіны. Можна вырашыць мноства дробных бягучых задач, але пры гэтым ўпусціць адну буйную магчымасць. Калі прынцыпова не вызначыцца, куды плыве наш карабель, то яго будзе кідаць з боку ў бок на хвалях сусветных крызісаў і ў выніку паставіць у залежнасць ад іншых краін. Для гэтага патрэбен маяк — доўгатэрміновая стратэгія, якая будзе заснавана на навакольным нас свеце, ісці ад навукі і жыцця, развіваць канкурэнтныя перавагі. Так будуюць эканоміку паспяховыя краіны: у Азіі (Кітай, Малайзія, Сінгапур), Еўропе (Вялікабрытанія, Германія, Фінляндыя, Францыя), нашы партнёры па АЭП (у Казахстана стратэгія да 2050, у Расіі прагнозы да 2030 года).

***

У завяршэнне хачу сказаць, што сучасная эканоміка заснаваная на чаканнях. Калі будуць дэпрэсіўныя настроі, то збудзецца тое, што чакаем. Перакананы, у нас дастаткова прыкладаў і вопыту для паспяховай рэалізацыі названых падыходаў. Акрамя таго, у многіх краінах гэта дало пазітыўны вынік у выглядзе росту дабрабыту насельніцтва, паскораных тэмпаў развіцця.

Першыя крокі ў новым напрамку ў нас робяцца ў няпростых новых эканамічных умовах. Таму, каб пазбегнуць эканамічных шокаў, пабудова новай эканомікі павінна стаць паступальнай, а для гэтага неабходны час (некалькі гадоў) і стабільнасць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?