Паводле высновы псіхіятраў цэнтра судовай медыцыны, узровень развіцця гомельскага актывіста Андрэя Цянюты адпавядае ўзроставай норме.

Сёння а 10‑й гадзіне маладзён быў азнаёмлены з вынікамі псіхіятрычнай экспертызы, праведзенай у межах крымінальнай справы гомельскай філіі незарэгістраванага «Маладога фронту». У псіхіятрычным заключэнні пазначана, што маладзён арыентуецца ў бягучай сітуацыі, мае неблагі слоўнікавы запас і эрудыцыю.

Як паведаміў Рацыі Андрэй Цянюта, у якасці дадатку да медычнага заключэння была прымацаваная куратарская характарыстыка з Політэхнічнага тэхнікума, у якім ён вучыўся раней. У дакуменце было пазначана, што падчас навучання Цянюта «паразітаваў на чужых дасягненнях, закрываў вушы на семінарах і выяўляў схільнасць да агрэсіі». Самым нечаканым плёнам фантазій куратаркі, дадаў актывіст, сталіся сцвярджэнні, што ён нібыта збіраўся ехаць ваяваць у Ірак і распавядаў усім пра наяўнасць «шапкі‑невідзімкі».

Мікола Бянько, Радыё Рацыя

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0