І гаворка пачалася з курсаў беларускай мовы «Моваведа», якія заснаваў філолаг, хрысціянін і шматдзетны бацька Аляксей Шэін. Чаму моўныя курсы становяцца масавай з’явай?

Аляксей Шэін: На гэта паўплывала агульная палітычная сітуацыя. Выбары 2010 пазбавілі моладзь ілюзій. Відавочна, што чароўным чынам, аднамомантна, сітуацыю не зменіш. Цуды заўсёды прыходзяць на натуральны грунт.

Сёння ў Беларусі вельмі важная арганічная культурніцкая праца. І людзі гэта адчуваюць. Змяншаецца колькасць удзельнікаў нейкіх вулічных акцый, але ў той жа час павялічваецца колькасць удзельнікаў самых розных мерапрыемстваў, звязаных з беларускай культурай.

«НН»: А словы кіраўніка дзяржавы пра неабходнасць не забываць мову паспрыяюць яе папулярызацыі ў грамадстве?

АШ: Спрыяць папулярызацыі беларускай мовы Лукашэнка наўрад ці будзе. Ён — не ідэйны чалавек, ён проста падпарадкоўвае сваю палітыку жаданню большасці. І пакуль большасць не пачне патрабаваць папулярызацыі беларускай мовы, улада нічога не будзе рабіць. Так што разлічваць трэба толькі на сябе.

«НН»: Вам не падаецца, што Лукашэнка зразумеў, што мова і беларуская культура ёсць гарантам незалежнасці, якую ён баіцца згубіць?

АШ: Я думаю, ён гэта ацаніў. І таму, зыходзячы з украінскай рэчаіснасці, улада не будзе чыніць перашкодаў для папулярызацыі культуры і мовы, але прамой дзяржаўнай ініцыятывы не будзе.

«НН»: Украінскія падзеі так моцна на яго паўплывалі?

АШ: Канечне, асабліва заявы расейскага кіраўніцтва пра тое, што кожны расейскамоўны чалавек — гэта іх суайчыннік.

«НН»: Вы былі сустаршынёй БХД. Чаму сышлі з палітыкі?

АШ: Я чалавек веруючы, малюся за Беларусь. І ў пэўны момант, аднойчы падчас малітвы, я вельмі выразна адчуў, што Бог ад мяне хоча чагосьці іншага. Не столькі палітычнай, колькі дзейнасці, звязанай з культурай і асветай. Я змагаўся з сабой, бо грамадская дзейнасць вельмі атракцыйная — прынамсі, для мяне, — і цяжка было сысці. Але я гэта зрабіў, сышоў з пасады сустаршыні БХД.

«НН»: І чым займаецеся зараз?

АШ: Акрамя таго, што вяду адноўленыя курсы беларускай мовы «Моваведа», я напісаў кнігу «Сем камянёў» — гэта прыгодніцкі раман-казка для школьнікаў. (Беларускай літаратуры сёння не хапае твораў для падлеткаў.) Пакуль даў пачытаць толькі сябрам, каб атрымаць каментары перад друкам.

Акрамя гэтага, рыхтуемся да вялікага праекта: у 2017 годзе будзе 500 год друкаванай беларускай Бібліі. Зараз рыхтуецца пераклад Бібліі з моваў арыгінала, а таксама вялікая праграма святкаванняў юбілею на ўсебеларускім узроўні.

«НН»: Ці хацелі б Вы, каб Вашыя дзеці таксама прайшлі праз грамадска-палітычнае жыццё?

АШ: Задача бацькоў пабачыць, што Бог уклаў у кожнае асобнае дзіця і дапамагчы рэалізаваць гэты талент. Дзяцей трэба адпускаць. А ў Беларусі бацькі да апошняга трымаюць дзяцей побач і хочуць вызначыць іх лёс. Такое вось беларускае таталітарнае бацькоўства. А яшчэ наша бяда ў тым, што вялікая колькасць людзей жыве не сваім жыццём. Яны мараць пра адно, а жывуць міма свайго паклікання. Ад гэтага людзі нешчаслівыя.

«НН»: Адыходзячы ад палітыкі і веры, хацелася б паразмаўляць пра вашую шматдзетную сям’ю.

АШ: У нас трое дзетак, і ўсе хлопцы: Якуб, Янка і Сымон. Як па мне, дык гэта яшчэ не шмат. Мая жонка Наталля — кандыдат філалагічных навук. І адной з грунтоўных рэчаў, якую яна паспела зрабіць, пакуль не стала займацца малымі дзецьмі, быў пераклад на беларускую мову «Катэхізіса» Сымона Буднага і прадмоваў Скарыны да кніг ягонай «Бібліі».

«НН»: У вас з жонкай было «каханне з першага погляду»?

АШ: Мы ў адзін час вучыліся на філфаку БДУ, пасля былі ў адной царкве. Так вось былі знаёмыя 10 год і «нічога такога» я не адчуваў, але ў адзін цудоўны момант быццам убачыў яе ўпершыню: убачыў і закахаўся. Так што каханне далёка не з першага погляду.

«НН»: Вы выхоўваеце дзетак у беларускіх ды хрысціянскіх традыцыях?

АШ: Выхоўваем па-беларуску. І, больш за тое, маем намер вучыць іх пасля дома. Бо і я, і жонка — выкладчыкі.

«НН»: А чаму не хочаце аддаць іх дзяржаве на выхаванне?

АШ: Перадусім, хацелася б, каб у малых было добрае, клапатлівае, хрысціянскае асяроддзе. Бо і ў нашай царкве ёсць людзі, якія вучаць дзетак дома. Усе ж мы ведаем, з якімі ідэямі і словамі прыходзяць часам дзеткі з дзіцячага садка.

«НН»: Але ж Вы не зможаце ізаляваць іх ад рэчаіснасці.

АШ: Вядома, але пакладзём добры беларускі і маральны падмурак. Дый не хацелася б сутыкацца з дзяржаўнай ідэалогіяй, з іх піянерамі і БРСМ.

«НН»: Відаць, Вы самі ў дзяцінстве «сутыкаліся з ідэалогіяй».

АШ: Я жыў і рос у Гародні, там ішло польскае тэлебачанне, якое ідэалагічна вельмі моцна адрознівалася ад савецкага. Чуць пасыл, што Ленін — не бог і яму нельга пакланяцца, ужо было чымсьці неверагодным. А ўвогуле, на людзей майго часу моцна паўплывала Перабудова. Нам пашчасціла адчуць на сабе час вялікіх зменаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?