Былы намеснік старшыні Мінскага райвыканкама за карупцыйныя злачынствы прыгавораны судом Жодзіна да пяці гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці і пазбаўленнем права займацца пэўнай дзейнасцю. Прыгавор быў вынесены 10 чэрвеня. 

Як паведаміла БелаПАН старшы оперупаўнаважаны па асабліва важных справах галоўнага ўпраўлення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі МУС Беларусі Вераніка Пасмецьева, у поле зроку супрацоўнікаў ГУБЭЗ чыноўнік трапіў яшчэ ў пачатку 2013 года. Паводле аператыўнай інфармацыі, ён злоўжываў службовымі паўнамоцтвамі ў інтарэсах трэціх асоб, якім незаконна выдзелілі зямельныя ўчасткі на тэрыторыі Бараўлянскага сельскага выканкама. Знаходзячыся на адказнай дзяржаўнай пасадзе, чыноўнік курыраваў дзейнасць служб і арганізацый, якія ўваходзяць у склад жыллёва-камунальнай гаспадаркі Мінскага раёна, у тым ліку і аддзела ЖКГ Мінскага райвыканкама. 

Падчас праверкі было ўстаноўлена, што да былога намесніка старшыні Мінскага райвыканкама ў 2010 годзе звярнуліся знаёмыя з просьбай набыць ва ўласнасць зямельныя ўчасткі ў раёне. Тады чыноўнік даў указанне двум сваім падначаленым, якія мелі патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, аформіць на сябе зямельныя ўчасткі ў вёсцы Драздова Мінскага раёна і прадаць іх трэцім асобам. 

Пасля выдзялення зямельных участкаў і будаўніцтва на іх падмуркаў падначаленыя зарэгістравалі на сваё імя аб'екты нерухомасці, якія ў далейшым прадалі трэцім асобам за 45 млн. рублёў і 20 млн. рублёў, пры гэтым сваіх пакупнікоў яны нават не бачылі і ніякіх грошай ад іх не атрымлівалі. 

У сувязі з тым што ўказанне паступіла ад непасрэднага начальніка, апошнія, якія былі залежныя ад яго па службе, былі вымушаныя пагадзіцца з незаконным указаннем свайго кіраўніка, бо баяліся страціць працу. 

Акрамя таго, аператыўнікі ўстанавілі і іншыя цікавыя падрабязнасці, названы факт злоўжыванняў чыноўніка не адзінкавы. Стала вядома, што былы намеснік старшыні райвыканкама незаконна набыў у 2007 годзе ва ўласнасць трохпакаёвую кватэру дзяржаўнага жыллёвага фонду на вуліцы Захарава ў Мінску плошчай больш за 100 кв. метраў. 

Расследаваннем крымінальнай справы займалася галоўнае ўпраўленне па расследаванні злачынстваў у сферы арганізаванай злачыннасці і карупцыі Следчага камітэта, следства прад'явіла зламысніку абвінавачанне ў злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі, перавышэнні ўлады і службовых паўнамоцтваў, учыненых з карыслівай і іншай асабістай зацікаўленасці асобай, якая займае адказнае становішча (на падставе ч. 3 арт. 424 і ч. 3 арт. 426 КК). 

У даход дзяржавы будуць вернутыя незаконна выдзеленыя два зямельныя ўчасткі і службовая кватэра. 

Прыгавор суда яшчэ можа быць абскарджаны ва ўстаноўленым законам парадку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?