11.06.2014 / 17:49

Пецярбургскага святара зацкавалі за антываенныя выказванні 4

Санкт-Пецярбургская епархія спыніла служэнне іерэя Мікалая Саўчанкі ў храме і пастанавіла ездзіць у Троіца-Сергіеву пустынь «з мэтай пераасэнсавання сваёй антырасейскай і прабандэраўскай пазіцыі». Айцец Мікалай будзе ездзіць туды штовыходныя, бо па буднях працуе на свецкай працы. Паводле афіцыйнага паведамлення епархіі, рашэнне было прынятае «на падставе ўсіх прадстаўленых матэрыялаў колькасцю больш за 200 старонак», пад якімі, мусіць, маюцца на ўвазе таксама і раздрукоўкі пастоў са шматлікімі каментарамі з блога Мікалая Саўчанкі, размешчанага па адрасе pravoslavnij.livejournal.com.

Ніжэй прапануем увазе чытычоў «НН» інтэрв’ю са святаром, праведзенае карэспандэнтам агенцтва «Росбалт», а таксама некалькі пастоў з ягонага блога ў «Жывым часопісе».

Праз спробу прымірыць народы Расеі і Украіны іерэй Мікалай Саўчанка ледзь не пазбавіўся сану і пад ціскам грамадскасці быў пераведзены з храма Перамянення Гасподняга ў Лясным ў Троіца- Сергіеву пустынь Стрэльна. Аднак ён кажа, што кіраваўся Божым запаветам і гатовы працягнуць служэнне.

– Айцец Мікалай, я правільна разумею, што вы выказалі сваю пазіцыю пра сітуацыю ва Украіне, і гэта выклікала незадаволенасць з боку РПЦ?

– Я б не кваліфікаваў гэта выключна як ўнутрыцаркоўны канфлікт або ўнутрыцаркоўную праблему. Праблема паходзіць звонку: на епархію аказала ціск грамадская думка. Раней колькі разоў у сваім блогу я выказаў меркаванне пра тое, што мы здзяйсняем памылку, таму што ненавідзім цяперашняе меркаванне ва Украіне, жадаем тэрытарыяльных зменаў, праяўляем агрэсію. Я спрабаваў растлумачыць народу, што мы робім няправільна, сеючы дух варожасці, тады як трэба пабачыць ва ўкраінцах братоў, прыслухацца да іх, знайсці мірнае рашэнне канфлікту. Акрамя таго, аднойчы на Неўскім праспекце, жадаючы выказаць сваё стаўленне да гэтых падзеяў, я сфатаграфаваўся з некалькімі прыхажанкамі (гаворка пра ўдзел ў антываенным маршы, які прайшоў у Санкт-Пецярбургу 1-га траўня). Я быў тады ў расе з крыжам і трымаў у руках маленькі сцяг Украіны. І гэта было ўспрынята многімі як падтрымка фашызму, бандэраўшчыны. Мяне абвінавацілі ў тым, што я апраўдваю «Правы Сектар», жадаю рэвалюцыі, Майдану ў Расеі. Але я ніколі пра гэта не казаў. Я не займаю чыйсьці канкрэтны бок. Мяне абвінавацілі ў тым, што я падтрымліваю Бандэру і Гітлера, але я іх асуджаю. Мае міратворчыя спробы ўспрынялі няправільна. Вы ж разумееце, што грамадства настроена вельмі агрэсіўна адносна падзеяў ва Украіне, таму міратворчыя заявы таксама выклікаюць агрэсію.

– Ніякіх палітычных заклікаў не было?

– Не, мае заклікі – міратворчыя. Гэта не палітыка. Святар, які заяўляе аб неабходнасці прымірэння, выконвае запаведзь Божую «Дабрашчасныя міратворцы».

– Як прыхаджане паставіліся да вашых выказванняў?

– Большасць з іх перажываюць з нагоды Украіны, але не крытыкуюць мяне. Але некаторыя палітычна актыўныя грамадзяне ўспрынялі мае словы негатыўна. Яны мне ўсё гэта выказвалі, часам нават у рэзкай форме.

– А ўкраінцы падтрымалі вас?

– На прыходзе ёсць некалькі ўкраінцаў, якія вельмі перажываюць праз тое, што здарылася. Яны знаходзілі ўва мне святара, які разумее іх цяжкае становішча.

– Вас не пазбавілі сану за вашыя выказванні?

– Не. Хаця гучалі раз’юшаныя галасы. На епархію і на наш прыход быў аказаны досыць моцны ціск грамадскай думкі, людзі патрабавалі, каб епархія пазбавіла мяне святарскага сану. І епархія нейкім чынам паддалася гэтаму ціску. Мяне паслалі для выпраўлення ў Троіца-Сергіеву пустынь Стрэльна. Але такім чынам мяне вывелі з-пад удару, бо дадзенае дзеянне епархіі мела на мэце яшчэ і спыніць некаторыя дыскусіі на прыходзе.

– Як вы ставіцеся да пераводу ў Стрэльна?

– Я лічу гэта цалкам заканамернай з’явай. Ціск навакольнай грамадскай думкі занадта моцны. Я б параўнаў спробы спыніць гэта са спробамі спыніць наступ дня або ночы. Гэта павінна было здарыцца. Як гэта ні сумна, але грамадская нянавісць у нас празмерная. Я спадзяюся, што адбудзецца супакаенне, і праблема сыдзе. Што ж датычыць служэння, то ў мяне ёсць свецкая праца, вечары я праводжу са сваімі дзецьмі. Таму прыязджаць у Троіца- Сергіеву пустынь буду ў выходныя. Епархія пра гэта ведае і ставіцца з разуменнем.

– Ваш перавод часовы?

– Не было сказана, на які тэрмін. Я настроены на тое, што буду там знаходзіцца вельмі доўга.

– Вы казалі пра прымірэнне з Украінай. А што думаеце пра адну з прычынаў канфлікту – пра далучэнне Крыма?

– Выкажу сваё асабістае меркаванне – гэта не пазіцыя РПЦ або епархіі. Я стаўлюся да гэтага рэзка адмоўна. Мы парушылі тым самым міжнародны дагавор. Парушылі нават пасляваенны лад свету, за які пралівалі кроў нашыя дзяды на палях Вялікай айчыннай вайны, каб стварылася ААН, каб свет знаходзіўся ў адноснай бяспецы. Мы здзейснілі памылку і адштурхнулі большасць насельніцтва Украіны гэтым крокам. Я лічу, што на тэму Крыма неабходны дыялог, каб прыйсці да паразумення.

– Дарэчы, пра пазіцыю. Складваецца ўражанне, што РПЦ падтрымлівае пазіцыю дзяржавы, а асобныя святары абавязкова павінны яе трансляваць.

– Царква не можа быць часткай дзяржавы. Але на яе здзяйсняецца непазбежны ўплыў з боку СМІ і грамадства… Аднак наша царква робіць міратворчыя заявы. Гэты голас амаль не чуваць, яго не хочуць трансляваць СМІ. У гэтым дачыненні пра царкву амаль што забыліся. Зараз транслююцца толькі ваяўнічыя, рэзкія заявы. Царква выконвае сваю місію, але пастаўленая ў такія рамкі, калі рабіць гэта цяжка. Найсвяцейшы Патрыярх казаў, што царква павінна стаяць па-над сутычкай, яна не можа быць на адным баку, і яна сапраўды так робіць. Але, вядома, многія святары як грамадзяне сваёй краіны выказваюцца прыватным чынам, і такіх выказванняў мноства. Гэта нармальная з’ява.

– Раней кіраўнік самаабвешчанай «Адэскай народнай рэспублікі» Валерый Кавураў заявіў, што ўкраінскія спецслужбы спрабавалі затрымаць святароў, якія падтрымлівалі мясцовы Антымайдан, – Алега Марака і Андрэя Новікава, акрамя таго, паводле ягоных дадзеных, былі прамыя пагрозы расправы над мітрапалітам Агафангелам…

– Я ведаю Андрэя Новікава і, вядома ж, лічу, што не павінна быць такога ціску. Гэта сумна, я думаю, што гэта таксама вынік нашай ўзаемнай нянавісці, ад якой трэба вылечвацца…

– Вы звязваліся з Андрэем Новікавым?

– У нас з ім была дыскусія. У нас розныя погляды на падзеі і з’явы, якія адбываюцца, але я падтрымліваю тое, што яму было прадастаўлены прытулак ў Расеі, і ён пражывае тут. Незалежна ад поглядаў і падыходаў мы павінны праяўляць міласэрнасць і гасіць агмені ўзаемнай напружанасці.

– Ці можна казаць пра тое, што адбудзецца аддзяленне Украінскай праваслаўнай царквы ад Маскоўскага патрыярхату?

– Такое пытанне можа вырашацца толькі на ўсеправаслаўным узроўні. Калі гэта адбудзецца, то толькі паводле царкоўных канонаў, але пакуль для гэтага яшчэ не наспелі ўмовы ў наш час варожасці і ўзаемнага напружання.

– Аднак нельга сказаць, што тое, што адбываецца, не перашкаджае ўзаемадзеянню паміж Украінскай праваслаўнай царквой і Маскоўскім патрыярхатам.

– Гэтыя палітычныя падзеі сапраўды паклалі роў паміж украінцамі і расейцамі, у тым ліку паміж дзвюма часткамі праваслаўнай царквы – расейскай і ўкраінскай. І гэта мяне надзвычай турбуе. Гэтыя падзеі разразаюць царкву. Мы павінны зрабіць усё, каб гэтага не адбылося, гэта ўнутрыцаркоўныя пытанне.

– Зараз, пасля вашага пераводу, вы працягнеце выказваць сваю пазіцыю датычна неабходнасці развязання супярэчнасцяў з Украінай?

– Мне не было выразна і ясна агучана, ад якіх сваіх заяваў я мушу адмаўляцца, таму што збольшага ўсе мае заявы пакуль цяжка аспрэчыць. Іншая справа, некаторыя лічаць, што за гэтымі заклікамі да міру хаваецца мая прыхаваная сімпатыя да фашыстаў, бандэраўцаў, але, бачыць Госпад, гэтага няма. Я папрасіў прабачэння ва ўсіх, у каго мог.

***

Пасты іерэя Мікалая Саўчанкі з ягонай старонкі ў «Жывым часопісе»

Пра ўласны перавод

Вярнуўшыся з Троіца- Сергіевай пустыні, куды я быў прызначаны свяшчэнначаллем на выпраўленне і куды я буду ездзіць кожныя выходныя, таму што па буднях я працую ўсё жыццё на свецкай працы, я выявіў грандыёзны вал эмацыйных паведамленняў аб маім пераводзе. Ва Украіне паведамленні пра гэта ў сацыяльных сетках налічваюць ўжо тысячамі. Пры гэтым з Украіны прыходзяць сотні лістоў падзякі, а з Расеі – большасць лістоў з вельмі рэзкімі словамі, хоць ёсць і словы падтрымкі. Гэта яшчэ раз паказвае, як моцна вайна падзяляе людзей, пакідаючы цяжказагойвальныя раны. Я б хацеў, каб міратворчыя намаганні духавенства не выклікалі такіх дыяметральна процілеглых меркаванняў. Што для гэтага патрэбна? Для гэтага патрэба, каб міратворчая пазіцыя духавенства і наагул Царквы гучала ясна і выразна, чаго пакуль яшчэ няма. Мне здаецца, што неабходна яснае разуменне, што міратворчасць не з’яўляюцца палітыкай, а міратворчыя мерапрыемствы не з’яўляюцца палітычнымі. Прынамсі ва ўсім свеце і, ў тым ліку, у іншых Памесных Праваслаўных Цэрквах гэта разумеецца так. Удзел духавенства ў міратворчых мерапрыемствах лічыцца цалкам звычайным, зразумелым і зусім не дзіўным. Хутчэй нават наадварот: няўдзел духавенства ў міратворчых мерапрыемствах выклікае здзіўленне. Няўжо ў Расеі не так? А чаму? Акрамя таго, удзел духавенства ў міратворчых мерапрыемствах у духоўнай вопратцы святара, як мне здаецца, не можа выклікаць нараканняў ў кананічнасці гэтага. Раса і падраснік з’яўляюцца менавіта штодзённым адзеннем святара, па царкоўных правілах, святар у іх абавязаны хадзіць заўсёды, як гэта мы бачым у традыцыйных праваслаўных народаў, напрыклад, у грэкаў. У СССР гэтая традыцыя амаль знікла пад наймацнейшым ціскам багазмагання, але, напрыклад, у Рускай Замежнай Царкве святарам заўсёды рэкамендуецца хадзіць у духоўнай вопратцы, акрамя свецкай працы, і гэта ёсць непарушная традыцыя. Чаму ж для ўдзелу ў міратворчым мерапрыемстве духоўную вопратку трэба здымаць? Ці ёсць у гэтым нейкі асаблівы сэнс? Евангелле праслаўляе міратворчасць, не абумоўліваючы яго нашэннем або ненашэннем расы пры гэтым. Таму, цалкам усведамляючы сталую для РПЦ МП традыцыю наагул ніяк не ўдзельнічаць духавенству ў любых, нават уласных, міратворчых мерапрыемствах, мне хацелася б, каб гэтае пытанне было належным чынам асэнсаванае. І тым больш цяжка пабачыць у закліку да міру з Украінай і украінскім народам парушэнне святарскай прысягі. Што да ініцыятывы майго пераводу, то я не хацеў бы звужаць пытанне да прозвішчаў або паказваць пальцам на прыхаджан або клір храма. Не прыхаджане храма і клір «зацкавалі» аднаго меркаванага міратворца ў расе з крыжам і сцяжком брацкай Украіны, а нянавісць, гнеў і лютасць некаторай часткі нашага грамадства. На храм і на епархію быў аказаны досыць моцны ціск з мэтай увогуле пазбавіць мяне святарскага сану. Мне прыйшло шмат лістоў з праклёнамі і абяцаннямі пазбавіць сану і з ганьбай выгнаць з Царквы. Было мноства лютых абвінавачванняў у бандэраўшчыне і фашызме. Такое нездаровае меркаванне вельмі распаўсюджанае цяпер. Гэты ціск грамадскай думкі надзвычай уплывовы. Гэта менавіта ціск грамадскай думкі, то бок меркаванне большасці грамадства, а не ініцыятыва прыходу ці тым больш духавенства храма. Таму абаронцы дарма шукаюць корань праблемы ў храме. Ён не там. Ён у самім грамадстве. Ён звонку храма. Гэта павінна было здарыцца непазбежна, занадта моцны зарад нянавісці і асуджэння да цяперашняй Украіны. Да барацьбы з гэтым духам жорсткасці я і заклікаў. Менавіта гэтым духам жорсткасці тлумачацца праклёны і асуджэнні ў адрас сцяжка брацкай Украіны з гербам роду Рурыкавічаў на ім (трызубцам). Гэтыя жорсткія каментары вельмі распаўсюджаныя цяпер. Дык можа, час выгнаць гэтую жорсткасць з нашых сэрцаў? Я спадзяюся, што на прыходзе наступіць супакаенне, і яшчэ раз прашу ва ўсіх прабачэння, калі нейкія мае словы маглі здавацца правакацыйнымі.

Пра сепаратыстаў

Відэазварот камандуючага войскамі ДНР сведчыць аб тым, што ў Данецкай вобласці мясцовае насельніцтва не жадае ўступаць у атрады дабраахвотнікаў і ваяваць са сваімі ўкраінскімі братамі па той бок фронту. Стралкоў, будучы ўсё ж такі чалавекам несумненна шчырым, адкрыта прызнае, што ў ягоныя атрады не ўступіла нават 20 афіцэраў з мясцовых жыхароў. А самі яго атрады – гэта «маленькая група добраахвотнікаў з Расеі і Украіны» (прычым Расея стаіць на першым месцы). З 130 тыс. насельніцтва Славянска і 250 тыс. насельніцтва Краматорска не знайшлося ахвочых ваяваць са зброяй у руках даслоўна «супраць усёй Украінскай арміі» (гэта значыць, менавіта супраць кадравай арміі, а не супраць міфічных палкоў «Правага Сектара» ). Гэты зварот гучыць, як велічэзная надзея на тое, што вайна не разгарыцца. Шкада, што ашуканыя прапагандай людзі такія, як Стралкоў, могуць стацца ахвярамі у гэтым самагубным і зусім неапраўданым мецяжы. Супраць братоў не ваююць. І сумленне жыхароў Данецкай вобласці справядліва гэтаму пярэчыць. Вось чаму яны не ідуць праліваць кроў. Мір блізка. Няхай Госпад наблізіць гэты мір!

Псіхоз «Маскалі на гіляцы». 15 інтэрнэт-запытаў у месяц з Львоўскай вобласці і 30 тыс. з Расеі

«Знак-дэвіз бандэраўскага фашызму», які праславіўся на ўсю Расею, так званы крык «маскаляку на гіляку» на справе аказваецца зусім неўжываным у Заходняй Украіне выразам. Статыстыка запытаў Яндэкс.Дырэкт паказвае, што гэтае словазлучэнне за сакавік 2014 было набрана 29,9 тыс. разоў з Расеі, але толькі 15 разоў з Львоўскай вобласці.

Што гэта азначае? Толькі тое, што ў нашым паралізаваным страхам і непрыязнасцю розуме мы самі сябе вешаем.

Тое ж самае трэба сказаць і пра дэвіз «смерць ворагам». З Львоўскай вобласці за сакавік месяц у Яндэксе такія запыты былі набраныя толькі 30 разоў. Пры гэтым у нас, у Расеі, гэты выраз лічыцца ледзь не сімвалам сучаснай Украіны.

Дык дзе падставы для нянавісці?

Дзе апраўданне стральбе і страху?

Абразы расейцаў ва ўкраінскім інтэрнэце непапулярныя, зыходзячы са статыстыкі інтэрнэт-запытаў

Усю Расею абышлі некалькі відэазапісаў з украінскімі школьнікамі або моладдзю, што крычаць: «Хто не скача, той маскаль!» У парыве лютасьці сацыяльныя сеткі ў Расеі прадстаўлялі справу так, што ўсе ўкраінцы ненавідзяць расейцаў, што так лаецца, скача і гойсае уся Украіна. У адказ парывы лютасьці на ўсіх узроўнях расейскага грамадства не сцішваюцца дагэтуль. Страцілі здаровы стан духу і многія хрысціяне. Адзін праваслаўны інтэрнэт-рэсурс вуснамі галоўнага рэдактара пасля гэтага заявіў, што ўкраінцы, маўляў, заўсёды ненавідзелі расейцаў, ненавідзяць і цяпер, а таму братэрства двух народаў – гэта фікцыя, і мы на самай справе ворагі. Ці так гэта? Наколькі абразы ў адрас расейцаў папулярныя ва ўкраінскім грамадстве?

На хвілінку адцягнемся ад евангельскіх цытатаў пра любоў да бліжняга і пра міратворчасць і паклічам на дапамогу простую матэматыку. Дакажам з яе дапамогай тое, што не бачаць ачарсцвелыя нянавісцю і перадузятасцю нашыя суайчыннікі. Калі душы пашкоджаныя, звернемся да розуму. Такім чынам, наколькі ж папулярныя абразы расейцаў ва ўкраінскім інтэрнэце?

Статыстыка інтэрнэт-запытаў лагічнага віду «+хто +не скача +той маскаль» у сістэме Яндэкс.Дырэкт нечакана для многіх паказвае дзіўную рэч. Хоць доля пошукавай сістэмы Яндэкс складае ва Украіне каля 43,5 % і саступае Гуглу (54,5 %) і хоць доля запытаў на ўкраінскай мове вар’юецца ад 2-3 % у Крыме і Луганскай вобласці да 32% ў Львоўскай, тым не менш абразлівыя запыты такога віду аказваюцца цалкам непапулярнымі ў Заходняй Украіне, але надзвычай папулярнымі на ўсходзе Украіны і ў Расеі.

За сакавік месяц 2014 за ўсяго па Расеі запытаў лагічнага віду «+ хто + не скача + той маскаль» было 33,5 тыс., у той час, як ва ўсёй Украіне толькі 1954. Больш за тое, з гэтых менш чым за дзве тысячы запытаў, пераважная большасць была выканана зусім не ў абласцях Заходняй Украіны. Так, вобласцю з найбольш частым выкананнем гэтага запыту ва Украіне стаў, як ні дзіўна для многіх, Крым. Там такіх запытаў было выканана 619, ці амаль траціна ад усіх украінскіх. На другім месцы Кіеўская вобласць (355 запытаў). на трэцім – Данецкая (309 запытаў), на чацвёртым Харкаўская (138) і Днепрапятроўская (136). Колькі ж было такіх запытаў у заходніх абласцях Украіны? З Львоўскай вобласці такіх запытаў за цэлы сакавік месяц было 4 (чатыры ), з Цярнопальскай – нуль і з Івана-Франкоўскай – таксама нуль.

Не менш цікавай аказваецца і статыстыка запытаў са словам «кацап». Здавалася б, калі ў наяўнасці нянавісць да расейцаў, то такіх запытаў мусіць быць многа. Абразлівыя словы будуць прысутнічаць у артыкулах, нататках, відэазапісах. Але што ж мы бачым на самай справе? За сакавік месяц 2014 года ў Расеі такіх запытаў было ажыццёўлена 121,8 тыс., а ва Украіне толькі 15 тыс. Аднак у выпадку Украіны нават гэтая амаль дзесяціразовая розніца яшчэ не адлюстроўвае ўсёй карціны з’явы. Рэч ў тым, што з 15 тыс. запытаў ва Украіне са словам «кацап», на Заходнюю Украіну прыходзіцца МІЗЭРНАЯ МЕНШАСЦЬ. Лідарамі па такіх запытах зноў аказваюцца вобласці Усходу і Крым, у той час як статыстыка такіх абразлівых запытаў па Заходняй Украіне выглядае наступным чынам: з Львоўскай вобласці – 286 запытаў, з Ровенскай – 153, з Івана-Франкоўскай – 64 і з Тэрнопальскай – 56.

Як можна абагульніць атрыманую статыстыку абразлівых для расейцаў выразаў ва ўкраінскім і расейскім інтэрнэце? Толькі так, што мы, расейцы, абражаем самі сябе і падазраем украінцаў у нянавісці. Мы шукаем праявы нянавісці, якія кіраваліся страхам ці гневам. Шукаем і знаходзім тое, што нам здаецца. Аднак статыстыка і матэматыка паказваюць зусім адваротнае. Украінцы нават у Заходняй Украіне не маюць звычаю выкарыстоўваць лаянку ў дачыненні да расейцаў.

Пасля такіх матэматычных доказаў я спадзяюся, што і евангельскія цытаты аб міры і любові да бліжняга будуць успрымацца больш зразумела. Так ці ёсць хоць нейкі сэнс у вайне, калі з таго боку не назіраецца нянавісці? Навошта ўсе гэтыя ўзброеныя захопы дзяржаўных будынкаў? Навошта ўсе гэтыя расколы ў краіне? Навошта, калі мы самі ўнушылі сабе нянавісць і верым у яе? Ці не прыспеў час выйсці з матрыцы злосці, помсты і вайны? Ці не час прымірыцца?

Пра феномен страхаў, звязаных з «Правым сектарам». Статыстыка інтэрнэт-запытаў па рэгіёнах і месяцах

Нянавісць, страх, паніка, прага помсты, гнеў. Менавіта такія пачуцці ў асноўным адчуваюць жыхары Раеіі ў адносінах да «Правага сектара». Гэтая арганізацыя стала найвядомай і найбольш згадванай ў Інтэрнэце палітычнай арганізацыяй. У сакавіку словазлучэнне «Адзіная Расея» набіралася ў пошукавіках Яндэкса 140 тыс. разоў, а «Правы Сектар» – 660 тыс. разоў. У чатыры разы больш. Частата ўжывання словазлучэння «Правы Сектар» вырасла настолькі, што ўжо стала параўнальнай з ужываннем слова «Пуцін».

У чым жа справа? Як атрымалася, што арганізацыя, якая на Майдане не магла выставіць і сотню баевікоў, узброеных толькі дручкамі, стала выклікаць страх і жах ва ўсіх жыхароў Расеі? Бо і цяпер гэтая арганізацыя наўрад ці можа налічыць больш за адну-дзве сотні байцоў, у асноўным без зброі, якія знаходзяцца да таго ж далёка ў тыле. Вядома ж, асацыяаваных з ёй людзей або дэманстрантаў больш, аднак мы лёгка можам пабачыць, што на дэманстрацыях або шэсьцях арганізаваны атрад баевікоў налічвае не больш за 50 чалавек нават у Кіеве. Астатнія ўдзельнікі дэманстрацый – звычайныя мірныя жыхары. Як жа атрымалася, што такая нешматлікая група змагла авалодаць розумамі ўсёй Вялікай Расеі?

Гэтыя загадкі лёгка разгадвае дзякуючы разуменню наступных цікавых заканамернасцяў. Першая цікавая заканамернасць бачная з дынамікі росту колькасці запытаў словазлучэння «Правы Сектар» у сістэме Яндэкс. Значна спрашчае аналіз той факт, што на расейскай і на ўкраінскай мовах напісанне арганізацыі адрозніваецца толькі на адну літару і таму ў статыстыцы Яндэкс.Дырэкт яны ўлічваюцца сумесна.

У лістападзе 2013 словазлучэнне «Правы Сектар» было набрана ў пошукавіках Яндэкса ўсяго толькі 877 разоў. У снежні 2013 года –1956 разоў. У студзені 2014 года – 57,3 тыс. разоў. У лютым 2014 года – 308,8 тыс. разоў. У сакавіку 2014 года - 660 тыс. разоў.

Мы бачым лавінападобны рост, які тлумачыцца шырокамаштабнай вольнай або міжвольнай рэкламай расейскіх СМІ. Аднак больш за ўсё цікавы нават не столькі вялізны рост, колькі геаграфія гэтага росту. Справа ў тым, што вялікай памылкай было б лічыць велічэзны рост запытаў ростам жадання жыхароў Украіны ўступаць у баявыя арганізацыі «Правага Сектара». Акурат гэтага і не назіраецца. А геаграфія запытаў дазваляе адназначна вызначыць прыроду і матыў цікавасці людзей да «Правага Сектара».

Якая ж геаграфія запытаў са словазлучэннем «Правы Сектар»?

Справа ў тым, што з агульнай колькасці 660 тыс. запытаў у месяц на рэгіёны Заходняй Украіны прыпадае МІЗЭРНАЯ ДОЛЯ.

Так, напрыклад, з Івана-Франкоўскай вобласці было толькі 742 запытаў, з усёй Цярнопальскай вобласці – 602. З Ровенскай вобласці – 1244 запытаў. Больш за ўсё з Заходняй Украіны запытаў было з Львоўскай вобласці – 2723.

Для параўнання з Масквы было 92,3 тыс. запытаў, з Пецярбурга і Ленвобласці – 27 тыс. Самае цікавае, што Львоўская, Цяррнопальская і Івана-Франкоўская вобласці Украіны аказаліся САМЫМІ АПОШНІМІ АБЛАСЦЯМІ краіны па частаце выкарыстання гэтага словазлучэння ў пошукавіках. Больш за тое, яны аказаліся ззаду нават усіх абласцей Расеі. Інакш кажучы, тыя самыя вобласці, якія мусілі б даць найбольшую колькасць тых, хто спачувае гэтаму руху, на справе аказваюцца тымі, што найменш цікавяцца ім. Для прыкладу трэба згадаць, што ў Данецкай вобласці зарэгістравана 38 тыс. запытаў, у Днепрапятроўскай – 22,7 тыс., у Харкаўскай – 21,4 тыс., у Крыме – 20,3 тыс. Такім парадкам, жыхары ўсходніх абласцей Украіны праяўлялі цікавасць да словазлучэння «Правы сектар» у інтэрнэце ў ДЗЯСЯТКІ РАЗОЎ БОЛЬШ, чым жыхары Заходняй Украіны.

Трэцюю важную заканамернасць відаць з аналізу частаты выкарыстання больш ўдакладненага запыту «ўступіць Правы Сектар». Хоць такі запыт не адлюстроўвае ўкраінскі варыянт фразы, але ўсё адно варта паказаць, што такіх запытаў за сакавік месяц было здзейснена ўсяго толькі 1353. Трэба разумець, што далёка не кожны запыт падобнага кшталту прыводзіць да ўступлення жыхара Украіны ў нейкую нешматлікую баявую групу «Правага Сектара», як правіла больш падобную да моладзевай тусоўкі. Але самае цікавае, што і ў гэтым словазлучэнні галоўную долю займаюць запыты з усходу Украіны. Так, напрыклад, фразу «ўступіць Правы Сектар» набіраў толькі 1 жыхар Цярнопальскай вобласці, але 200 жыхароў Днепрапятроўскай і 176 жыхароў Данецкай вобласці. Аказваецца, што запыты, якія гавораць аб уступленні ў «Правы Сектар» набіралі АМАЛЬ ВЫКЛЮЧНА жыхары ўсходніх абласцей Украіны. Тут варта адзначыць, што ўкраінскі эквівалент фразы «ўступіць Правы Сектар» мною не быў даследаваны, хоць пры гэтым трэба ўлічваць, што прыкладна 30 % чальцоў «Правага Сектара» на люты 2014 года гаварылі па-расейску.

Дадзеная заканамернасць дазваляе зрабіць пэўныя высновы.

1. Цікавасць Заходняй Украіны да «Правага Сектара» вельмі малая.

2. Цікавасць Усходняй Украіны і Расеі да яго носіць у асноўным матывы страхаў, гневу і жадання даведацца пра ворага болей.

3. Першае і другое разам дазваляе зрабіць выснову, што гэтыя страхі моцна перабольшаныя.

Аднак пры ўсім пры гэтым жыццё Расеі, міжнародныя падзеі, перамяшчэнні войскаў, вайсковыя вучэнні, усеагульны гнеў тлумачацца, як правіла, менавіта наяўнасцю «Правага Сектара». Прыведзеная статыстыка паказвае сапраўдную вартасць ўсяго гэтага грамадскага і мілітарысцкага псіхозу.

0
Неяк так..... / Адказаць
11.06.2014 / 21:02
ФСБ у мантыях "патрыяршых" бдіць і не сьпіць у кашулю, трэба патрона, у Крамлі, бараніць ад праўды, бо рэйтынгі ў ніз пойдуць....
0
патрыёт / Адказаць
12.06.2014 / 00:38
Файны поп, але гора ягонае ў тым, што разумны. А яшчэ Грыбаедаў зазначыў, што ў Расеі:"Горе от ума".
0
Уладзімер Русаковіч / Адказаць
12.06.2014 / 12:49
Мінла больш як 20 год пасьля касаваньня СССР разам з самаўладзьдзем бязбожнікаў. Тым ня менш грамадская думка 70% бязбожнага насельніцтва Расеі працягвае ўціскаць правы хрысьціянскай меншасьці, падобнай мусульманскай.
Паказаць усе каментары/ 4 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру