Самы вялікі прыбытак за 2013 год задэклараваў жыхар Мінска, паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення падаткаабкладання фізічных асоб Міністэрства па падатках і зборах Міхаіл Расолька на прэс-канферэнцыі 12 чэрвеня ў Мінску.

«Найбольшая сума даходу задэкларавана фiзiчнай асобай у Мінску — 59 млрд рублёў (даход, атрыманы ад продажу акцый за мяжой), сума вылічанага падаходнага падатку, з улікам прадастаўленых падатковых вылікаў, склала 5,1 млрд рублёў», — сказаў Расолька.

Ён паведаміў, што па стане на 1 мая 2014 года 23.526 фізічных асоб прадставілі падатковыя дэкларацыі аб даходах.

Колькасць фізічных асоб, якія прадставілі падатковыя дэкларацыі за 2013 год, зменшылася на 1.773 чалавекі ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, або на 7% (у 2013 годзе 25.299 фізічных асоб прадставілі падатковыя дэкларацыі).

Па словах прадстаўніка МПЗ, зніжэнне колькасці прадстаўленых падатковых дэкларацый адбываецца з 2008 года. Гэта звязана з паслядоўнай палітыкай па спрашчэнні падатковага заканадаўства.

«Гэта перш за ўсё ўвядзенне ў 2009 годзе адзінай стаўкі падаходнага падатку ў памеры 12%. У сувязі з гэтым адпала неабходнасць сукупнага дэкларавання даходаў і значна скарацілася колькасць грамадзян, якім неабходна дэклараваць свае даходы», — сказаў Расолька.

Пры гэтым ён удакладніў, што падаваць дэкларацыю аб даходах па-ранейшаму абавязаны грамадзяне, якія прадалі на працягу каляндарнага года грузавы аўтамабіль, аўтобус, другую легкавую машыну, а таксама ў выпадку атрымання прыбытку ад рэалізацыі каштоўных папер, маёмасных правоў, доляў у арганізацыях.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?