Аляксандр Лукашэнка накіраваў віншаванне ўдзельнікам і гасцям ХIV Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі, што пройдзе 13-14 чэрвеня ў Маладзечне.
Сардэчна віншую вас з адкрыццём XIV Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі.
Гэты прадстаўнічы культурны форум з гонарам выконвае пачэсную місію развіцця і папулярызацыі айчыннай літаратуры і музычнага мастацтва. На сцэнічных пляцоўках Маладзечна выступаюць самыя знакамітыя артысты, аб’яднаныя любоўю да роднага слова і песні. Адной з яго незабыўных старонак з’яўляецца конкурс маладых выканаўцаў,які адкрыў многім майстрам беларускай эстрады шлях на вялікую сцэну.
Сёлетні фестываль працягвае свае добрыя традыцыі і пашырае гарызонты, каб нагадаць нам лепшыя старонкі музычнай спадчыны і адкрыць новыя імёны сучасных кампазітараў, паэтаў і спевакоў. Яго разнастайная праграма, прысвечаная 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 45-годдзю легендарнага ансамбля «Песняры», стане яшчэ адным важкім укладам у патрыятычнае выхаванне грамадзян і ўмацаванне духоўнага адзінства народа.
Жадаю ўсім моцнага здароўя, невычэрпнага натхнення, новых творчых здзяйсненняў, шчасця і дабрабыту, а ўдзельнікам конкурсу – паспяховых выступленняў, — гаворыцца ў віншаванні.
Зазначым, што на мінулым тыдні па-беларуску было адпраўлена віншаванне з 80-годдзем Саюза пісьменнікаў Беларусі.