13.06.2014 / 16:44

Хто крадзе веру, розум і волю? Алена Брава пра філасофію творчасці і жыцця 8

Яна заявіла аб сабе як таленавіты пісьменнік. Яе адразу заўважылі крытыкі і чытачы, якія падзяліліся на шчырых паклоннікаў і тых, для каго яе творчасць суцэльны раздражняльнік. Творы Алены Брава нікога не пакідаюць абыякавым. Гэта ж тычыцца і аповесці «Дараван­не», якая выйшла ў Выдавецкім доме «Звязда» на трох мовах — беларускай, рускай і нямец­кай. Алена БРАВА пра філасофію творчасці і жыцця.

— «Дараванне» вылучаецца сярод напісанага мной раней — у прыватнасці, не ўласцівым для маіх тво­раў хэпі-эндам… У першым варыянце фінал быў іншы. Галоўная роля там адводзілася Гансу, які збег з дома састарэлых, каб давесці да канца сваю помсту. Але потым я вырашыла, што лепш будзе скон­чыць тэкст важным для мяне адказам Ларысы на рэпліку медсястры: «Руская эмацыянальнасць…» — «Я з Беларусі! Гэта не тое ж самае!» і рашэннем Ларысы забраць Ганса дамоў. Хаця ў перакуленым на­шым свеце, дзе хворы на сіндром Альцгеймера былы салдат вермахта становіцца носьбітам гістарыч­най памяці, а ўсе навокал старанна робяць выгляд, што нічога не памятаюць, прыпадабняюцца хво­рым, хэпі-энды такога кшталту — рэдкасць.

— Ці ёсць у Ларысы «сёстры» ў тваіх іншых творах?

— А як жа! «Старэйшая сястра» Ларысы — бабуля Вера з аповесці «Рай даўно перанаселены». Абедз­ве жывуць у патрыярхальным дыскурсе і цярпліва прымаюць яго жорсткія ўмовы — поўнае самаадра­чэнне дзеля блізкіх. А калі і бунтуюць, дык моўчкі сам сабе. Пра такіх жанчын у нас прынята казаць: «Яны — соль зямлі». Свет насамрэч трымаецца на іх непражытых жыццях, прынесеных у ахвяру здольнасцях, нязведаных радасцях. Адны чалавечыя асобы — выбітныя па сваіх маральных якасцях — «ідуць на корм» іншым. Такая ген­дарная сітуацыя для нас настолькі звыклая, што мы перасталі яе заўважаць.

— Некаторыя называюць цябе пісьменніцай-феміністкай, іншыя катэгарычна адмаўляюць наяўнасць ідэй фемінізму ў тваёй творчасці…

— Тэрмін «фемінізм» уключае дзясяткі розных ідэйных плыняў: ад экзістэнцыялізму Сімоны дэ Бавуар да маніфесту «Таварыства па знішчэнні мужчын» амерыканскай квазі-феміністкі Валеры Саланас. Ад­нак я не звяраю свае тэксты ні з якімі ідэалогіямі або запаведзямі — фемінізм гэта альбо Новы Запа­вет. Ні на якія ідэі, што «авалодваюць масамі», не арыентуюся. Пісьменнік не святар, не сямейны кан­сультант і не ідэолаг. Усе яны прапануюць гатовыя рэцэпты калектыўнага пазбягання пустэчы і даклад­на ведаюць, як гэтую пустэчу назваць: пеклам, фрустрацыяй альбо мізагініяй. Я ж не ведаю гатовых рэцэптаў выратавання душы.

Пісьменніцтва — гэта той шлях, які ты пракладаеш сам, у працэсе хадзьбы. Ідзеш па пустыннай мясцо­васці, час ад часу сустракаючы там чалавечыя сляды — такіх жа самотнікаў, як і ты. І радуешся гэтым слядам. Значыць, кірунак выбраны правільна. Сярод слядоў, якія мне сустракаюцца, ёсць і сляды зна­камітых жанчын-феміністак. Ты ідзеш без усялякай гарантыі, што зможаш патраціць сваё жыццё неда­рэмна. Я проста пішу пра тое, што баліць. Думка банальная, але паўтаруся: адзіная лінза, праз якую пісьменнік глядзіць на свет, гэта «лад яго душы» (М. Цвятаева), пэўны тып свядомасці. Іншая справа, што ў сваім развіцці, спасціжэнні свету праз сябе ён непазбежна прыходзіць да пэўных высноў, якія ты­чацца таго, як усё ў гэтым свеце ўладкавана.

Асуджаная пражыць жыццё ў жаночым целе, паспытаць на сабе ўсе жаночыя ролі (адзіная, у якой яшчэ не пабывала, — роля прабабулі), я добра ўяўляю сабе тыя шляхі, якімі ідзе наша сучасніца, ве­даю пасткі, што яе чакаюць у патрыярхальным грамадстве. Такі варыянт несвабоды мною выдатна вы­вучаны. Таму і пішу пра гэта.

Між іншым, мае тэксты, якія сёння лічаць фемінісцкімі, былі напісаны яшчэ да таго, як я пазнаёмілася з фемінізмам як сістэмай поглядаў. У прыватнасці, аповесць «Каменданцкі час для ластавак», выда­дзеная ў ЗША ў выдавецтве Сяргея Юр’енена пад назвай «Каханне ў цені казармаў Манкада», была прадстаўлена чытачу як «культурны фемінізм з Беларусі».

— Для беларускага грамадства паняцце «фемінізм» нязвыклае. Часта феміністкамі называ­юць сябе жанчыны, якія задаюцца пытаннем: чаму я, такая прыгожая і разумная, — і без му­жа?

— Жанчыны, пра якіх ты кажаш, — не феміністкі. Яны — «махровы» прадукт патрыярхальнага грамад­ства, жывое ўвасабленне яго стэрэатыпаў. Для мяне фемінізм — гэта перш за ўсё прызнанне права жанчыны на аўтаномію асобы. Гэта актуальна для чалавека ўвогуле, на ўнутраную тэрыторыю якога со­цыум рэгулярна квапіцца. Што тады казаць пра жанчыну, якая нашмат больш дэтэрмінавана біялагічна і сацыяльна, чым мужчына? Ёй даводзіцца весці барацьбу на некалькіх франтах, у тым ліку супраць стэрэатыпаў сваёй жа свядомасці.

Калі жанчына «прачнецца», яна зможа паспрабаваць арганізаваць сваё жыццё на прынцыпах, якія свя­дома абярэ для сябе. Увогуле, надзея ў чалавецтва засталася толькі на жаночую цывілізацыю — цыві­лізацыю любові, так мне здаецца. Гэта не «цывілізацыя без мужчын» — яна пабудавана на «жаночых» прынцыпах: любові, міласэрнасці, узаемаразумення, павагі да чалавечай годнасці. Калі ж фемінізм аб­мяжуецца тым, што жанчыну паспрабуюць «убудаваць» у існуючыя ўладныя структуры соцыуму, не змяняючы іх зместу, усё застанецца па-ранейшаму. Жанчына, якая пераймае агрэсіўную мадэль муж­чынскіх паводзін, — з’ява яшчэ горшая, чым жанчына «патрыярхальная» і чым агрэсіўны мужчына.

— Гераіня рамана «Менада і яе сатыры» — якраз ахвяра стэрэатыпаў уласнай свядомасці?

— Так, менавіта ахвяра: клінічнай наіўнасці і выхавання на ўзорах рамантычнай літаратуры, якая паэты­зуе «вялікае каханне» як адзінае наканаванне жанчыны ў свеце. Юля — «разумная дурнічка». Сацы­яльныя стэрэатыпы савецкага часу дзіўным чынам перамяшаліся з кніжнай «узнёсласцю». У выніку ды­ягназ, які можна вызначыць як «духоўная німфаманія», гэта значыць, псіхалагічная залежнасць ад мужчыны. Залежнасць, якая, між іншым, фарміравалася стагоддзямі.

Усе інстытуты грамадства былі скіраваны менавіта на гэта: школа, сям’я, нават мастацтва. З такім «ба­гажом ведаў» гераіня сябе самастойнай асобай не ўсведамляе. Усе яе памкненні засяроджаны на да­сягненні адзінай мэты — завалодаць мужчынам і, у рэшце рэшт, набыць сацыяльную і асабістую «паў­навартаснасць». Праўда, робіць яна гэта не так, як яе больш прагматычныя сёстры па гендары. Дэман­струе бясконцую гатоўнасць ахвяраваць сабой, вытрываць любыя прыніжэнні. Калі яе кідае чарговы «Ён», яна ў паніцы шукае новага не з-за сексуальнага свербу, а таму, што псіхалагічна не выносіць адзіноты. Яна раз’яднана з уласнай сексуальнасцю і са сваім целам — яно толькі сродак прыцягнуць мужчыну. Гэта, безумоўна, не каханне, а від залежнасці, накшталт алкагольнай ці наркатычнай.

— А калі б Юля распараджалася сваім целам без «высокіх ідэй» і грашыла з задавальненнем, яна стала б станоўчай гераіняй?

— Як распарадзіцца целам — пытанне другаснае. Першае, што яна павінна зрабіць, — уключыць мазгі, стаць чалавекам, а не «прадметам». Павінна стаць асобай, а не «жанчынай». І гэтая асоба павінна вы­рашыць для сябе сама, што менавіта для яе пажадана: стаць маці, нарадзіць шмат дзяцей (альбо толь­кі адно дзіцё) або жыць адзіночкай і «грашыць з задавальненнем». Ці ўвогуле адмовіцца ад пасткі по­лу, проста «выпасці з сістэмы» і прысвяціць сябе інтэлектуальным заняткам, як гераіня-расказчыца ў аповесці «Рай даўно перанаселены». Выбар павінен быць свядомым, а не «таму, што ўсе так жы­вуць». Вынікі выбару «як ва ўсіх» маем сёння: кінутыя дзеці, зламаныя лёсы, падлеткавая злачын­насць, раннія аборты і г. д.

— Якая мэта фізіялагічных сцэн у тваіх творах?

— Адна з іх — вяртанне жанчыны да сваёй цялеснасці. Цялеснасці, пазбаўленай таго «выбуховага па­кету», які звычайна закладваецца ў гэта паняцце. Напрыклад: «Цела дадзена табе, каб нараджаць». Або: «Тваё цела — «сасуд грахоўны», ты павінна саромецца яго» і г. д. У кантэксце таго націску, які аказваецца на жанчыну адэптамі вышэйзгаданых пазіцый, пазіцыя-пратэст гераіні «Рая…» у дачыненні да цела («яго мова — не мая мова») глядзіцца цалкам натуральнай. Жанчына павінна навучыцца пры­маць і любіць сваё цела, не адчуваючы сораму і віны за яго праявы. Але, з іншага боку, павінна дак­ладна ўсведамляць, што яна — не толькі цела. Гэта я называю вяртаннем да цялеснасці, якая была ў нас гвалтоўна адабрана. І хто, як не жанчына, якая піша, зможа дапамагчы сваім сёстрам вярнуць гэ­тую калісьці «анэксаваную» тэрыторыю? Казаць пра тое ўголас для пісьменніка-жанчыны — гэта адзі­ная магчымасць залюдніць тую «тэра інкогніта» свайго «я», дзе дагэтуль хаваліся пачвары.

Між іншым, вяртанне жанчыны да сваёй цялеснасці не мае нічога агульнага з прапагандай распусты, парнаграфіяй. Хутчэй, парнаграфічнымі з’яўляюцца тыя маскультавыя тэксты, якія можна набыць у нас ледзь не ў кожным шапіку: сцэны фізічнай блізкасці ў іх самамэта.

— Якія творы, на тваю думку, здольны зацікавіць сёння беларускага чытача?

— Якога — вось пытанне. Чытачом, які думае і разважае, заўсёды былі і будуць запатрабаваны творы пра ўнутраны свет чалавека і яго ўзаемаадносіны з іншымі. Сёння сацыёлагі канстатуюць крызіс сям’і; роднасныя сувязі, якія яшчэ ў мінулым стагоддзі вызначалі жыццё людзей, саслабелі. Чалавек павінен навучыцца арыентавацца ў новай сістэме каардынат, шукаць апірышча ў новай рэальнасці, каб выста­яць сам-насам з пустэчай. Сёння людзі кінуліся ў спажыванне, імкнуцца больш зарабіць, каб больш па­траціць. Пры гэтым не ўсведамляюць, што кансьюмерызм — не выйсце. Ліхаманкавае спажыванне не дапаможа чалавеку стаць самім сабой, не пазбавіць ад праблем.

— Ёсць думка, што чытач сёння жадае «лёгкай» кнігі. Ты свядома ідзеш насуперак гэтай тэндэнцыі?

— Казкі — не мой профіль. На жаль, маскульт вымывае са свядомасці чытача само паняцце якасці літа­ратурнага тэксту. Але гэта найменшае зло, якое ён робіць. Калі якія кнігі і варта было б спаліць на пло­шчы, дык гэта менавіта «ружовае чытво». Аўтары такіх кніжак бы гадалкі-аферысткі абяцаюць каханне з процьмай каралёў і валетаў, а самі забіраюцца да дурнічкі ў кішэню. Гэтыя тэксты крадуць нашмат больш, чым партманет: крадуць цвярозы розум, веру ў сябе і волю да дзеяння.

Я стараюся пісаць так, каб чытач адкрыў для сябе новы ракурс у звыклым і пачаў думаць самастойна. Літаратуру нельга разглядаць выключна ў прагматычным дыскурсе «выхавання». Але калі такой мэтай задацца, то можна меркаваць: чым менш хэпі-эндаў будзе ў літаратуры, тым больш іх будзе ў жыцці.

0
rorty / Адказаць
13.06.2014 / 21:38
Брава крута. Жаль, мало кто это понимает.
0
Сашко Чорны / Адказаць
14.06.2014 / 10:29
Респект! Елене!!! Так держать!!! Сенкс Вам!
0
Кнехт / Адказаць
14.06.2014 / 10:59
Рэспект аўтару! Калі чалавек разумны і добры, дык ягоны пол не грае вялікай ролі. ...Пра такіх жанчын у нас прынята казаць: «Яны — соль зямлі». Свет насамрэч трымаецца на іх непражытых жыццях, прынесеных у ахвяру здольнасцях, нязведаных радасцях. Адны чалавечыя асобы — выбітныя па сваіх маральных якасцях — «ідуць на корм» іншым. Такая ген­дарная сітуацыя для нас настолькі звыклая, што мы перасталі яе заўважаць. === Магчыма, ў гэтым іх роля ў гісторыі? Насамрэч, яны ахвяруюць сабою, не адчуваючы ахвярнасці, а адчуваючы адказнасць за лёс і дабрабыт тых жа дзяцей, напрыклад. Із-за дзяцей яны і мужа п'яніцу і садыста церпяць. Мы ўсе нечый "корм", урэшце-рэшт.
Паказаць усе каментары/ 8 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру