Легендарны беларускі напой «Крамбамбуля» ад аднаго з найстарэйшых прыватных вытворцаў «БелПІ» зьнік з паліцаў крамаў. Ужо паўгода не абнаўлялася інфармацыя на сайце кампаніі.

 Тэлефанаваньне на прадпрыемства дало нечаканы вынік:

— Гэта «БелПІ»?

— Так.

— А ў вас «Крамбамбуля» выпускаецца?

— Не.

— А чаму?

— Падаткамі задушылі. Гэта бессэнсоўна.

— І больш ня будзе?

— Мы спынілі вытворчасьць алькаголю. Больш гэтым не займаемся.

«Крамбамбулю» — «Панскую», «Хлебасольную», «Паляўнічую», «Шчодрую» і «Сярдзітую» — выпускае кампанія «БелПІ». Яна была заснаваная яшчэ ў 1993 годзе сям’ёй пісьменьніка Леаніда Дайнекі — аўтара раманаў «Меч князя Вячкі» і «Сьлед ваўкалака». Кіруюць бізнэсам ягоныя сыны Зьміцер, Сяргей і Сьцяпан. Апроч «Крамбамбулі», кампанія выпускала вядомую гарэлку «Генэрал».

Сяргей Дайнека паведаміў Радыё Свабода, што з-за нязручнай схемы падаткаабкладаньня вытворчасьць у Беларусі сапраўды давялося спыніць.

«З 1 сьнежня фірма «БелПІ» трапіла ў сьпіс прадпрыемстваў, якія сплочваюць падатак не праз 90 дзён пасьля адгрузкі, а праз 30. У Беларусі няма сэнсу нам вытворчасьцю займацца. Таму тут мы спыніліся і пераносім яе, найхутчэй, у Італію»

Дайнека спадзяецца, што да канца году прадукцыя пад брэндам «Крамбамбуля» зьявіцца ў беларускіх крамах зноўку. Але гэта будзе ўжо не беларуская, а італьянская вытворчасьць.

«Сам гандлёвы знак, назва належаць нашай сям’і. Гэта беларускі брэнд. І ўвесь сэнс вытворчасьці быў, каб быць у Беларусі. Бо мы амаль 70 працэнтаў прадукцыі прадавалі ў Эўропе, нам нават там прасьцей».

Дайнекі займалі адметнае месца на алькагольным рынку. Іхныя напоі пазыцыянаваліся як выключна беларускі прадукт, а ў рэкляме выкарыстоўвалася толькі беларуская мова.

За досыць кароткі час Дайнекі змаглі зрабіць пляшку «Крамбамбулі» ці не галоўным сувэнірам зь Беларусі.

Самі беларускамоўныя і нацыянальна арыентаваныя, Дайнекі прыцягвалі да працы адпаведных людзей. Так, дызайн пляшак «БелПІ» ў свой час рабіў мастак Міхал Анемпадыстаў.

 «Апроч «Крамбамбулі» яшчэ быў шэраг прадуктаў, дзе выкарыстоўваліся беларускія культурныя коды. Яны спачатку выпускалі гарэлку «Генэрал», а пасьля зрабілі рэбрэндынг і сталі выпускаць яе пад назвай «Генэрал Касьцюшка». Да апошняга часу яшчэ можна было знайсьці гэтую гарэлку, — распавядае Анемпадыстаў. — І «Крамбамбулю» спачатку выпускалі двух гатункаў: «Клясычную» і «Дамскую», здаецца. А пазьней яны распрацавалі цэлы шэраг арыгінальных рэцэптаў. То бок апроч таго, што яны проста звычайную гарэлку рабілі, рабілі яшчэ і арыгінальныя каляровыя, што, у прынцыпе, для беларускай культуры традыцыйна».

Анемпадыстаў зазначае, што экспэрымэнты з гарэлкавымі рэцэптамі — гэта ўжо са сфэры культуры спажываньня алькаголю.

«Каляровыя гарэлкі і робяцца нацыянальным прадуктам, візытоўкай краіны. Як «Егермайстар» у немцаў. І гэта ня вельмі старыя рэцэпты, а звычайна распрацаваныя пасьля вайны, — кажа Анемпадыстаў. — А «БелПІ» сапраўды зрабілі тэхналягічны прарыў. Каляровых гарэлак ня так шмат. Згадайце, што яшчэ ў Савецкім Саюзе была створаная «Белавеская», і яна дагэтуль пратрымалася».

Анемпадыстаў дадае, што «Крамбабуля» мела ўсе шанцы набыць статус нацыянальнага прадукту. Да таго ж назва яе падтрымлівалася шэрагам культурніцкіх праектаў.

Гісторыя «Крамбабулі», гарэлкі зь мёдам і спэцыямі, пачынаецца яшчэ ў шаснаццатым стагодзьдзі. Дзякуючы намаганьням энтузіястаў і папулярнасьці музычнага праекту «Крамбамбуля», напой у дваццаць першым стагодзьдзі набыў у Беларусі статус легендарнага.

Ці стане беларускім нацыянальным прадуктам італьянская «Крамбамбуля» і ці агулам вернецца гэты напой у Беларусь, застаецца толькі чакаць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?