Папуляцыі сланоў у асобных рэгіёнах Афрыкі — пад пагрозай поўнага знікнення, што тлумачыцца ростам попыту на слановую косць ў Кітаі і Тайландзе.

Злачынныя групоўкі і паўстанцкія ўзброеныя фармаванні забіваюць сланоў з-за біўняў, кошт якіх складае тысячы долараў за кілаграм, сказана ў дакладзе генеральнага сакратара CITES Джона Скэнлана.

CITES — Канвенцыя аб міжнародным гандлі відамі дзікай фауны і флоры, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення, была прынятая ў 1975 годзе і на сёння ратыфікаваная 180-ю краінамі.

Іншыя жахлівыя фоты браканьерства ў Афрыцы тут.

У 2011 годзе браканьерства сланоў было на піку — тады было зьнішчана 25 тыс. жывёл. 2013 стаў трэцім запар, калі было забіта больш за 20 тыс. сланоў.

На афрыканскім жа кантыненце паводле ацэнак спецыялістаў, засталося каля 500 тыс. сланоў.

У 2013 годзе пачасціліся выпадкі арышту буйных грузаў — ад 500 і больш кілаграмаў слановай косці. Па дадзеных CITES, летась былі канфіскаваныя рэкордныя 40 тыс. кг слановай косці, а за 5 месяцаў гэтага года — ужо 55 тыс. кг.

Адзначаецца паляпшэнне працы адпаведных уладаў Уганды і Танзаніі, бо менавіта ў гэтых дзвюх краінах арыштоўваецца каля 80% буйных грузаў слановай косткі ў Афрыцы.

«Для паспяховай барацьбы з браканьерствам мы павінны ўжываць тыя ж тактыкі, што і ў барацьбе з наркагандлем, гандлем людзьмі і незаконным гандлем зброяй», — падкрэсліў кіраўнік CITES.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?