У нядзелю, 15 чэрвеня, ва Украіне аб'яўлены дзень жалобы па ваенных і памежніках, якія загінулі сёння ў час правядзення Антытэрарыстычнай аперацыі.

Такое рашэнне прыняў прэзідэнт Пётр Парашэнка.

Ён выказаў глыбокія спачуванні сем'ям загінулых.

«У нядзелю я абвяшчаю дзень жалобы па нашых вайскоўцах. Гэта вялікая страта не толькі для сем'яў загінулых, але і для цэлай краіны. Усе, хто мае дачыненне да цынічнага, тэрарыстычнага акту такога маштабу, абавязкова будуць пакараныя. Украіне патрэбны мір. Аднак тэрарысты атрымаюць адэкватны адказ», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Пётр Парашэнка даручыў склікаць пасяджэнне Савета нацыянальнай бяспекі і абароны, а таксама даручыў Кабінету міністраў аказаць дапамогу сем'ям загінулых.

Сёння, 14 чэрвеня, каля 1.10 падчас заходу на пасадку ў аэрапорце Луганска стрэлам з зенітнага ракетнага комплексу баевікі збілі ваенна-транспартны самалёт Узброеных сіл Украіны Іл-76. На борце самалёта, акрамя 9 членаў экіпажа, знаходзіліся 40 вайскоўцаў. Усе яны загінулі. Пракуратура адкрыла крымінальную справу па артыкуле «тэракт».

Сёння ж у Марыупалі ў выніку абстрэлу калоны транспарту трое памежнікаў загінулі і чацвёра атрымалі раненні. Калона трапіла пад абстрэл з аўтаматаў і гранатамёта на ўскраіне горада, паблізу завода «Азоўсталь».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0