14.11.2007 / 17:53

Расейская стрэльба на нашай сьцяне 5

Маскоўскія мэдыі ўжо трубяць: абвешчаныя пастаўкі ў Беларусь ракет "Іскандэр" — наш адказ Амэрыцы і НАТО. Піша ў сваім блогу Аляксандар Класкоўскі.

Маскоўскія мэдыі ўжо трубяць: абвешчаныя пастаўкі ў Беларусь ракет "Іскандэр" — наш адказ Амэрыцы і НАТО. Менавіта так разглядаюць пытаньне расейскія генэралы. Праўда, Менск пакуль што маўчыць.

Фота Леаніда Якуціна

Тут трэба падкрэсльліць нюанс: пасьля продажу гэтыя ракеты будуць ужо не расейскімі, а нашымі. Іх атрымае на ўзбраеньне войска сувэрэннай дзяржавы. Масква ня можа камандаваць нашымі дывізіёнамі. І пытаньне ў тым, ці скарыстае Крэмль іншыя вагары ўплыву, каб уцягнуць Беларусь у свае вайсковыя гульні. А таксама — ці захоча падгульваць Менск.

Расея мякка сьцеле: згадала нават пра дамову аб ільготных цэнах на ўсё гэтае грымучае жалезьзе ў межах АДКБ. Карацей, скідае нам "Іскандэры", лічы, па сабекошце :)

Разам з тым, для беларускага войска гэта плянавае пераўзбраеньне. "Іскандэрамі" замест састарэлых "Кропак" мяркуецца пераўзброіць (прычым ня заўтра, а цягам некалькіх гадоў) брыгаду пад Асіповічамі. Адтуль ракета з радыюсам дзеяньня 280 км ні да Польшчы, ні тым болей да Чэхіі, дзе паставяць элемэнты супрацьракетнай абароны ЗША, зразумела ж, не даляціць. Іншая рэч, што гэта зброя на колах (менскіх цягачах, дарэчы). За адну ноч можна дапілаваць да Берасьця, калі што...

Вось у гэтым "калі што" і загваздка. Расейскі генэрал Зарыцкі сёньня мусіў патлумачыць журналістам, што выкарыстаць гэтыя ракеты дзеля "асымэтрычнага адказу" амэрыканцам можна толькі "пры адпаведных умовах і адпаведнай пазыцыі Беларусі".

Карацей, гэтыя "Іскандэры" — як ружжо на сьцяне. Далейшае вырашаюць не генэралы, а палітыкі. І канкрэтных палітычных заяў ад нашага дзяржаўнага кіраўніцтва мы пакуль што ня чуем. Хаця раней столькі разоў рабіліся празрыстыя намёкі, што мы тут, канешне ж, падставім плячо, як жа бяз нас, і ўсё такое... Можа, пытаньне "асымэтрычнага адказу" стане адной з пазыцый вялікага гандлю на меркаванай сустрэчы Пуціна з Лукашэнкам у сьнежні?

Беларускае кіраўніцтва ў абцугах. Падгуляць Расеі? Тады могуць, канешне, быць нейкія эканамічныя зьніжкі (ужо, бач, як да "Іскандэраў" дайшло, дык і пра сяброўскія цэны Масква згадала!). Але ж уцягваньне ў "асымэтрычны адказ" азначае адначасна далейшае пагаршэньне стасункаў з Захадам.

А тут Штаты і так ужо зрабілі сур'ёзны званочак санкцыямі супраць "Белнафтахіму".

Ой, ёсьць ад чаго балець галаве ў беларускага кіраўніцтва!

Аляксандар КЛАСКОЎСКІ.

0
Maryman / Адказаць
14.11.2007 / 18:01
I kudy jany z Puchavičau dastrelać?
0
Bieras`ciejskija czyhunacznyja partyzany / Адказаць
14.11.2007 / 18:06
Davajcie, ciahnicie svaje "Iskandery", z radas`ciu sustreniem
0
Ігар / Адказаць
14.11.2007 / 18:26
Сп-р Класкоўскі, А як Вы ставіцеся да камунізму? Адрэагуйце ў сваім блогу, не хавайцеся ў карчы! :-)
Паказаць усе каментары/ 5 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру