Адам Мальдзіс

Беларусь і беларусы ў прасторы і часе. / Зборнік да 75‑годдзя прафесара Адама Мальдзіса. Пад рэдакцыяй Сяргея Запрудскага, Аляксандра Фядуты, Захара Шыбекі. Мінск: Лімарыус, 2007. - 442 с.

«Выдавецкі даробак МАБ, да памнажэньня якога так удала спрычыніўся Юбіляр, пакуль не мае кніг, выдадзеных у гонар жывых і актыўна працуючых, дзейных аўтараў. Пераважаў — і па зразумелых прычынах будзе пераважаць далей — своеасаблівы «мемарыяльны» ўхіл: працы, выдадзеныя да юбілеяў Скарыны і Міцкевіча, Пушкіна і Караткевіча, Сыракомлі і Гедройца. Мы неяк прывыклі думаць, што вялікія — гэта неадменна тыя, кагго з намі няма…», ‑‑ напісаў у прадмове старшыня Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў Сяргей Запрудзкі.

Вялікафарматны зборнік, які зьмяшчае артыкулы, напісаныя з нагоды юбілею прафэсара Мальдзіса, бібліяграфічныя матэрыялы і навуковыя дасьледаваньні, сярод іншага мае на мэце паказаць, што тытаны — гэта не абавязкова тыя, хто ўжо пакінуў сьвет. Чытач ацэніць разнафарбнасьць навуковай, мэтадалягічнай і публіцыстычнай палітры прапанаваных у гэтым зборніку артыкулаў, зазначаецца ў анатацыі да кнігі.

Зборнік падзелены на пяць сэнсавых частак: «Maldzisiana», «Старажытная Беларусь», «Беларусы ў ХІХ ст.», «Беларусь у ХХ‑ХХІ стст.», «Diaspora». Артыкулы надрукаваныя ў беларускай, расейскай, польскай, літоўскай, ангельскай, нямецкай мовах.

Сярод аўтараў: Анатоль Грыцкевіч і Уладзімер Конан, Вітаўт Кіпель і Альма Лапінскене, Іван Саверчанка і Андраш Золтан, Захар Шыбека і Альжбета Смулкова, Янка Запруднік і Сяргей Харэўскі, Арнольд МакМілін і Рышард Радзік, Алена Глагоўская і Вячаслаў Чамярыцкі — усяго пад 50 аўтараў.

Пры канцы лістапада ў «Беларускім кнігазборы» павінны выйсьці «Выбраныя творы» А. Мальдзіса — і прэзэнтацыя абедзьвюх кніг пройдзе разам. Пра час і месца будзе паведамлена дадаткова.

Кнігу ж «Беларусь і беларусы ў прасторы і часе» можна набыць у Акадэмкнізе.

Ул. інф.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0