На снежаньскай сесіі Мінскага гарадскога савета дэпутатаў будзе паўторна разгледжана пытанне аб прысваенні вуліцам імёнаў заснавальніка Чырвонага касцёла Эдварда Вайніловіча, народнага пісьменніка Беларусі Янкі Брыля і канцлера Вялікага княства Літоўскага Льва Сапегі.

Пра гэта ў інтэрв’ю БелаПАН паведаміла сакратар камісіі па найменаваннях, перанайменаваннях плошчаў, вуліц, праспектаў і іншых складальных частак Мінска ўпраўлення культуры гарвыканкама Наталля Старыкава.

Паводле яе слоў, у Міністэрстве юстыцыі не прайшло прававую экспертызу рашэнне V сесіі Мінгарсавета ад 26 верасня аб перанайменаванні вуліцы Станіслава Берсана ў вуліцу Э.Вайніловіча і прысваенні вуліцам, якія праектуюцца, імёнаў Я.Брыля і Л.Сапегі. «Вось чаму гэтае рашэнне не будзе зарэгістравана ў Нацыянальным рэестры нарматыўна‑прававых актаў Рэспублікі Беларусь», — сказала Н.Старыкава і адмовілася даваць далейшыя тлумачэнні.

У Мінюсце БелаПАН паведамілі, што юрыдычнае заключэнне па гэтым пытанні накіравана ва ўпраўленне культуры Мінгарвыканкама.

У інтэрв’ю БелаПАН праваабаронца Гары Паганяйла зазначыў, што рашэнні Мінгарсавета па найменаваннях і перанайменаннях сталічных тапонімаў адносяцца да нарматыўна‑прававых актаў, якія павінны праходзіць адпаведную прававую экспертызу ў Міністэрстве юстыцыі. «Пры станоўчым юрыдычным заключэнні рашэнне Мінгарсавета ўключаецца ў Нацыянальны рэестр нарматыўна‑прававых актаў, а пры адмоўным — вяртаецца ў Мінгарсавет і не мае ніякай юрыдычнай сілы», — сказал Г.Паганяйла.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0