Уладзімір Канаплёў прыйшоў першым. У касцюме. Ён зрабіў тэлефонны званок. «У нас сёння апошні дзень. Будзьце гатовы да ажыятажу», — папярэджваў кагосьці пра журналістаў, што чакалі ў судзе. Былы намеснік генпракурора Архіпаў прыйшоў з падрыхтаваным пакетам: выглядае, што чакаў суровага пакарання.

— Як прайшоў суд? — спыталіся журналісты ў Канаплёва перад пачаткам пасяджэння.

Уладзімір Канаплёў: Усё было бездакорна.

— Вы сябе прызналі вінаватым?

УК: Канечне.

— Якога чакаеце пакарання?

УК: Якое суд вынесе, такое і будзе. Вы ўявіце, сядзець на лаве падсудных, калі зборная выйграе. Прыемна, так? — сказаў Канаплёў пра перамогу мужчынскай гандбольнай зборнай Беларусі на выхадных.

— Вы можаце сказаць, што гэта Ваша заслуга?

УК: Гэта супольная заслуга, у тым ліку і мая. Вы мне задаяце пытанні… Адразу бачна, што вы ад спорту далёкія. Хто ў спорце разбіраецца, такія пытанні не задае: і так ведаюць, ху іс ху», — у Канаплёва, дарэчы, «першы разрад па гандболе».

«Без каментароў», — Архіпаў адмовіўся пра нешта гаварыць.

Абодвух прызналі вінаватымі.

«Архіпава ў наўмысным, насуперак інтарэсам службы, здзяйсненні службовай асобай, з карыслівай альбо іншай асабістай зацікаўленасці дзеянняў з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў, што пацягнула нанясенне значнай шкоды дзяржаўным інтарэсам, здзейсненае службовай асобай, што займае адказнае становішча». А таксама ў атрыманні хабару.

Архіпава прыгаварылі да 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці, з пазбаўленнем права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых абавязкаў, на 5 гадоў. Таксама пазбавілі звання дзяржаўнага саветніка юстыцыі 3 класа. У яго канфіскуюць «Шкоду» 2010 года выпуску, а таксама маёмасць, указаную ў пратаколе вопісу ад 20 студзеня 2014 (падрабязна не зачытвалася). Залаты злітак, які перадалі Архіпаву ў якасці хабару, таксама канфіскуюць. Ён, між іншым, важыць 20 грам.

«Канаплёва — у неданясенні пра дакладна вядомае здзейсненае асабліва цяжкае злачынства і дакладна вядомую асобу, якая здзейсніла злачынства».

Аштрафавалі яго на 900 базавых велічынь — 135 мільёнаў рублёў. Выплаціць такую суму ён мусіць цягам месяца. У выпадку нясплаты яго могуць прыцягнуць да крымінальнай адказнасці. «А расцягнуць на некалькі месяцаў нельга?» — запытаўся Канаплёў у суддзі. «Гэта пытанні ў парадку выканання. Не цяпер».

Архіпава адразу ж узялі пад варту. Пакуль ён будзе ўтрымлівацца ў СІЗА №1 Мінска.

Канаплёў выйшаў з залы ў суправаджэнні адваката. Ад каментароў адмовіўся. Канаплёў утрымліваўся пад падпіскай аб нявыездзе і належных паводзінах.

На судзе высветлілася, што Архіпаў арыштоўваўся яшчэ летась: прабыў у ізалятары з 12 па 29 лістапада 2013. Канаплёў таксама быў пад вартай — з 18 па 26 лістапада. Экс-спікер парламента, між іншым, цяпер з’яўляецца індывідуальным прадпрымальнікам.

Гэтая справа максімальна замоўчвалася ад пачатку. Фігураваў жа ў ёй чалавек, які сам павінен быў сачыць за законнасцю — намеснік генеральнага пракурора Аляксандр Архіпаў. Спачатку пра яе паведаміў Лукашэнка ў лістападзе 2013. «Дружкі там яго ўцягнулі ў гэтую аферу, чалавека забілі, п'яны кіроўца. Няважна, якія ў іх там былі адносіны, але чалавек загінуў. Уявіце, як рэагуе на гэта сям'я. З дапамогай улады гэтую справу замялі. Дзе справядлівасць? Таму пракантралюйце, якія робяцца захады».

Архіпава звольнілі, пачалося расследаванне. Справу завялі за злоўжыванне ўладай альбо службовымі паўнамоцтвамі. Праўда, Генпракуратура не спяшалася расказваць пра акалічнасці. І толькі ў красавіку Лукашэнка расказаў некаторыя падрабязнасці. За паслугі чыноўніку перадалі злітак золата і бутэльку каньяку.

Суд праходзіў у закрытым рэжыме. Да абвінавачання Архіпаву дадаўся яшчэ і атрыманне хабару. Праўда, высветлілася, што па гэтай справе праходзіць яшчэ і былы спікер парламента, а цяпер страршыня федэрацыі гандбола Уладзімір Канаплёў. Яго судзілі за неданясенне аб злачынстве. Абодва не знаходзіліся пад вартай.

Журналістам дазволілі прысутнічаць на вынясенні прысуду.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?