Дрыс Мертэнс прынёс Бельгіі перамогу.
Бельгія – адно з галоўных спадзяванняў сёлетняга чэмпіянату свету. У бельгійцаў вырасла добрае пакаленне футбалістаў, якія гуляюць у найлепшых камандах свету. Аднак у першай гульні Мундыялю бельгійцы сутыкнуліся з ярасным супраціўленнем алжырцаў.
Увогуле першы тайм «лісы пустыні» перайгралі бельгійцаў. Яны хоць і дзейнічалі на контратаках, але джалілі вельмі балюча. У адной з атак алжырцы нават заслужылі пенальці. І іх лідар Сафіян Фегулі з іспанскай «Валенсіі» адкрыў лік.
У другім тайме алжырцы працягвалі гераічна абараняцца, не забываючыся часам і на атаку. Але сілаў не хапіла. У «Чырвоных д’яблаў» сыгралі замены.
Спачатку пышнавалосы Маруан Фелайні з «МЮ» (двойчы чырвоны д’ябл) галавой зраўняў лік. А пасля Дрыс Мертэнс прынёс сваёй зборнай перамогу – 2:1. Абодва гэтыя гульцы выйшлі на замену.
Сёння а 1 ночы ў гэтай групе таксама згуляюць Паўднёвая Карэя і Расія. Перад гэтым яшчэ адбудзецца гульня Бразілія – Мексіка.