Жыхарам Заказанкі было б цяжка патлумачыць, што такое магія.

Заказанка – зусім невялічкая лясная вёска, дзе я нарадзілася і расла. На поўдні ад Брэста. Каля старой чыгункі і старой шашы. Паміж вялікімі вёскамі Прылукі і Страдзічы.

Калі дабірацца да яе шашой ад Брэста, то кіламетраў 15 будзе, а калі якім дырыжаблем па паветры, ці, як у маладых гадах хадзіла пехам мая бабуля — «напрошчкі», — то і бліжэй. Да слова, шаша па-нашаму называецца «шос», і мае беларускія сябры моцна вяселяцца ад гэтага, як і ад нашага воклічу «ондэ го!» (вунь дзе), які нагадвае ім «Хэндэ хох!», але цяпер не аб гэтым.

Цяпер пра магію.

Я не ведаю месца, больш поўнага магіяй. Хіба, можа, уровень стаіць Маконда. Але калі Маркес дакладна ведаў, што адзіноце і магіі Маконда — сто гадоў, то калі дакладна з’явілася на свет Заказанка, не ведае ніхто.

У сялянскай супольнасці, дзе не існуе звычкі нешта запісваць, гісторыя хутка забываецца, і шлейф гістарычных падзей імкліва губляецца ў імгле нікім не лічаных гадоў. Ходзяць толькі цьмяныя чуткі… што вось калісьці… ну вось калісьці-калісьці… тады Прылукі належалі брэсцкім езуітам… а Страдзічы… а Страдзічы, здаецца, былі ў казне… дык вось кароль… ну не ведаю, які кароль, можа, Сас… а можа, Казімір… якісь быў тады кароль… ён выбраў вялікі кавалак зямлі на беразе Буга і заказаў там паляваць і рыбу лавіць… Ну як гэта ты не ведаеш, што значыць «заказаў»? Забараніў, значыць. І пасяліў там нейкіх Карніла і Кузьму. Нібыта былі яны братамі… І яны, Карніла і Кузьма, мусілі там наглядаць, каб ніхто заказу не парушаў. Так, нібыта, і з’явілася Заказанка — тады яна менавалася Заказань. Адно такія цьмяныя абрыўкі расказаў даводзілася мне чуць, калі прыступала да старых з просьбай расказаць, адкуль ёсць пайшла наша вёска.

Нешта такое, відаць, і мела месца насамрэч. Карнялюк і Кузаўка – толькі гэтыя два прозвішчы заўсёды былі ў нашай вёсцы. Ці, больш дакладна, Корнэлюк і Кузавко.

Вось тут стаяла старая Заказанка. На Гугл-мап гэта
51°58’58.13″ (North)
23°40’40.98″ (East)

Магія заўсёды вырастае з гісторыі, а гісторыя — з магіі.

Такім чынам, пойдзем далей. Для гэтага вернемся назад.

Заказань стаяла сабе на беразе Буга, «потыхэньку» разрасталася. Мела ў ваколіцах рэпутацыю багатай вёскі, бо калі «заказ» караля сталі такі парушаць – ці мо скасаваў яго кароль? – то заказанцы нямерана лавілі рыбы ў Бугу, мелі вялікія сады, што было рэдкасцю тады, і ўрадлівыя землі ў абалоні Буга. Спецыялізаваліся таксама на перавозцы у «крыпах», г.зн.чаўнах, людзей цераз Буг. У суседніх Прылуках такіх садоў не было. Затое там жыла нейкая Феадора з сынамі, якая ў годзе господнем 1631 падаравала ўніяцкай царкве ў Кастамалотах (гэта вёска на процілеглым беразе Буга) цудоўную ікону св. Мікіты. Надпіс на іконе – першае ўпамінанне аб Прылуках. І хаця суседняя Заказанка там не згадваецца, можна дапусціць, што менавіта яе лодачнікі перапраўлялі ў Кастамалоты Феадору з іконай…

Так і жылі. Стагоддзямі. Сеючы і жнучы. З малітвамі. І магіі было месца ў гэтым жыцці — але аб гэтым яшчэ трохі потым.

Пойдзем далей, а для гэтага зноў вернемся назад.

Не толькі польскі кароль адзначыўся сваім каралеўскім падарункам у гісторыі нашай вёскі. Два падарункі ад рускіх правіцеляў засталіся ў гісторыі Заказанкі і, несумнеўна, мелі ўплыў на мясцовую магію. Не каралеўскія, канечне, падарункі, але напэўна ад усяго рускага сэрца.

Першы падарунак ад рускіх мы атрымалі ў 1915 годзе, падчас Першай сусветнай вайны. Бежанства. Ведаеце, што гэта такое? Рускія вырашылі, што ўсіх мясцовых жыхароў трэба сагнаць са сваіх месцаў, каб пакінуць немцам, якія наступалі, пустую зямлю.

Казакі з нагайкамі прыязджалі ў вёскі і ўсіх выганялі. Заказанцы і прылучане скарыліся і пацягнуліся ў бежанства, углыб Расіі. А вось жыхары вёскі Страдзічы сабраліся і пастанавілі: ні ў якае бежанства не ісці, а калі казакі будуць выганяць — абараняцца.

І што ж аказалася? У выніку ПАЛОВА жыхароў Заказанкі і Прылук у тым бежанстве загінула. А Страдчэ, што не пабаялася рускіх нагаек, разраслося. Калі меркаваць па старых інвентарах, то Прылукі раней былі удвая большыя, чым Страдчэ, а пасля бежанства ўсё зрабілася наадварот – Страдчэ стала ўдвая большае за Прылукі.

Бабуля мая, Пелагея, родам з Прылук, нарадзілася ў бежанстве, у горадзе Батайску пад Растовам-на-Доне. А дзед мой, Антон (Гантон па-тутэйшаму), родам з Заказанкі, у дзяцінстве сваім, пасля вяртання з бежанства, пух з голаду, і выратаваўся адно тым, што печаркі еў. І гэта ў багатай на працягу стагоддзяў вёсцы. Хаця што там ад таго багацця засталося пасля вяртання з бежанцаў? Палеткі зараслі маладой сасной, грошы прапалі, хаты разрабаваныя… Ці была магія прычэпная да таго, што заказанцы выжылі? Цалкам магчыма: дасюль успамінаюць, што ў той год, як вярталіся з бежанства, стаяла магічна, анамальна цёплая зіма, у лютым авёс сеялі, і печаркі ў траўні ўжо з’явіліся… Сталі неяк абжывацца і жыць далей. У Бугу самы не прапалі, даваліся лавіць…

А тут пачалася карусель змен улады. Думалі заказанцы, што «мынэцця лыхо, мынэцця горэ, як дэв'ятнаццятка поборэ». Гэта быў запамінальны выбарчы лозунг «дэвятнаццяткі» – украінскай партыі Сельроб, што перамагла на выбарах у польскі сойм на Берасцейшчыне. А гора не мінулася. Але заказанцы не гублялі гумару і рэагавалі на падзеі так: 

І шумыть, і гудэ, дрібный дошчык ідэ.
Катэрына сіла ср*ты, а Пілсудскій ідэ!

Або так:

Былы, былы паны нас,
Не давалы жызні,
А мы плакалы, й нэ раз,
По своій Вітчызні.

Сталін двэры нам одкрыв,
Нашому народу,
Діткам школы одчыныв,
А старым — свободу.

Падарыўшы «свабоду», Сталін зрабіў для заказанцаў і другі рускі падарунак.

У 1939, вызваліўшы нас ад столь многого, Савецкі Саюз правёў сваю мяжу па Бугу. Заказанка трапляла якраз на мяжу, і рускія яе адсялілі. Прыехалі чырвонаармейцы з вінтоўкамі і выгналі ўсіх. Але тут ізноў адбыліся змены:

Ой ты, Семёновна, ты баба хітрая,
Любіла Сталіна, а после Гітлера!

З пачаткам другой вайны людзі вярнуліся да сваіх хат. Але ў 1944-м, калі саветы прагналі немцаў, заказанцаў зноў выгналі, а хаты іх для надзейнасці расцягнулі. Старая Заказань знікла.

Карнелюкі і Кузаўкі расцерушыліся па свеце. Некаторыя з іх (20 сем’яў) вырашылі далёка не ад’язджаць – а раптам зноў удасца вярнуцца? – і аселі на Пясчаных Горах, у сухім сасновым боры каля самай новай мяжы.

Тут было тры хутары, і бежанцы спыталі ў іх гаспадароў — Квачка, Дэныса, Дмытра, — ці могуць яны асесці побач, і, атрымаўшы дазвол, пабудавалі хаты, насадзілі сады на белым пяску і сталі жыць.

Так Заказанка пераехала.

Тут яна стаіць і цяпер, а вось і дом, дзе я нарадзілася.

in Google Earth
51°58’5.49″С (North)
23°40’57.87″ (East)

Адсюль і я стала назіраць за заказанскай магіяй.

Магія ветрам вее над белымі заказанскімі пяскамі, кіпіць пад вечкамі каструляў, якія нешматлікія заказанскія гаспадыні штодня ставяць на агонь і лёгкай, ледзь чутнай мелодыяй адчуваецца ў шуме соснаў, якія мы тут называем бар’якЫ. Хто хоць раз пачуе гэтую мелодыю, той ужо яе не забудзе; каму ігліца са спяваючай сасны трапіць на галаву і заблытаецца ў валасах – тая ўжо і робіцца ведзьмай.

Бывае двух родаў заказанская магія: магія і Магія.

Калі Масей у 39-м годзе сустрэў на пераездзе Смерць і яна яму загадала расказаць іншым, што будзе вялікая вайна і што яна, Смерць, будзе цяпер касіць маладых, а старых чапаць не будзе – гэта была магія.

Калі Чырвоны Васыль ледзьве збег ад русалкі, якая высмыкнула з жыта і хацела яго зацягнуць у поле, – магія.

І калі бабуля лячыла нам катар, падпальваючы хвост ката і даючы нюхаць. Ці калі падпальвала валасы нам накрыж грамнічнай свечкай, каб не баяліся грому.

І залом на полі ў Мамалатыхі.

І лячэнне сурокаў трыма сплёўваннямі.

І Жалезная Баба з калодзежа.

А красналюдыкі? Іх сустрэў Гантон у лесе, і іх так развесяліла, што Гантон умее і хухаць, і дзьмухаць — красналюдыкі так не ўмеюць. Хто ж будзе сумнявацца, красналюдыкі — магічныя.

А тое страшнае «цела без душы», сустрэць якое было найвялікшым жахам? А калі фосфар на трэцюю ноч выходзіць са свежай магілы?

А Чорная кніга Саўчыхі? А калі Саўка, каб вылечыцца ад хваробы, пералазіў цераз мяжу Карпа, і хвароба ягоная таксама пералезла на Карпа?

А Магічная Кветка, якую я асабіста бачыла на бураковым полі, на рэчышчы старой, загіблай ужо ракі, калі мне было сем гадоў? Яна расцвіла пры мне — неверагоднай прыгажосці кветка, нічога падобнага ў свеце больш не існуе — белая Кветка, якая прамянела сярод бурачыння. Яна нагадвала нейкую неймаверна пышную хрызантэму, спалахнула праменнем, перш чым я паспела паклікаць «бабів», што чысцілі купу буракоў непадалёк, – і завяла?

Так, гэта магія, і гэта проста частка жыцця Заказанкі.

А цяпер час расказаць пра Магію.

Вырасшы ў лесе, я разумею, што богам можа быць сасна, або пясок, або рэчышча старой ракі, або Магічная Кветка…

І як няўдала выглядаюць на гэтым фоне людзі — будзь то каралі, цары, Пілсудскі, Машэраў або Лукашэнка.

Я набліжаюся да таго моманту, калі я сутыкнулася з Магіяй.

Для гэтага трэба расказаць яшчэ пра тое, як жылі заказанцы на маёй памяці.

Я нарадзілася ў 1966-м годзе. Час майго сталення, ці, як сказалі б цяпер, сацыялізацыі, прыпаў на гады махровага брэжнеўскага застою.

Вось уявіце дзяўчынку, якая стаіць на парозе хаты ў лесе. Вырасці ў лесе — гэта Божае благаславенне. Тут, у заказанскім лесе, кожная раніца — як брыльянт настолькі вялікі і чысты, што перад ім трымцяць рукі. Тут, у заказанскім лесе, кожнае сутонне — як суцішэнне.

Дзяўчынка глядзіць у свет. Тыя, каго яна ведае, каго яна любіць ад нараджэння — мама, бабуля, дзед, суседзі — Вера, Чырвоны Васыль, дзед Масейка, дзед Саўка і Саўчыха, Карпыха, Мыхаль, Гандзюк, Бадзыль, Парагваец, Гарбацючка — жывуць тут, побач, і гавораць на адной мове: ходытыробытыбатькоматыон дэ го (што значыць «вось там вось»), шос і колій (шаша і чыгунка), ліпш кланятыся свойій дупі, чым чужій голові

Настаўнікі ў школе (часта жонкі ваенных з «Южнага» ваеннага гарадка), дактары ў паліклініцы (яны ж), улады ў Брэсце (бацькі ваенных з «Южнага» ваеннага гарадка), ваенныя ў Южным ваенным гарадку «говорят по-русски».

У Прылуках гавораць, як і мы ў Заказанцы, толькі «екаюць»: «жеба ножем еблык ріже» -– перадражніваем мы іх.

Па радыёкропцы гавораць па-беларуску.

А тата са мной гаворыць па-руску, спецыяльна каб я магла вучыцца ў школе, бо школы толькі рускія…

Ну і яшчэ трэба адзначыць. Заказанка стаіць на сутыку межаў: Беларусі, Польшчы, Украіны. Але ніякай інфармацыі адтуль не ідзе. Межы на замку.

Што да гісторыі, якую мы вывучаем, то яна зводзіцца да вывучэння абароны Брэсцкай крэпасці гераічнымі савецкімі салдатамі. Мы ведаем гэтую абарону па гадзінах і стаім у ганаровай варце каля вечнага агню… І аднойчы стаю я ў гэтай варце з паднятай у салюце рукой, мяне фатаграфуе чарговая замежная дэлегацыя, і я задумваюся: ну добра, крэпасць гераічна абаранялі савецкія салдаты. Але ж яны сюды прыехалі ў 1939 годзе. А што ў гэты час рабілі мае дзядулі, бабулі? Дзед Масей? Саўка? Мыхаль?

Адказу не было. І яшчэ доўга не будзе.

Навука Гісторыя не любіць сялянскіх дзяцей.

Але.

Тут мой малодшы дзесяцігадовы брат паехаў са сваім шахматным гуртком ў Львоў на спаборніцтвы і выйграў іх. І ў якасці прыза прывёз у Заказанку кнігу Тараса Рыгоравіча Шаўчэнкі «Кабзар».

І тут я першы раз сутыкнулася з МАГІЯЙ.

У мяне вельмі дрэнная памяць, але я памятаю той дзень у драбніцах.

Было гэта восенню. Халодны, але сонечны дзень. Шумяць сосны на двары пад халодным ветрам. Я тулялася па хаце, не ведаючы, чым заняцца. І вось ад няма чаго рабіць разгарнула прывезенага братам «Кабзара». Стала чытаць — з цяжкасцю разбіраючы ўкраінскую арфаграфію, не ведаючы, як чытаць усе гэтыя Є, Ї, И, І… І марудна, з цяжкасцю разабрала:

Минають дні, минають ночі,
Минає літо. Шелестить
Пожовкле листя, гаснуть очі,
Заснули думи, серце спить,
І все заснуло, і не знаю,
Чи я живу, чи доживаю,
Чи так по світу волочусь,
Бо вже не плачу й не сміюсь…

І гэта:

Кохайтеся, чорнобриві,
Та не з москалями,
Бо москалі — чужі люде,
Роблять лихо з вами.

І гэта, пра імперыю:

Од молдаванина до фінна
На всіх язиках все мовчить,
Бо благоденствує!..

І тут мяне нехта нібы штурхнуў у спіну. І тут я зразумела: Божа ж мой мілы, гэтыя геніяльныя, дасканалыя радкі напісаныя на МАЁЙ мове! На той мове, якой гавораць заказанцы, якой гавару я! Значыць, наша мова — УКРАІНСКАЯ!

І вось тут, у гэты момант, я адчула прысутнасць вышэйшай, магічнай сілы. Магічная сіла зямлі была тут. І гэты штуршок у спіну надаў мне паскарэння на ўсё жыццё. Менавіта дзякуючы гэтаму штуршку я стала беларускай пісьменніцай і беларускай патрыёткай. Каб не гэта, каб не ўсвядоміла тады сваю ўкраінскасць, цяпер бы галасіла пра вялікую рускую культуру, бэндэраўцаў-фашыстаў і што беларуская культура ўбогая і ўвогуле яе няма…

Рускія ведалі, што рабілі, калі валадарылі тут.

«Что не сделал русский штык, сделает русский поп, русский чиновник, русская школа».

Але на іх шляху стаў Шаўчэнка.

Я прайшла гэты шлях і ведаю, што гавару: мае беларускія сябры, хочаце, каб Берасцейшчына была беларускай? Улічвайце яе ўкраінскасць, звяртайцеся да яе.

Але гэта ўжо не зусім пра заказанскую магію. Вернемся да яе, для чаго пойдзем наперад.

Дык пра магію Заказанкі.

Як бачыце, яе гісторыя выразна дзеліцца на некалькі перыядаў.

Цьмяны — ад заснавання да 1915 года, бежанства, пры Польшчы, вайна, саветы.

А цяпер разгледзім новы перыяд — у складзе лукашэнкаўскай Беларусі.

Як у гэты час праявіла сябе магія і Магія Заказанкі? Чым цяпер займаюцца заказанскія ведзьмы і ведзьмакі, ці зацвітае цяпер чароўная кветка, ці гучыць мова Шаўчэнкі?

…Напрыканцы Савецкага Саюза вакол Заказанкі тагачасныя ўлады сталі рабіць «дачы». (Ідыятычны феномен дач яшчэ патрабуе свайго асэнсавання.) І нарасло іх да халеры, як кладак каларадскіх жукоў на карчы картоплі. «Затопчуць нашу Заказанку», — прарочыла тады бабуля.

А не затапталі.

Сышлі ў нябыт, і толькі пустыя закінутыя дамы засталіся, і свішча вятрыска на станцыі дызеля, дзе дызель цяпер ужо ходзіць…

…Потым невядомы фермер нейкім чынам атрымаў зямлю ў Заказанцы ля Плэса. Помніцца, тады некаторыя суседзі былі настолькі абураныя, што збіраліся паліць яго пабудовы, калі яны з’явяцца. Не з’явіліся. Страшна захварэў той фермер і так нічога і не змог пабудаваць…

…У мінулым годзе Заказанку страсянулі новыя катаклізмы. Старшыня сельскага савета — гісторыя не захавала ягонага імя, дый ці магло быць іначай, калі нават імёны каралёў не захаваліся — дык вось, старшыня сельскага савета, пра якога вядома толькі, што родам ён з агурковых прадпрымальных Альшан, жыў у Страдзічах, доўга прыглядаўся да жыцця заказанцаў, як аказалася, з мэтай нас абрабаваць.

Скарыстаўшыся з таго, што ён ведае розныя бюракратычныя кручкі, а заказанцы — не, ён аддаў сады, што калісьці садзілі нашыя дзяды, пад участкі для будаўніцтва. Без аўкцыёну, без усяго. Проста ў адзін страшны для ўсіх нас, а асабліва для Мішыка Горбатюкового і Мані Бадзылевае, дзень прыехалі бульдозеры, вырвалі з зямлі яблыні, а былым гаспадарам было сказана, што яны і не гаспадары ўжо. А новыя гаспадары гэтай зямлі будуць будаваць тут свае дамы, лазні — лазні, лазні найперш, якіх ніколі старая Заказанка і не ведала — і што там захочуць.

Пайшла пагалоска, што новыя гаспадары — галоўны архітэктар Брэста і начальнік брэсцкага водаканала. Ці так гэта насамрэч? Што за людзі будуюцца там, дзе зацвіталі кветкі старажытнай Заказані? Мы гэтага не ведаем. Ці знаюць яны нешта пра нашу гісторыю, ці гавораць яны нашаю моваю? Мы гэтага не ведаем.

Мо яны проста забылі спытаць у нас дазволу?

Падаецца, так ці так, яны робяць фатальную памылку. Якую, тым не менш, яшчэ можна выправіць. Незайздросны будзе іх лёс, калі яны не ўлічаць заказанскую магію. Не пагражаю я ім, зусім не. Толькі расказваю, што было раней.

* * *

Белыя пяскі Заказанкі застаюцца.

Чароўныя сосны Заказанкі застаюцца.

Але ці застануцца людзі, якія будуць называць іх так, як называлі нашы продкі на працягу стагоддзяў – бар’якы?

Ці застануцца людзі, якія будуць вымаўляць тыя старажытныя словы, што вымаўлялі нашы бабы і дзяды вякамі: ходыты, робыты, батько, маты, он дэ го, шос і колэй, ліпш кланятыся свойій дупі, чым чужій голові…

Ці застануцца тыя, хто будзе разумець, што мы — не рускія? Ці ўсё ж возьмуць верх тыя, хто бяжыць, аж падае, каб кланяцца братской русской жопе?

Я веру ў заказанскую Магію.

Яна моцна сябе праяўляла. І будзе праяўляць.

Кветка яшчэ зацвіце.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?