Мы пілі каву зь сябрамі ў бары ў Баранавічах. Нехта распавядаў пра свае двое сутак, што ўкацілі за «хуліганскія дзеяньні» напярэдадні Дня Волі. У гэты момант у залю зайшлі некалькі маладых хлапцоў у скуранках ды дублёнках. Дзяўчаты, што пілі гарбату побач, узьняліся ды пайшлі да выхаду. Праходзячы каля нас, прашапталі: «Гэта апэра».

Яны чулі, што мы размаўляем па-беларуску і гаворым пра затрыманьні. У той самы дзень нейкая кабета на вуліцы папярэдзіла мяне, каб не размаўляў на вуліцы па-беларуску па мабільніку – яе знаёмага за гэта затрымалі міліцыянты. Беларуская салідарнасьць перад брутальнымі дзеяньнямі ўлады…

За некалькі тыдняў большасьць беларускіх патрыётаў усёй краіны сталі дробнымі хуліганамі. Як некалі за Сталіным, калі ўсе праходзілі па 58-м артыкуле, так цяпер сярод судзьдзяў папулярным робіцца дробнае хуліганства (арт. 156). «Гучна лаяўся на вуліцы, на неаднаразовыя заўвагі міліцыянтаў не рэагаваў» – абвінавачваюць лепшых зь лепшых. Чацьвёра сутак уляпілі аднаму з найлепшых выкладчыкаў гісторыі ў горадзе Віктару Сырыцы. Яго, дарэчы, вельмі добра ўспрынялі сядзельцы.

Але і з салідарнасьцю ня ўсё так прыгожа. У той самы дзень, пасьля кавы, скончыўся «абедзенны перапынак» у сутачнікаў, і мы панесьлі перадачу сп.Сырыцы. Потым зайшлі ў іншую ўстанову папіць піва. Наведнікаў не было, мы гутарылі, пацягваючы бурштынавы напой. Пачуўшы нашую гутарку, афіцыянтка на наступную замову адказала, што піва скончылася – з-за беларускай мовы мы сталіся непажаданымі гасьцямі. Але ў той бар мы больш ні нагой.

Колькасьць зводак міліцыі па барацьбе з хуліганствам за сакавік будзе вельмі высокай, менавіта дзякуючы затрыманьню «дробных парушальнікаў парадку». Таму ў красавіку міліцыянтам давядзецца добра папрацаваць, каб прытрымлівацца дасягнутых посьпехаў. Хіба зноў «выручаць» апазыцыянэры.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?