Было даволі позна, але не настолькі позна, каб канчаткова, да нябачнасці, сцямнела. Я ішоў праз двары, думаючы пра нешта сваё. Задумаўся я, відаць, даволі глыбока, бо спачатку пачуў цурчанне, потым пабачыў два ручаі, якія цяклі ля маіх ног.

Я, прабачце, амаль у іх не ўступіў. Я спыніўся і павярнуў галаву ў той бок, дзе нараджаліся ручаі. Там я пабачыў нешта нечаканае. Ля сцяны сядзелі дзве дзеўкі з прыспушчанымі джынсамі, якія самааддана — я тут не ведаю, як лепей сказаць, ну, давайце так: яны самааддана спараджалі вільгаць сваімі целамі. Было чутно, як струмяні, якія выходзілі з іх, б’юць у асфальт з гукам, нечым падобным да працы аўтамабільнага турбанаддуву. Выглядала, півасу дзяўчаты выпілі нямала. Я паміж волі адзначыў бялявасць іх скуры пад прыспушчанымі штанамі.

Я чалавек сарамлівы, але тут нават я не вытрымаў, і, ужо гледзячы некуды ўбок, працягнуў:

— Ну вы, дзеўкі, даяце!

Я думаў прамармытаць і крочыць далей. Але яны з гатоўнасцю ўступілі ў дыялог.

— А што тут такога? — запыталася адна, дзелавіта зашпільваючыся. — Што нам, у сабе трымаць?

Я задумаўся. У прынцыпе, яны мелі рацыю.

Уласна, калі б яны не мелі рацыі, я б не сеў пісаць гэты тэкст. Дык вось, яны мелі рацыю: кіёск «Хутка-смачна», дзе грамадзянін рэспублікі Беларусь у любы час сутак можа набыць піва, працуе. А грамадскія прыбіральні зачыняюцца ў 20.00 — роўна тады, калі ў іх узнікае патрэба.

— Ціпа ты сам ніколі за вуглом не сцаў! — падала голас другая. Яна была болей дзёрзкая і не спяшалася ўставаць. Яна глядзела на мяне — не, не з нянавісцю, а з пагардай, як гара, якая спарадзіла крыніцу, глядзіць на мыш, якая ў той крыніцы ўтапілася. Мне было складана падтрымліваць з ёй размову, бо ўсе кніжкі, якія я прачытаў, не навучылі мяне правілам этыкету ў абыходжанні з лэдзі, якая пры табе сядзіць са спушчанымі джынсамі і сікае табе пад ногі.

— Не, ну вы б адышлі ў бачок! Тут жа людзі ходзяць! — паспрабаваў я паспрачацца. — А вы тратуар засцыкаеце…

— Вашыя нам таксама ўсё засцалі! — катэгарычна адрэзала тая, што працягвала сядзець.

Пасля гэтага яна ўстала і з нейкай нават гордасцю падцягнула наверх спачатку трусы, затым штаны.

І вось гэтае «вашыя» мяне канчаткова збіла з панталыку: хто тыя «нашыя», якія ёй засцалі «ўсё»? Людзі ў пінжаках (я быў у пінжаку)? Інтэлігенты (я размаўляў спакойна і без мату, г.зн. «як інтэлігент»)? Гарадскія (можа, яны не са сталіцы)? Я ўдакладніў:

— Якія «нашыя»?

Адказ быў нечаканым:

— «Вашыя» — у сэнсе мужыкі! Мужыкі таксама сцуць паўсюль! Усю Малінаўку нам залілі!

Так дыскусія набыла гендарны кантэкст, якога я дагэтуль у ёй не адчуваў. Мы яшчэ трохі папалемізавалі, дзяўчаты, выглядае, чакалі, што я прапаную ім пайсці на піва да «Хутка-смачна», бо так тут звычайна знаёмяцца — чым больш узаемнай непрыязі спачатку, тым больш шчыльнае потым сяброўства. Да таго ж амаль што інтымнае ўжо паміж намі адбылося, засталося толькі абмяняцца тэлефонамі. Карацей, развіталіся сябрамі.

Я ішоў па засцаным двары і думаў пра гэтыя невідавочныя змяненні, якія адбыліся з тым, як мы ходзім па патрэбе. Дваццаць гадоў таму ўсе рабілі гэта ў пад’ездах і ліфтах. Цяпер на пад’езды панастаўлялі дамафонаў. Здавалася б, праблема вырашаная!

Але ў грамадскую прыбіральню пачаў хутка ператварацца ўвесь горад! Людзі выйшлі з сутонняў інтэр’еру і пачалі паліваць сцены экстэр’еру.

Нейкі час таму ў пад’ездзе на Аўтазе дзе я жыў, пасяліўся бомж. Я чалавек талерантны, вітаўся з ім, не чапаў, не гнаў на холад. Папрасіў не сцаць на лесвіцы, ён горача пагадзіўся. А на пляцоўцы са мной жыў Вася — пенсіянер савецкага гандлю, які зарабляў на жыццё зборам шклатары. Свае дзённыя здабыткі ён складаваў на лесвіцы, адмочваў этыкеткі, рыхтаваў да паходу ў пункт збору шклатары (хадзіў ён туды раз на тыдзень). Вася, гледзячы на мяне, таксама не чапаў бамжа. Нас наогул з Васем звязвалі складаныя грашова-крэдытныя адносіны: я яго крэдытаваў, калі ў яго «трубы гарэлі». А крэдытаванне, як паказваюць інтэграцыйныя стасункі Беларусі і Расіі, часцяком карэктуе светапогляд. Карацей, працяўся Васіль ідэаламі гуманізму і чалавекалюбства. Надышла зіма, ударылі маразы. Хадзіць па малой патрэбе на двор бамжу зрабілася некамфортна. І вось аднойчы, наблізіўшыся да сваіх шкляных скарбаў, Васіль пабачыў, што ў іх зноўку ёсць вадкасць! Прычым таго характэрнага бурштынавага колеру, якім адметныя добрыя чарнілы! Ён з надзеяй прынюхаўся, але зразумеў: цуду не адбылося…

Бомж ляцеў па лесвіцы маўкліва, без енку. Разумеў, што не меў рацыі. Пасля таго ў пад’ездзе падрамантавалі дамафон, свае ліберальныя погляды падкарэктаваў нават я.

У 2000-я таксама пісалі пра «ручаі на асфальце». Маўляў, Мінск — стэрыльны горад, «не для людзей». Бо на прамежку праспекта ад пл. Незалежнасці да пл. Перамогі толькі 4 грамадскія прыбіральні. Я тады таксама абураўся: мала прыбіральняў у сталіцы! Не горад гэта для людзей!

Пасля гэтага трапіў у Вільню. І пабачыў, што на праспекце Гедыміна ад Сейма да Катэдры – ніводнай грамадскай прыбіральні.

Такая лакацыя проста не прадугледжаная ў сучасным еўрапейскім горадзе. Бо нармальныя людзі не п’юць піва на вуліцы ля «Хутка-смачна». Нармальныя людзі спажываюць піва ў кавярнях, дзе ёсць WC.

І калі ўжо вельмі моцна прыхопіць, збаўленне можна знайсці ў шопінг-цэнтры (напрыклад, Гедыміна, 9). Такім чынам, рэч не ў інфраструктуры. Рэч у людзях.

Трэба шукаць выйсце. Бо горад, які пахне мачой, не можа звацца горадам сонца.

Можна было б прапанаваць узмацніць барацьбу з распіваннем на вуліцы, але, па-першае, я не міліцыя, па-другое, я ж бачу, што гэта не працуе. Тут дзяржава ўзялася рэгуляваць тое, што большае за яе, дзяржаву.

Можна было б заклікаць да грамадзянскага кансэнсусу: людцы, не сцыце на асфальт! Бо асфальт не мае патрэбных усмоктваючых якасцяў глебы: усё пакінутае вамі на асфальце там і застаецца разам з пахамі! Хочаце парушыць грамадзянскі парадак — рабіце гэта на траве, у кустах, ля дрэваў! Гэта пойдзе нават на карысць прыродзе і дабрабыту!

Але тыя, хто мочаспускаюць у дварах, не чытаюць мае калонкі на «Будзьме». А таму грамадскага кансэнсусу не адбудзецца.

Ёсць апошняе рашэнне, вельмі простае, бо яно па-беларуску адміністратыўнае.

На ўзроўні выканкамаў можна было б абавязаць усіх, хто гандлюе півам на вуліцы, за свой кошт абсталёўваць месцы спажывання пітва грамадскімі прыбіральнямі (кшталту «Экатуалет»). Прычым пажадана бясплатнымі, бо калі заход па патрэбе каштуе 5 тыс., а пляшка — 10 тыс., дык ёсць вялікая спакуса сэканоміць на тратуар. Любіш лёгкі прыбытак — вывучы словы «сацыяльная адказнасць бізнесу».

Рэалізаваць гэтую ініцыятыву можна за месяц. З двароў назаўсёды сыдзе амбрэ мачы, а людзі нарэшце пачнуць паводзіць сябе як людзі, а не як каты.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?