Як кіраўніцтва Днепрапятроўшчыны забяспечвае спакой у рэгіёне — распавядае намеснік старшыні абласной дзяржадміністрацыі Генадзь Корбан, піша часопіс «Країна».

Калі б Днепрапятроўшчына была кампаніяй, Ігара Каламойскага можна было б назваць старшынёй яе праўлення, а Генадзя Корбана — выканаўчым дырэктарам.

Ён увесь час на месцы. Каб трапіць у яго кабінет у аблдзяржадміністрацыі, трэба прайсці праз чатыры кардоны аховы. Першы — пры ўваходзе ў АДА. Другі — на сёмым паверсе, дзе сядзіць кіраўніцтва. Праверыўшы асобу наведніка, міліцыянт адкрывае электронны замок на дзвярах — можна зайсці ў першую прыёмную. Там таксама ёсць ахоўнік. Яшчэ адны дзверы з электронным замком вядуць у другую прыёмную з некалькімі ахоўнікамі і сакратарамі. У наступным пакоі — ужо намеснік губернатара. Такія сродкі бяспекі таму, што Корбана-прадпрымальніка некалькі разоў спрабавалі забіць.

— Напэўна, на мяне насылаюць шмат праклёнаў, — мяркуе ён.

За што? Корбан — мінарытарны акцыянер дзясяткаў украінскіх прадпрыемстваў. Сябры жартуюць, што яму належыць 1 працэнт Украіны. Ворагі называюць яго «рэйдарам нумар адзін» у дзяржаве.

Бо нярэдка гэтыя акцыі выкарыстоўвалі для атрымання поўнага кантролю над прадпрыемствам. Нават адна акцыя станавілася дастатковай падставай, каб паставіць «свайго» дырэктара або склікаць тэрміновы сход акцыянераў ды памяняць структуру ўласнасці. Калі не ўдаецца так — можна знішчыць рэестр уласнікаў ці завесці паралельны. Калі ж апаненты далей адмаўляюцца — падключаюцца судовыя выканаўцы і байцы ахоўных фірмаў. А калі паміж бізнэсмэнам і крымінальным аўтарытэтам Максам Курачкіным і групай «Прыват» разгарнулася бітва за днепрапятроўскі рынак, загінулі Курачкін і чацвёра яго паплечнікаў.

Корбан прадумваў і браў пад кантроль дзясяткі прадпрыемстваў. Большасць схем рабіў у інтарэсах сяброў, часцей за ўсё — Ігара Каламойскага.

Яго вабілі не грошы, а складанасць задачы: кажа, гэта — як гульня ў шахматы, якой захапляюцца абодва бізнэсмэны. Корбану належаць больш за дзясятак гандлёвых цэнтраў у Днепрапятроўску.

У Корбана-чыноўніка таксама багата ворагаў: ад звольненага кіраўніка абласной міліцыі Георгія Гагуадзэ да сепаратыстаў, якім не даў расхістаць сітуацыю ў вобласці. Ён працягвае быць «канфліктолагам». Толькі цяпер — гуляе за Украіну.

Каля гадзіны чакаем у першай прыёмнай. Нарэшце нас клічуць. Генадзь Корбан — у футболцы і штанах.

На левай руцэ завязаная чырвоная шарсцяная нітка. Гэта традыцыйны для габрэяў абярэг ад сурокаў:

нітку носяць, не здымаючы, пакуль не пратрэцца. Калі працерлася і згубілася — усе сурокі знікаюць.

Як толькі вітаемся, у Корбана звініць мабільны.

— Юра, у мяне просьба да вас, — кажа ў слухаўку. — Я тут увайшоў у перамовы з гэтым Бесам (вядомы жорсткасцю тэрарыст Ігар Безлер з Горлаўкі. — Рэд.). Дамоваздольны чалавек — па размовах.

Гатовы аддаць усіх жыўцом, цалкам і цэлымі. За адну мадам, якая там у іх сядзіць — нейкая ФСБшная шлюха. Яе клічуць Вольга Іванаўна. А ён аддасць восем афіцэраў нашых і яшчэ двух закладнікаў. Тое, што ён паказваў відэа з пакараннем смерцю — гэта ўсё фэйк. Я патэлефанаваў Пашынскаму (на той момант в.а. кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Украіны. — Рэд.), ён пачаў пену ў трубку вывяргаць, што «мы не будзем, гэта не тое, ён заявіў, ультыматум».

Ну, жыццё чалавечае даражэйшае за ультыматум — я так думаю.

Я Ігару Валер’евічу (Каламойскаму. — Рэд.) распавёў, ён таксама будзе размаўляць. Я прашу, каб вы падпісаліся, і мы ціха, спакойна, без піяру выратуем людзей. За Вольгу Іванаўну. Добра?

Гаворым па-расейску. Корбан кажа спакойным і ціхім голасам, пра што б ні гаварылася.

— Тут пастаянная плынь людзей. Калі сыходзіце з працы?

— Калі ў гадзіну ночы, калі — пад раніцу. Раней, вядома, графік свабодны быў. Я жыў як нармальны чалавек.

— З якім настроем прынялі прапанову Каламойскага стаць яго намеснікам?

— З пэўным энтузіязмам. Але нават не ўяўляў, з чым прыйдзецца сутыкнуцца. І ніхто не ўяўляў.

— Што стала самым цяжкім?

— Вайна.

Трэба было наладзіць працу спецслужбаў, міліцыі. А карупцыя і ўсе падобныя праблемы — вырашаюцца на раз. Выклікаю дырэктараў або адказных чыноўнікаў — і прапаную ім з’ездзіць на экскурсію ў «Данецкую народную рэспубліку». На гэтым карупцыя сканчаецца.

Яны сумленна распавядаюць усё, як ёсць. Цяпер самыя багатыя чыноўнікі нясуць сацыяльную нагрузку. Напрыклад, жанчына, якая 15 гадоў чакае кватэру. Пад колы думала кідацца. Цяпер асабліва дзёрзкі і багаты чыноўнік выступіць спонсарам. Я яму прапанаваў гэта зрабіць, а ён не змог мне адмовіць. Так аднаўляем справядлівасць.

— Які ў чыноўнікаў узровень прафесіяналізму?

— Дастаткова высокі. Ім проста трэба правільныя стымулы і ідэалогія, і тады яны пачынаюць па-іншаму працаваць. Вочы гараць. Якасна і вельмі прафесійна робяць сваю працу. Тым, у каго ёсць канфлікт інтарэсаў паміж бізнэсам і працай чыноўніка, прапаную ісці ў бізнэс.

— Вы ж таксама бізнэсмэн.

— Я ў сваім офісе ўжо даўно не быў, месяцы тры.

Корбан запальвае Marlboro.

— Вы стасуецеся з алігархамі. І з тымі, у якіх процілеглы пункт гледжання на падзеі ў краіне. Напрыклад, з Вадзімам Навінскім, які патрабуе спыніць антытэрарыстычную аперацыю. Якія гэта зносіны цяпер?

— Іх практычна няма. Пытаюся пра справы, здароўе. Віншуем адзін аднаго ў дзень нараджэння і ўсё. З Навінскім няма сэнсу абмяркоўваць цяперашнюю сітуацыю. Таму я не марную на гэта час.

— На Ахметава таксама не марнуеце? Ён з пачатку канфлікту сваю пазіцыю не змяніў?

— Не змяніў. Ён нам нічым не дапамагае, і мы ні пра што не просім. Ужо хутчэй яму дапамога патрэбна. Хаця і ён ні пра што не просіць.

Думаю, ён трохі страціў пачуцце рэальнасці.

— А выхадцы з Днепрапятроўска — Пінчук, Цігіпка — неяк дапамагаюць?

— Абсалютна пасіўныя. Некаторыя рэчы ім складана растлумачыць. Спытаў нядаўна Пінчука: «Ваша дачка тут, у Днепрапятроўску, жыве?» Адказвае: «Так». — «І што, ёй камфортна?» — «Відавочна, яна спакойна ходзіць па вуліцах з дзіцём, ездзіць куды хоча». — «Можа, і вы ў нечым возьмеце ўдзел?» Ён адказаў: «Не. Усё, што ты робіш, правільна. Але лаўры пажынае Каламойскі». Пінчук усё ўспрымае праз прызму асабістых адносін. А гэта тут цяпер ні да чаго.

— Вам належыць фраза: «Калі галодныя прыходзяць да ўлады, яны ў першую чаргу пачынаюць рабаваць». Цяпер прэзідэнтам стаў Пятро Парашэнка. Здаецца, не галодны. Надзеі на яго ўскладаеце?

— Спадзяюся на моцнага, рашучага, справядлівага прэзідэнта. Пералік таго, што ён павінен зрабіць, вельмі доўгі. Растлумачу на прыкладзе. Аднойчы я купіў краму «Дзіцячы свет», на месцы якой зараз стаіць гандлёвы цэнтр «Пасаж». Гэта быў сімпатычны дом, шкада было яго ламаць. А мой сябар Генадзь Аксельрод хадзіў-хадзіў, а потым і кажа: «Давядзецца знесці». Я яму: «Як? Цэнтр, такі дом… Шкада зносіць, давай рэканструюем». Ён: «Нічога не выйдзе». Знеслі, пабудавалі новы з нуля. Так і з гэтай краінай. Яе бессэнсоўна рэканструяваць. Гэта як ляпіць гарбатага. Трэба проста ўсіх звольніць і паставіць іншых, якасных і больш новых. Даць ім нармальныя стымулы.

— Вы ва ўладу чаму пайшлі?

— Па некалькіх прычынах. У Торы напісана, што габрэі — заўсёды за ўладу. Ведаеце, чаму? Таму што калі няма ўлады — людзі пачынаюць есці адзін аднаго. І першыя, каго яны з’ядаюць, — гэта габрэі. Але гэта не галоўны стымул.

Казаць пра патрыятызм цяпер занадта пафасна і няшчыра. Але ў Днепрапятроўску з ім цяпер усё сур’ёзна. Для Кіева і Заходняй Украіны гэта звычайная справа, яны — украінцы да мозгу касцей. А ў Днепрапятроўску гэта — як першы сэкс. Зусім іншыя адчуванні. Кветкава-цукеркавы перыяд у нас з Украінай цяпер.

— А што захапіла?

— Мы проста не хочам у Расію. Не жадаем.

Нам падабаецца гэта краіна, яна вельмі ўтульная, тут няма расійскага жаху і ніколі не было. У Расіі тайга — закон, а пракурор — мядзведзі. Нам так жыць некамфортна. Таму мы і абараняем Украіну.

— Сітуацыю ў горадзе і вобласці ўдалося пераламаць, таму што ваша каманда такая крутая, або тут ад пачатку было спакайней, чым на Данбасе?

— Спачатку было даволі напружана. Таксама былі бунты і ўсё астатняе. Ішла карпатлівая праца, мы спрабавалі ўсіх пачуць, самі казалі. Падкідвалі грошы. На Усходзе ёсць прынцып: «Кіраўнік павінен у сябе закахаць. Калі кагосьці не можаш закахаць — павінен яго купіць. А не можаш купіць — павінен забіць». Гэтае правіла працуе. Кагосьці мы закахалі, кагосьці — купілі, а кагосьці і забіваем.

Зноў звініць тэлефон. Ігар Каламойскі. Корбан 2 хвіліны ўважліва слухае.

— Не, я не хацеў. Не хачу туды ехаць. Я лепш на канцэрт пайду. Вакарчук, так. Падстрахуеце з гэтай нагоды? — На наступны вечар, 7 чэрвеня, у Днепрапятроўску выступаў «Акіян Эльзы». Тады ж у Кіеве працягвалася інаўгурацыя Пятра Парашэнкі.

— У вас рэйдарскае мінулае. Людзі асцерагаюцца, што пачнеце падціскаць пад сябе рэгіён.

— Гэта не адпавядае рэчаіснасці. Я нікога не падціскаю, толькі чыноўнікаў.

Сабраў нядаўна гарвыканкам, усе гэтыя камунальныя прадпрыемствы. Заходжу да іх, кажу: «Ну віншую, спадары марадзёры. Крок нумар адзін — усе на дэтэктар хлусні. Крок нумар два — усе становіцеся на рэестр плацяжоў, гэта значыць пад поўны кантроль выдаткаў». Далей падняў аднаго, пытаюся, колькі зарабляе. Адказвае: 2600 грыўняў. Яшчэ кажа, што жыве на гэтыя грошы. Адразу прапанаваў яму напісаць заяву аб звальненні. «А чаго?». Кажу: «Таму што вы хлусіце, проста хлусіце. На 2600 грыўняў жыць аб’ектыўна нельга.

Таму ў мінулым капацца не буду, але з сённяшняга дня ўсё, што вы зарабляеце або тырыце — буду правяраць. Напрыклад, са сваіх крыніц ведаю, што гарадскія могілкі зарабляюць 700 тысяч грыўняў у месяц. Спадар дырэктар, у наступным месяцы на рахунках могілак павінна быць 700000. Не будзе — я не павяду вас да пракурора, не. Паедзеце на экскурсію ў «Данецкую народную рэспубліку».

Такія вось метады — часам і да сценкі людзей даводзіцца ставіць. Міліцыю, напрыклад.

— У гэтым кабінеце?

— Так.

Яны зайшлі сюды, я ўзяў аўтамат і кажу: «А ну, сукі, станавіцеся да сценкі, сволачы. Пакуль набіваеце кішэні, там людзі гінуць». Яны тут транспартнікаў прыціскалі — працягвалі сваю брудную справу. Прыйшлося памяняць міліцыю.

 — Сапраўды, нядаўна начальнік міліцыі пайшоў.

— Але доўга, гад, супраціўляўся. Крычаў: «Я цябе арыштую!» Я кажу: «Ну, ідзі сюды, арыштоўвай. Ты мяне арыштуеш, а я цябе расстраляю. Давай, хто раней». Жорстка, але што рабіць? Вайна.

— Ёсць меркаванне, што гэта не зусім правільна. Ігнаруецца закон, іншыя фармальнасці.

— Вядома. Але

калі б мы дзейнічалі па законе, у нас тут даўно ўжо чачэнцы былі б.

Калі б я не перакрыў дарогу, яны б сюды бесперашкодна прыехалі. Таму электрычку Ясінаватая — Днепрапятроўск наогул ніхто не правярае і не спыняе. А Ясінаватая — гэта ўжо за Данецкам. У нейкі момант

давялося патэлефанаваць дырэктару Укрчыгункі Астапюку і сказаць: «Спыні цягнікі». Кажа: «Я не магу». «Тады перадай мне пад кантроль станцыі на нашай тэрыторыі». — «Таксама не магу. У мяне дыспетчарызацыя зламаецца». А я яму тады: «Чуеш, ты? Мне пляваць на тваю дыспетчарызацыю. Я зараз пастаўлю КамАЗы на рэйкі, і ніхто нікуды не паедзе».

— Перадаў кантроль?

- Вядома. Зрабіў прыпынкі, змяніў расклад цягнікоў. І ўсё - у адзін дзень.

— Якая ў вас зараз сфера адказнасці?

— Я ўмешваюся ў любую сферу. Ва ўсё.

— Кажуць, вы «трымаеце» вобласць у тактычным плане, тады як Каламойскі выступае хутчэй як брэнд.

— Не, гэта не так. Каламойскі рухаецца ў сваім графіку, але ён вельмі шмат робіць і з’яўляецца галоўным натхняльнікам нашых ініцыятыў. Часта звяртае ўвагу на рэчы, якія я не паспеў убачыць. Скажу так: за ім замацавана стратэгічная, а за мной — тактычная праца. Каб каардынавацца, мы стэлефаноўваемся разоў па 20 у дзень.

Зноў звініць тэлефон. На сувязі — дырэкцыя завода «Паўднеўмаш».

— Лічыце, кантракт ужо падпісаны. Для афіцыйнай паперы трэба, каб быў Ігар Валер’евіч. Ён заўтра на інаўгурацыі, вы там таксама будзеце? Ну вось, там і ўбачыцеся. А ў мяне для вас прыемная навіна: пазваніў вялікі французскі канцэрн, і кажа: стукаем, шукаем — дзе гэты «Паўднёўмаш?» Дзе гэтыя ракеты? Не можам дастукацца. Я іх запрасіў, каб прыехалі па вашы ракеты. Яны гатовыя браць. Калі можам убачыцца? Я ўвесь час на месцы. А адносна стрэльбаў — давайце на наступным тыдні. Добра? Дамовіліся.

— Калі мы зразумелі, што ў краіне вайна — а мы зразумелі гэта, напэўна, першыя — я сказаў: мы, вядома, можам рабіць, як напісана ў Сунь-Цзы: «Пакуль ты слабы, рабі выгляд, што ты — моцны».

Мы рабілі выгляд, што моцныя. Але цяпер трэба стаць сапраўды моцнымі. Што трэба для гэтага? Ствараць тэрытарыяльную абарону, набіраць батальёны, узбройваць людзей.

Мы гэта зрабілі, і цяпер можам дазволіць сабе другую фазу: «Калі ты моцны, рабі выгляд, што ты — слабы».

— Што будзе з Данеччынай і Луганшчынай у сярэднетэрміновай перспектыве?

— Ёсць два сцэнары. Горшы — гэта югаслаўскі, і я мяркую, што так і будзе. Хоць мне і не хочацца пра гэта думаць.

— Югаслаўскі варыянт абмяжуецца толькі тымі абласцямі або магчымыя яшчэ?

— Не, толькі там.

— А другі варыянт які?

— Ён досыць хуткі. Трэба абвясціць ваеннае становішча, прызначаць ваенную камендатуру — і забіваць. Як чалавек, досыць блізкі да вайны і які размаўляе з апалчэнцамі па тых ці іншых пытаннях, я разумею, што проста так яны зброі не складуць.

Ім трэба бегчы ў Расію, а яна для жывых закрывае мяжу. Труны прапускаюць, а для жывых — зачыняюць. Яны, умоўна, скінулі сюды свой «Правы сектар».

— І развіталіся з ім?

— Так. Паабяцалі ім грошы, сем’ям — нешта яшчэ. І ўсё.

— А што рабіць з данбаскім насельніцтвам, якое не любіць Украіну?

— Я думаю, людзі там гатовыя да любога варыянту, каб было спакойна.

— Крым страчаны?

— Так. Крым страчаны, і лічу, што назаўсёды.

— Нават калі Пуцін сыдзе?

— У Расіі будзе пераемнасць улады. Плюс у іх амбіцыі, імперская гэтая штука. Яны Крым не аддадуць.

— Расія, відавочна, застанецца такім жа суседам Украіне, як цяпер.

— Украіна павінна ператварыцца ў Латвію. Латвія ненавідзіць Расію. Пакаленні павінны ненавідзець Расею, менавіта ненавідзець.

— Што гэта дасць?

— Мы станем нармальнай еўрапейскай краінай. З нармальнымі, еўрапейскімі каштоўнасцямі. Так, у нас не будзе Крыма. І чорт з ім.

— І не будзе Данбаса?

— Данбас будзе. Пытанне, ці трэба ён.

Расейцы кінулі Данецк і Луганск па вельмі простай прычыне. Гэтыя рэгіёны маюць эканамічны сэнс, толькі калі забіраеш Адэсу і Днепрапятроўск.

Данецк і Луганск — гэта шахты і металургічныя магутнасці, перапрацоўка. Без сыравіны перапрацоўка нічога не значыць. Сыравіна ж — у Днепрапятроўскай вобласці. Тут уся руда Украіны, ад жалезнай да марганцавой, уранавай, рэдказямельных металаў. А Адэса — гэта парты, аміякаправод, нафтаправод, газаправод. Без гэтых двух абласцей Данецк і Луганск — проста цяжар. Харкаў таксама Пуціну моцна не патрэбны — таму што нічога там няма.

— «Турбаатам» хіба.

— Так, гэта прадпрыемства замкнёнага цыклу. Але дзеля яго аднаго няма сэнсу ваяваць. Усе замкнёныя цыклы знаходзяцца тут і ў Адэсе. Паўднеўмаш, напрыклад. Пуцін не зрабіў сваю ракету, яго «Пратон» — поўнае фуфло, яна выбухае, брудная. А наш «Зеніт» працуе на газе, гэта чыстая і надзейная ракета.

Такая стратэгія ў Пуціна. І калі ён пачаў рэалізоўваць свой план, за сталом раптам з’явіўся яшчэ адзін гулец — Каламойскі. І перашкодзіў трошкі расійскім планам. І тады Пуцін вырашыў: ну, раз так, я разбуру вам вытворчыя магутнасці. Гэта тое, што адбываецца цяпер на Данбасе. Што гэта азначае для краіны-суседа? Што на яе вытворчыя магутнасці будзе вышэйшы попыт.

— А людзі?

— Пуціну напляваць на людзей. У яго такіх 150 мільёнаў.

— Яшчэ некалькі мільёнаў славян яму дакладна не трэба?

— Яму хапіла і два мільёны, што ёсць у Крыме, палова з якіх — пенсіянеры. А гэтых люмпенаў куды цягнуць? У Растоўскай вобласці зачынілі ўсе шахты. Усе! Таму навошта яму шахцёрскія Луганск і Данецк?

Пуцін — стратэг, вялікі глабальны гулец. Ён — той, хто рухае шахматнымі фігурамі, а не той, хто знаходзіцца на дошцы. Пуцін — за яе межамі, і я гэта прызнаю.

Заходзіць сакратарка. Паказвае канверт. Відаць, што там пачак грошай.

— Гэта 5000? — пытаецца Корбан. — Перадай, гэта за бронекамізэлькі.

Пуцін ненавідзіць Украіну. Ненавідзіць кожнай сваёй клеткай, я гэта адчуваю.

Ён і ўвесь кааператыў «Возера» (элітны дачны кааператыў у Карэліі, большасць членаў якога складаюць цяперашнюю палітычную вярхушку Расіі. — Рэд.). гэта людзі, якія ненавідзяць Украіну. Якія лічаць, што такой нацыі няма.

— Што ўратуе?

— Я лічу, што ва Украіне павінна быць іншая вайсковая дактрына. Таму што як толькі ўсё пачалося — стала відаць, што арміі ў нас няма. Пры гэтым, вайскоўцы — вельмі прыстойныя людзі, на іх цяпер усё трымаецца. Пакуль гэтыя адкіды, мянты і камунальнікі, зарабляюць тут грошы, вайскоўцы — бедныя, у брудзе і ў лайне — не спяць і не ядуць. І ў любы час можна ім патэлефанаваць і заўсёды будзе адэкватнае стаўленне, і пытанне хутка вырашыцца.

Ёсць свае нюансы, але калі пачынаеш з імі гаварыць і кажаш: давайце зробім трохі не так, як усе прывыклі — яны спакойна на гэта ідуць. Міліцыя — не. Гэта проста ворагі народа, усе пагалоўна. Звальняць трэба ўсіх без выключэння. Таму што яны ўспрымаюць працу як свой бізнэс. А калі ўзнікае вострая, нестандартная сітуацыя — кладуцца на спіну і падгінаюць лапкі. Хаваюцца, выключаюць тэлефоны. Але пры гэтым не забываюцца рабаваць. Такое адчуванне, што вайна іх не тычыцца. Вось і аказваецца, што вораг — у тыле.

Дактрына павінна быць простая. Нядаўна Украіна зрабіла секвестр бюджэту і выдзеліла прыкладна 8 мільярдаў грыўняў на войска. Яшчэ нешта выдзяляюць, і яшчэ нешта і яшчэ нешта.

Калі ўсё гэта «нешта» палічыць, то можна за паўтара мільярда даляраў у год сфармаваць прафесійнае ўзброенае да зубоў пяцідзесяцітысячнае войска. А цяперашняе адпусціць,

сказаць «дзякуй, хлопцы, ідзіце дадому». Тыя ж хай ваююць.

— Зараз на Днепрапятроўшчыне ўжо існуе, па сутнасці, прыватная армія — батальёны «Днепр».

— Па сутнасці, так. Мы ім даплачваем, грошы самі атрымліваем.

Фармальна, гэтыя батальёны пры Мінабароны і МУС, але фактычна — у нашым распараджэнні.

Сухімі пайкамі мы таксама іх забяспечваем, як і спальнымі мяшкамі, бронекамізэлькамі, формай. Усім, акрамя зброі, бо на зброю трэба атрымліваць нарады.

— Гэта не б’е па кішэні?

— А што рабіць? Затое людзі на Днепрапятроўшчыне спакойна шпацыруюць з дзецьмі, не бачаць вайны. Гэта ўсяго толькі грошы. Прыцягваем спонсараў, кажам: «Дайце, колькі можаце. Мы вам за гэта любыя паслугі адміністрацыйныя дамо. Падатковую прыбярэм, пажарных».

— Раней ваша стаўленне да грошай было інакш: «Грошы — гэта мерка волі. Чым больш маеш — тым даўжэйшы твой ланцуг». Гэта значыць, яны для вас перасталі быць каштоўнасцю?

— Напэўна, перасталі.

Адна справа — калі прыходзіш ва ўладу за грашыма, а іншая — пасля бізнесу. Гэта эвалюцыя. Раз ужо так выйшла — думаю, мы неяк знойдзем спосаб, дзе ўзяць потым.

— Гэта значыць, выгаду нейкую будзеце мець?

— Я не буду крывіць душой і не буду казаць, што мы тут — бяссрэбранікі.

Мы спадзяемся, што знойдзецца ўдзячная тэма, дзе зможам сумленна зарабіць. Гэта ж справядліва? Так.

Развітваючыся, звяртаем увагу на адзіную сярод папер на працоўным стале кнігу: расійскае выданне «Дабрабыт для ўсіх» Людвіга Эрхарта — міністра эканомікі і канцлера Германіі ў сярэдзіне мінулага стагоддзя.

— Гэта кніга пра тое, што для паляпшэння стану эканомікі трэба павысіць плацежаздольнасць насельніцтва. Асабліва гэта важна ў неспакойныя часы — каб не было рэвалюцыі бедных. Мы прымусілі ўсе прадпрыемствы вобласці павысіць людзям заробак на 20 працэнтаў. Гэта зрабіў «Прыват», зрабілі і ўсе астатнія. Людзям трэба даць нейкую капейку ў кішэню — хай ідуць у рэстаран, выдаткуюць на таксі, кашулю купяць. Зараз ваюю у гэтым плане з Крыварожсталлю. Індыйскія ўладальнікі супрацівяцца. Але ў нас ёсць для іх адказ. Іх жа работнікі іх жа на працу не пусцяць. Кажу тамтэйшым прафсаюзам: «Рыхтуйцеся. Калі не падвысяць зарплату — збярэм мітынг перад іх офісам. Уласнік павінен дзяліцца з рабочымі».

Калі ўдасца — новая ўлада Днепрапятроўшчыны «закахае» ў сябе яшчэ некалькі дзясяткаў тысяч чалавек.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?