Пазбегнуць часовых адключэнняў гарачай вады ў летні перыяд у Беларусі «амаль немагчыма», заявіў на прэс-канферэнцыі 18 чэрвеня намеснік міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Анатоль Шагун. 

Паводле яго слоў, адключэнне гарачай вады звязана з неабходнасцю правядзення рамонтных прафілактычных работ і пазбегнуць яго можна толькі ў двух выпадках: пры стварэнні групавой кацельні, якая абслугоўвала б некалькі жылых дамоў, добрым стане цеплавых сетак і тэхналагічнага абсталявання, або пры магчымасці пераключэння спажыўцоў з адной цеплавой крыніцы ці цепламагістралі на другую. 

«Магчымасці для такога горада, як Мінск, моцна абмежаваныя, таму што амаль 90% цеплавой энергіі падаецца з трох буйных ЦЭЦ праз шэраг буйных магістраляў, месцамі дыяметрам да 1.000 мм, і ў выпадку правядзення рамонтных работ не заўсёды і не ўсюды можна пераключыць спажыўцоў на нейкую іншую крыніцу ці на іншую магістраль», — растлумачыў Шагун. 

Паводле яго слоў, вырашэнне гэтага пытання звязана з вялікімі капітальнымі затратамі па перабудове сістэмы цеплазабеспячэння. «Таму я ўсё ж думаю, што два тыдні без вады — гэта, вядома, нязручнасць нашым людзям, але каб мець 350 дзён у годзе гарачую ваду і 180 дзён — ацяпленне, якаснае, добрае, без перабояў, просьба з гэтымі нязручнасцямі неяк зжыцца і патрываць», — сказаў намеснік міністра.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?