У маляўнічым кутку Менску налета пачнецца будаўніцтва жылога комплексу пераменнай павярховасьці: 13‑20‑25 паверхаў. Ён будзе месьціцца на праспэкце Пераможцаў (б. Машэрава) у атачэньні двух банкаў, жылога дому, гасьцініцы «Плянэта» й буйнога адміністрацыйнага будынку.
На нядаўнім 7‑м нацыянальным фэстывалі архітэктуры праект гэтага комплексу атрымаў дыплём у адной з намінацый. Ён жа быў узнагароджаны летась на фэстывалі краін СНД у Алма‑Аты. Аўтары праекту — «Мінскграмадзянпраект».
Паўночны фасад будынку будзе сьвяціцца сьсярэдзіны, а панарамнае ашкленьне дазволіць жыхарам любавацца ваколіцамі.
Гэта будзе самадастатковы комплекс, з уласнай інфраструктурай. Пад домам раўзьмесьцяцца трэнажорныя залі, буцікі, цырульня, міні‑маркет, клюбы па зацікаўленьнях. Устыч да будынку паўстане паркінг на 500 машын з шынамантажом, ручной мыйняй, крамай аўтазапчастак.
Ад Заслаўскай да гмаху пройдзе падземная вуліца. Побач зьявіцца невялікі офісна‑справавы цэнтар.
Каб прыбраць увесь транспарт і з боку вуліцы Заслаўскай, і ўздоўж «Белдзяржпраекту», спэцялісты прапанавалі зрабіць паркоўкі й накрыць іх пешаходнай плятформай. У схілах з боку цяперашняга праспэкта Машэрава (былая вуліца Дразда) і гасьцініцы таксама зробць двухузроўневыя стаянкі, а на іх — адкрытыя тэнісныя корты.
Праезд да дому ўздоўж «Белдзяржпраекту» таксама мяркуецца накрыць пешаходнай плятформай і дапоўніць невялічкімі аб’ектамі гандлю й грамадзкага харчаваньня. На самой плятформе можа разьмясьціцца дзіцячае мястэчка з кавярняй, а побач з ацалелыым дотам яшчэ адна кавярня «Ля дота».
Для ўпрыгожаньня зялёнай зоны перад праспэктам Пераможцаў аўтары прапануюць «завярнуць» на гэты бок магістралі старое рэчышча Сьвіслачы ў выглядзе штучнага вадаёму зь невялікімі вадаспадамі й фантанамі. Але для рэалізацыі шмат якіх прапаноў па добраўпарадкаваньні прыглеглай тэрыторыі яшчэ трэба шукаць інвэстара.