Уцекачы з Ірака могуць з'явіцца ў Беларусі праз два-тры месяцы, заявіў на прэс-канферэнцыі 19 чэрвеня начальнік дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Аляксей Бягун.

«Любыя эскалацыі напружанасці ў дзяржавах зыходу бежанцаў прыводзяць да таго, што ў далейшым колькасць асоб, якiя хадайнiчаюць аб прадастаўленні статусу бежанца, пачынае павялічвацца», — падкрэсліў ён.

«Але паколькі геаграфічна Беларусь размешчана на значным аддаленні ад Ірака, не мае з ім агульнай дзяржаўнай мяжы, а таксама з-за пэўнай візавай палітыкі Рэспублікі Беларусь у дачыненні да пэўных краін мы, хутчэй за ўсё, будзем назіраць павелічэнне колькасці асоб, якія хадайнічаюць аб прадастаўленні статусу бежанца або дадатковай абароны з тэрыторыі гэтай дзяржавы толькі праз некаторы час — два ці тры месяцы, калі яны змогуць легальна ўехаць, скажам, у Расію, а затым у сілу пэўных абставін, можа, трапяць на тэрыторыю Беларусі і будуць хадайнічаць аб прадастаўленні статусу бежанца», — сказаў Аляксей Бягун.

Пры гэтым ён адзначыў, што ў асноўным замежнікі, якія пераследуюцца ў дзяржавах грамадзянскай прыналежнасці, у першую чаргу імкнуцца пераехаць на тэрыторыю сумежных дзяржаў, а затым выбіраюць сабе больш-менш камфортнае месца для жыхарства, вызначаюць маршрут руху.

Прадстаўнік МУС паведаміў, што з кожным годам колькасць асоб, якія звяртаюцца ў беларускія кампетэнтныя органы за прадастаўленнем статусу бежанца або дадатковай абароны, павялічваецца. У 2013 такіх грамадзян было 203, з пачатку 2014 — ужо 160. На працягу доўгага часу ў гэтай масе дамінавалі грамадзяне Афганістана, у 2013 годзе — Сірыі, у 2014-м — Украіны.

Па словах Бегуна, з 1997 года аб атрыманні статусу бежанца ў Беларусі хадайнічала каля 4000 замежных грамадзян і асоб без грамадзянства. На сёння яго маюць 872 чалавекі. Прыкладна 150 ужо сталі грамадзянамі Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?