Аб'ём інвестыцый кітайскіх банкаў і кампаній ў праекты на тэрыторыі Беларусі ацэньваецца ў $15 млрд, заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч, выступаючы 19 чэрвеня на цырымоніі закладкі першага каменю Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка каля вёскі Быкачана Смалявіцкага раёна.

У прыватнасці, паводле яго слоў, інвестыцыі Кітайскай нацыянальнай машынабудаўнічай карпарацыі Sinomach склалі $1,7 млрд.

У сваю чаргу пасол КНР у Беларусі Цуй Цімін заявіў, што за 22 гады, якія прайшлі з моманту ўстанаўлення дыпламатычных адносінаў паміж Беларуссю і Кітаем, «былі атрыманы багатыя вынікі супрацоўніцтва ў галіне палітыкі, эканомікі і гандлю, навукі і тэхнікі, адукацыі, культуры і г. д.».

Пасол лічыць стварэнне Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка «важным момантам у развіцці ўсебаковых адносінаў і стратэгічнага партнёрства дзвюх краін». На яго думку, стварэнне парка таксама з'яўляецца «важным мерапрыемствам для павышэння ўзроўню супрацоўніцтва, стымулявання індустрыяльнай інтэграцыі і перспектыўнага развіцця».

Напярэдадні цырымоніі закладкі першага каменю парка ў Мінску адбылася прэзентацыя індустрыяльнага парка і інвестыцыйных магчымасцяў Беларусі. Акрамя таго, у межах візіту кітайскіх дэлегацый у Беларусь адбудзецца сустрэча Міхаіла Мясніковіча з прадстаўнікамі кітайскага бізнесу. Будзе падпісана пагадненне паміж урадам Беларусі і карпарацыяй Sinomach аб стратэгічным партнёрстве.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?