Два апытаньні «Свабоды» за два апошнія тыдні пацьвердзілі думку пра тое, што ў Беларусі праглядаюцца сёньня два суб’екты палітыкі, ад якіх нечага чакаецца, дзьве інтрыгі — Лукашэнка і лідэр БНФ. Першы таму, што ён адзін вызначае ўсё, што робіцца ў краіне. Другі таму, што неўзабаве адбудзецца зьезд БНФ, і абодва намесьнікі старшыні Фронту актыўна рэклямуюць сябе як прэтэндэнтаў на лідэра БНФ, тады як сам старшыня маўчыць. Такая тактыка, безумоўна, прыцягвае ўвагу да арганізацыі, нават калі б яна зусім нічога ня значыла ў жыцьці краіны. Між іншым, гэта сьведчыць і пра тое, што нічога больш значнага ў беларускім унутрыпалітычным жыцьці не адбываецца.
Ад Лукашэнкі чакаюць пакаяньня, вызваленьня палітвязьняў і беларусізацыі. Ад БНФ… Вольная ці міжвольная перадзьездаўская піяр‑кампанія вярнула гэтай арганізацыі вобраз флагмана апазыцыі. Калі б на такім самым уздыме яшчэ й зьезд адбыўся і пачалося пасьлязьездаўскае жыцьцё, можна было б сказаць, што БНФ ажыў, што ён зноў пачынае, з надзеяй выйграць.
Праўда, папярэдняе дзесяцігодзьдзе ня надта абнадзейвае ў гэтым сэнсе. Але заўсёды хочацца верыць, што спэктакаль яшчэ ня скончыўся і што ў новым сэзоне мы ўбачым зусім іншы тэатар, варты аншлягаў і дэфіцыту білетаў.
Дык чаго ж чакаюць ад БНФ — яго лідэра і зьезду?
Нехта раіць Вячорку аб’яднацца з Пазьняком, нехта — запрасіць на старшыню Мілінкевіча, нехта — памяняць назву.
Што да назвы, дык, мабыць, мяняць яе варта было пасьля таго, як Фронт раскалоўся на БНФ і КХП БНФ. Але тады гэтага не зрабілі ды так і прахадзілі ўвесь час у «пазьнякістах» пад шквальным агнём ягонай (Пазьняка) крытыкі. Так пад старым імем партыя дакантавалася да нашых дзён, калі назва БНФ пачала ператварацца ў больш‑менш нэйтральны брэнд (вырасла новае пакаленьне, якое ня памятае Пазьняка), што можа быць напоўнены новым зьместам.
Трэба ўлічваць і тое, што зьмена назвы для БНФ азначала б сыход у падпольле і страту сядзібы на Машэрава, 8. А гэта, у сваю чаргу, сталася б канцом партыі, у якой сёньня, апроч легальнага статусу ды слаўнай гісторыі, ніякіх іншых актываў няма.
Што да Пазьняка, дык недааформленыя адносіны зь ім увесь гэты час цяжкім баластам ляжаць на плячах БНФ, не дазваляючы зь лёгкасьцю манеўраваць у анклявах беларускай апазыцыйнай палітыкі. Як недавершаны развод замінае сужэнцам шукаць сабе іншых спадарожнікаў, а калі тыя й памыкаюцца, дык усё адно ў першай жа кватэры ім нагадаюць: «А‑а‑а, вы з БНФ? Ад Пазьняка, значыць». Нічога не зьмяняючы, фронтаўцы быццам вырашылі дачакацца, калі ўрэшце адыдзе той электарат, які зьвязвае БНФ і Пазняка, і тады пачнецца вольнае жыцьцё.
За Вячоркам Фронт стабілізаваўся ў няпэўнасьці. Верагодна, такі стан дапамагаў арганізацыі выжыць, але адначасова не даваў разьвівацца, адбіраў прыхільнікаў. Фронт «адсядзеўся». Вось чаму яшчэ гэты зьезд прыцягвае да сябе павялічаную ўвагу. Бо выхад зь няпэўнасьці заўсёды рызыкоўны — альбо пан, альбо прапаў. Зь іншага боку, калі працягваць «адседжвацца» — значыць, можна больш ужо не разьлічваць на такія ўсплёскі грамадзкай увагі (перадусім, пазытыўнай), як цяпер.
Запрасіць на лідэрства Мілінкевіча? Але ў Мілінкевіча ёсьць свой «фронт», свой рух, у якім фронтаўцам ці іх лідэрам вызначальнага месца ня будзе. І тут фэсту не прадбачыцца.
Вы скажаце, што яго не прадбачыцца ў кожным выпадку? Магчыма. Але момант гэтай невядомасьці і гэтага чаканьня — таксама чагосьці варты. І дэмакратычная Беларусь мусіць падзякаваць БНФ за гэтыя некалькі месяцаў прывіднай надзеі на перамены.