20—21 чэрвеня міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей наведаў Рэспубліку Эквадор з афіцыйным візітам.

Як паведамляе прэс-служба МЗС, Макей правёў сустрэчу з віцэ-прэзідэнтам Эквадора Хорхе Гласам, падчас якой перадаў асабістае пасланне Аляксандра Лукашэнкі ў адрас кіраўніка краіны Рафаэля Карэа Дэльгада. У сустрэчы таксама бралі ўдзел кіраўнікі шэрагу ключавых эквадорскіх міністэрстваў, зацікаўленых у нарошчванні двухбаковага супрацоўніцтва з Беларуссю.

«Адбыўся грунтоўны абмен думкамі аб зробленым па выкананні дамоўленасцяў кіраўнікоў дзвюх краін, дасягнутых падчас візітаў прэзідэнта Беларусі ў Эквадор у чэрвені 2012 года і прэзідэнта Эквадора ў Мінск у кастрычніку 2013 года. Намечаны канкрэтныя шляхі нарошчвання супрацоўніцтва па розных кірунках», — гаворыцца ў паведамленні МЗС.

У прысутнасці віцэ-прэзідэнта кіраўнікі міністэрстваў замежных спраў падпісалі пагадненне аб бязвізавых паездках грамадзян Беларусі і Эквадора.

Падчас сустрэчы з міністрам замежных спраў Эквадора Рыкарда Паціньё Арока ў вузкім складзе абмеркаваныя пытанні развіцця палітычных кантактаў, у тым ліку на вышэйшым узроўні. 

Суразмоўцы выказалі ўпэўненасць у тым, што новую дынаміку двухбаковаму ўзаемадзеянню нададуць нядаўняе адкрыццё пасольства Беларусі ў Эквадоры, а таксама адкрыццё пасольства Эквадора ў Беларусі, якое мае адбыцца ў хуткім часе. Міністры падрабязна абмеркавалі сітуацыю ў еўрапейскім рэгіёне, у Цэнтральнай і Лацінскай Амерыцы, пытанні ўмацавання ўзаемадзеяння на міжнароднай арэне з улікам давернага характару адносінаў паміж дзвюма краінамі.

У мэтах актывізацыі двухбаковага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва міністры замежных спраў Беларусі і Эквадора правялі пашыраную нараду з удзелам прадстаўнікоў шырокага кола эквадорскіх міністэрстваў і беларускіх прадпрыемстваў (МАЗ, «Беларуснафта», «Белзамежбуд»). Прааналізаваныя наяўныя праблемы пры рэалізацыі праектаў у дзвюх краінах у розных сферах, намечаны шляхі іх ліквідацыі. Дасягнута дамоўленасць аб выхадзе на новыя кірункі ўзаемадзеяння да другога пасяджэння беларуска-эквадорскай камісіі па гандлі і эканамічным супрацоўніцтве, якое запланавана правесці ў Кіта ў пачатку восені 2014 года.

Падчас знаходжання беларускай дэлегацыі ў Эквадоры падпісаны мемарандум аб узаемаразуменні і супрацоўніцтве ў сферы сельскай гаспадаркі, жывёлагадоўлі, аквакультуры і рыбалоўства. З беларускага боку дакумент падпісаў першы намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Марыніч.

Макей наведаў таксама «Горад ведаў Ячай», які закліканы стаць унікальным для Лацінскай Амерыкі тэхналагічным і адукацыйным цэнтрам. З кіраўніцтвам адміністрацыі цэнтра абмеркаваны магчымыя варыянты супрацоўніцтва з адукацыйнымі ўстановамі Беларусі. Эквадорскі бок выказаў асаблівую зацікаўленасць у развіцці ўзаемадзеяння з беларускім Паркам высокіх тэхналогій, паведамляе МЗС.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?