Былыя прэзідэнты Украіны Леанід Краўчук, Леанід Кучма і Віктар Юшчанка накіравалі прэзідэнту Расіі Уладзіміру Пуціну адкрыты ліст з заклікам спыніць агрэсію супраць Украіны.
Unian.net
«Мы падпісалі адкрыты ліст прэзідэнту Расіі Уладзіміру Пуціну аб тым, што неабходна спыніць агрэсію, і што Украіна гатовая да мірных перамоваў», — заявіў журналістам Леанід Краўчук пасля ўскладання кветак у парку Славы, дзе палітыкі сабраліся з нагоды Дня смутку і ўшанавання памяці ахвяр вайны ва Украіне.
Паводле яго слоў, вельмі важна, што гэты ліст падпісалі менавіта 22 чэрвеня, бо «ў гэты дзень нават у такіх дыктатараў, якія на сённяшні дзень існуюць у свеце, сэрца павінна адкрыцца».
Таксама Краўчук адзначыў, што гісторыя некаторых людзей нічому не навучыла, таму просіць Пуціна не ўмешвацца ў справы Украіны і спыніцца.
Экс-прэзідэнт выказаў упэўненасць у тым, што калі цяпер Пуцін спыніць агрэсію супраць Украіны, то ў яго яшчэ ёсць шанец застацца ў гісторыі як «светлая асоба».
Пры гэтым Кучма прызнаў, што без намаганняў Пуціна канфлікт ва ўсходняй Украіне пагасіць не атрымаецца.
Таксама, на яго думку, цяперашнія падзеі паказалі цану заявам аб «братэрскіх адносінах» паміж Украінай і Расіяй.
Прэзідэнт Юшчанка лічыць, што Расія ўжо вядзе неабвешчаную вайну супраць Украіны.
Экс-прэзідэнты адзначылі, што ліст Пуціну напісаны ў карэктнай форме і на рускай мове.
У лісце экс-прэзідэнты Украіны спасылаюцца на мірны план Пятра Парашэнкі, які напярэдадні, знаходзячыся ў штабе антытэрарыстычнай аперацыі пад Славянскам, аддаў загад Узброеным Сілам, Нацыянальнай гвардыі, падраздзяленням МУС, памежнікам у аднабаковым парадку спыніць агонь да 27 чэрвеня.