23 чэрвеня ў Данецку адбудзецца пасяджэнне трохбаковай кантактавай групы па рэалізацыі мірнага плана прэзідэнта Пятра Парашэнкі. Пра гэта паведамляе прэс-служба прэзідэнта Украіны.

Мэта пасяджэння — вызначэнне этапаў рэалізацыі мірнага плана.

«Чакаецца, што ў перамовах у Данецку возьмуць удзел спецпрадстаўнік дзеючага старшыні АБСЕ Хайдзі Тальявіні і пасол Расіі ва Украіне Міхаіл Зурабаў. Па даручэнні кіраўніка дзяржавы, у пасяджэнні возьме ўдзел другі прэзідэнт Украіны Леанід Кучма», — гаворыцца ў паведамленні.

Перад ад'ездам кантактавай групы ў Данецк прэзідэнт Украіны прыняў яе ўдзельнікаў у Кіеве.

«Удзел Леаніда Кучмы сведчыць аб высокай увазе прэзідэнта Украіны да гэтай місіі», — заявіў Парашэнка.

Як вядома, першае пасяджэнне групы адбылося 8 чэрвеня ў Кіеве. Тады Украіну рэпрэзентаваў амбасадар у Нямеччыне Паўло Клімкін, які цяпер узначальвае МЗС.

У панядзелак у Люксембургу на пасяджэнні Рады ЕС па замежных справах Клімкін выкладзе мірны план Парашэнкі па ўрэгуляванні сітуацыі на ўсходзе краіны.

Як вядома, у нядзелю прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін выказаў радасць, што ягоны кум Віктар Медвядчук «атрымаў мандат» весці перамовы з АБСЕ ад імя абодвух аб'яднанняў баевікоў на Усходзе — Луганскай і Данецкай «народных рэспублік».

У склад трохбаковай групы Медведчука ўключаць не будуць.

Цікава, што Медвядчук у свой час быў кіраўніком Адміністрацыі Леаніда Кучмы. Абодва былі крайне непапулярнымі, яны былі аб'ектамі нянавісці ў часе Аранжавай рэвалюцыі. І вось — усплылі, вайна вынесла.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?