Сільвестр Сталоне сыграе яшчэ ў адной частцы пра Рэмба. Як паведамілі прадстаўнікі студыі Splendid Film рыхтуецца да выхаду фільм «Рэмба-5».

Прэм'ера стужкі запланаваная на 2015 год. Герой пятай часткі гісторыі пра Рэмба будзе змагацца супраць мексіканскага наркакартэля.

Сталоне (зорка «Рэмба» і «Рокі») удзельнічаў у стварэнні сцэнара. Акцёр кажа, што працяг «Рэмба» - гэта варыянт фільма «Старым тут не месца».

Упершыню фільм «Рэмба» выйшаў больш за 30 гадоў таму, у 1982. Ён быў зняты паводле рамана Дэвіда Марэла «Першая кроў» (1972 год) і называўся амаль аналагічна «Рэмба: Першая кроў». Пры бюджэце $ 15 млн карціна зарабіла больш за $ 125 млн, а таксама сусветную славу. На ролю Рэмба прэтэндавалі акцёры Аль Пачына, Джон Траволта, Дастын Хофман і Клінт Іствуд, але па розных прычынах адмовіліся. Сталоне хацеў за ролю Рэмба ганарар $ 3,5 млн, але ў выніку пагадзіўся на $ 2 млн, яшчэ $ 1,5 млн ён атрымаў ад пракату фільма на тэлебачанні.

Па сюжэце, Джон Рэмба (ветэран вайны ў В'етнаме) падарожнічае па Амерыцы, каб знайсці сваіх баявых таварышаў. Падарожжа перапыняе шэрыф правінцыйнага гарадка, які ненавідзіць валацугаў. Рэмба трапляе ў турму па ілжывым абвінавачванні, уцёкае і помсціць.

Ужо ў 1985 годзе выйшаў працяг гісторыі - «Рэмба: Першая кроў - 2». Трэцяя частка «Рэмба» з'явілася ў 1988 годзе. Пасля гэтага быў перапынак у 20 гадоў. «Рэмба-4» выйшаў на вялікія экраны толькі ў 2008 годзе. Сталоне не толькі выканаў галоўную ролю ў карціне, але і выступіў у якасці рэжысёра. Пры бюджэце ў $ 50 млн фільм сабраў у сусветным пракаце $ 113,2 млн.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0