Ксенія Авімава

На міжнародным конкурсе блоґаў The Best of Blogs былі названыя найлепшыя інтэрнэт‑дзёньнікі 2007 году. Пераможцам у галоўнай намінацыі «Найлепшы блоґ» стаў беларускі праект «Фотаграфаманства», які вядзе карыстальніца LiveJournal’a ak-bara — 23‑гадовая журналістка зь Менску Ксенія Авімава.

«Гэта для мяне проста пляцоўка, дзе я выкладаю свае аматарскія фатаграфіі», — сказала Ксенія ў інтэрвію «Нямецкай хвалі».

На думку сябры міжнароднага журы Антона Носіка,

«блоґ 23‑гадовай беларускай дзяўчыны, якая праз чорна‑белыя фатаграфіі расказвае пра жыцьцё вакол яе, выбраны ў тым ліку й тымі сябрамі журы, хто не ўяўляе сабе, дзе знаходзіцца Беларусь — таму што ён, напэўна, вельмі ўцямна перадаў некаторыя настроі й сьветаадчуваньні».

Сябра журы з Францыі Жыль Кляйн выказаў такое меркаваньне:

«Гэты блоґ дае ўяўленьне пра Беларусь, краіну, якая мала цікавіць сусьветныя СМІ, безь непатрэбнага ў дадзеным выпадку тэксту. Я знаходжу гэта асабліва цікавым, бо палітычна не абцяжараны й нагэтулькі чалавечны, цёплы погляд прыносіць асаблівае эстэтычнае задавальненьне. Гэта проста праца на дакумэнтальным матэрыялам. Я ня думаю, што за гэтымі чорна‑белымі здымкамі хаваецца нейкае крытычнае пасланьне. Глядач бачыць простую абыдзённасьць, зь ейнымі ўзьлётамі й падзеньнямі, якая ёсьць у кожнай краіне».

У намінацыі, заснаванай праваабарончай арганізацыяй «Рэпарцёры бязь межаў», перамогу здабыў блоґ Jotman. Гэты блоґ вядзе дасьведчаны аўтар вядомы яшчэ па асьвятленьні падзей 2006 году ў Тайляндзе. Цяпер блоґер засяродзіў сваю ўвагу на Бірме, дзе ў сутыкненьнях з ваеннай хунтай гінуць мірныя жыхары. Важнай адметнасьцю ёсьць тое, што гэты аўтар заўжды вядзе свой сеціўны дзёньнік наўпрост зь месца падзеі.

Найлепшым жа блоґам на расейскай мове быў названы часапіс /dev/karlson/mind.log карыстальніка LJ kitya.

Арганізатарам конкурсу «The Best of Blogs» выступіла «Нямецкая хваля».

Паводле Deutsche Welle

І мне цікава, як рэагуюць іншыя на гэты погляд.

Ксенія Авімава: Я працую журналістам у газэце «Беларусы і рынак», жыву ў Менску, мне 23 гады. Што заахвоціла мяне распачаць блоґ? Напэўна, тое, што гэта модна. Багата маіх знаёмых вядуць блоґі, у тым ліку й на плятформе Livejournal. Мне стала цікава, і я вырашыла завесьці свой праект. Доўгі час я пісала выключна для сябе, а потым мне захацелася паказаць шматлікія свае фатасэсіі людзям, каб яны маглі іх ацаніць і пракамэнтаваць.

— Якое месца займае блоґ у вашым жыцьці?

— Гэта для мяне проста пляцоўка, дзе я выкладаю свае аматарскія фатаграфіі. Бадай, гэта маё хобі. Гэта дае мне стымул для таго, каб я фатаграфавала. Думаю, так усё застанецца і ў будучыні. Я хачу фатаграфаваць лепей і спадзяюся, што сярод чытачоў майго блоґа знойдзецца які‑кольвек крытык, які зможа мне параіць, што трэба зрабіць для таго, каб мае фатаграфіі былі лепшымі. Гэта было б файна.

Дагэтуль крытычных камэнтароў было вельмі мала. Я ня ведаю, чаму. Апроч таго, мне цікавая рэакцыя людзей на мае фатаграфіі, гэта мой погляд на сьвет. І мне цікава, як рэагуюць іншыя на гэты погляд.

— Ці зьвязаны якім-небудзь чынам гэты блоґ з вашай прафэсіяй?

— Хутчэй, гэта неяк зьвязана з тым, кім я хачу быць. Я хачу быць фотакарэспандэнтам, і блоґ для мяне — гэта проста пляцоўка для трэніроўкі. Я тэкставы журналіст, але хачу памяняць сваю спэцыялізацыю. То бо гэта зьвязана з маімі прафэсійнымі памкненьнямі.

— Запісы ў вашым блоґу суправаджае вялікая колькасьць камэнтароў. Чым вы гэта тлумачыце?

— Я думаю, што мой блоґ уваходзіць у частку такой невялікай сацыяльнай сеткі, якая даволі прыхільна ставіцца да сваіх удельнікаў. Я не сустракаю ў сваім блоґу хамскіх камэнтароў, як гэта бывае ў многіх іншых. Людзі, якія чытаюць мой блоґ, відаць, проста цікавяцца тым, што я раблю, цікавяцца мною як чалавекам.

— Дзе яшчэ публікуюцца вашыя фатаграфіі? І дзе вы іх публікавалі раней, да зьяўленьня блоґаў?

— Сем гадоў таму я пісала рэпартаж пра адзін канцэрт і прапанавала ілюстраваць яго сваімі фатаграфіямі. Яны былі апублікаваныя, але гэта было вельмі даўно, і пасьля гэтага я больш не друкавалася як фотажурналіст.

— Чаму вы выбралі плятформу Livejournal?

— У Беларусі гэта самая папулярная плятформа для дарослых блоґераў, я маю на ўвазе людзей у веку 18 гадоў і старэйшых. Багата якія мае знаёмыя карыстаюцца гэтай плятформай.

— Ці чытаеце вы самі іншыя блоґі? Хто вашыя ўлюбёныя блоґеры?

— Так, у мяне ёсьць фрэнд‑стужка. Мне вельмі падабаюцца расказы аўтара блоґу «7 кароў» — таксама на плятформе Livejournal. Мне падабаюцца фатаграфіі ў блоґу «365 дзён у годзе», ягоная канцэпцыя падобная да канцэпцыі майго блоґу: кожны дзень аўтар выкладае па адной фатаграфіі, якую ён зрабіў у гэты дзень. Чытаю й іншыя блоґі.

— Ці існуюць якія‑небудзь адметнасьці, уласьцівыя блаґасфэры ў Беларусі?

—Так, у нас вельмі мала незалежных газэт і інтэрнэт‑плятформаў, дзе можна выказаць своё пункт гледжаньня, і вельмі многія блоґеры — менавіта дарослыя людзі, якім больш за 20 гадоў — вядуць блоґі. Вельмі часта гэтыя блоґі — палітызаваныя. Вядуць блоґі на плятформе Livejournal і некаторыя апазыцыйныя палітыкі, каб выказаць свой пункт гледжаньня й прывабіць патэнцыйных прыхільнікаў.

Гутарыла Вольга Сасьніцкая, Deutsche Welle

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0