25 гадоў таму, 24—25 чэрвеня 1989 года, у Вільні адбыўся ўстаноўчы з'езд Беларускага народнага фронту (БНФ). Як пачынаўся рух БНФ у Мінску пры канцы 80-х — пра тое ўжо ўсе ведаюць, бо напісана шмат.

А як гэта было ў іншых гарадах — вядома мала. Паспрабуем тут адкрыць адну з такіх таямніц расповядам пра магілёўскі пачатак.

Першы мітынг на Дзяды ў Магілёве, 2 лістапада 1989. Выступае Міхась Булавацкі.

Першы мітынг на Дзяды ў Магілёве, 2 лістапада 1989. Выступае Міхась Булавацкі.

Прайшло 25 год, але мне помніцца той кастрычніцкі надвячорак, калі ў пакойчык студэнцкага інтэрната, дзе жылі і выкладчыкі педагагічнага інстытута, у тым ліку аўтар гэтых радкоў, уварвалася мая знаёмая Тамара Раманькова.

Тамара выкладала фізіку ў вучылішчы культуры. Была яна жанчынай імпульсіўнай, энергічнай, таму слова «ўварвалася» ў дадзеным выпадку дарэчы.

За ёй увайшоў каранасты малады мужчына, з якім яна мяне пазнаёміла — інжынер машынабудаўнічага інстытута Анатоль Фёдараў.

— Ой, там такое!.. — узбуджана загаманіла Раманькова.

З яе блытаных усхваляваных сказаў мы зразумелі, што ў Мінску рыхтуецца стварэнне арганізацыі па абароне правоў і памяці рэпрэсаваных людзей і што гэта робіцца па ініцыятыве знізу, з-за чаго супраць ініцыятараў паўстане ўся камуністычная армія і г.д. Тамара збіралася ўзяць удзел у сходзе, для гэтага яе павінна вылучыць туды з трох ці болей чалавек.

Бацькі Тамары былі рэпрэсаванымі і гэта наклала адбітак на ўсё яе жыццё. Мой бацька і яго брат таксама прайшлі сцежкамі ГУЛАГа — і гэта было яшчэ адным, што збліжала нас. Вынікам таго вечара стаў пратакол аб тым, што ад імя суполкі з трох грамадзян Тамара Раманькова накіроўваецца на ўстаноўчы сход грамадскага аб’яднання «Камітэт 58». З гэтым пратаколам яна і паехала ў Мінск у сераду 19 кастрычніка 1988.

А па вяртанні расказала аб тым, што адбывалася на сходзе ў Доме кіно. І мы вырашылі пачаць падрыхтоўку да стварэння Магілёўскай філіі «Мартыралогу Беларусі», якая пазней стала падмуркам стварэння ў Магілёве філіі БНФ.

Асноўную працу рабіла Тамара. Яна мела шмат знаёмых у Магілёве і вобласці, сярод якіх былі і рэпрэсаваныя ці іх сваякі. Іх найперш і запрашала на сход. Мы з Анатолем шукалі прыхільных да такой ідэі людзей з асяродку нашых знаёмых.

Сход рыхтаваўся патаемна. Але тое, што ведаюць двое, ужо не сакрэт.

Дый тэлефонныя перамовы ў тыя часы ўжо ўмелі праслухоўваць. Таму я сумняваўся, што КДБ не зашкодзіць нам. Аднойчы выказаў сумненні Раманьковай. «Прыдумаем запасны варыянт», — сказала яна.

Сход узнамерыліся правесці ў нядзелю 27 лістапада ў «ленінскім пакоі» (так называліся раней пакоі адпачынку) інтэрната швейнай фабрыкі. Выхавальнікам там быў вайсковец у адстаўцы Мікалай Курашоў. У 1968 ён у складзе савецкіх войск знаходзіўся ў Чэхаславакіі і чакаў, што атрымае званне ветэрана вайны і льготы. Але яму адказалі, у Чэхаславакіі ніякай вайны не было. Таму ён лічыў сябе пакрыўджаным савецкай уладай. Магчыма, на гэтай крыўдзе і сыграла Тамара, калі дамаўлялася аб памяшканні.

Удзельнічаць пагадзіліся каля трыццаці чалавек, большасць з Магілёва. З Мінска прыехалі Зянон Пазьняк, пісьменнік Эрнэст Ялугін і кінарэжысёр Алег Белавусаў.

Галоўным для нас падчас падрыхтоўкі сходу было пытанне аб тым, хто ўзначаліць магілёўскую філію. Патрэбен быў чалавек аўтарытэтны, магчыма, абаронены дзяржаўнымі ўзнагародамі (нематываванае звальненне такога выглядала б скандальна), а з іншага боку, чалавек псіхічна ўстойлівы і перакананы ў праваце справы.

Гэтым чалавекам аказаўся выкладчык вучылішча і рэжысёр Краснапольскага народнага тэатра Валянцін Ермаловіч (брат гісторыка Міколы Ермаловіча), заслужаны дзеяч культуры. Яго бацьку, Івана Ермаловіча, паспяховага хутаранца, добрага гаспадара на зямлі, у 1939 за нежаданне ўступаць у калгас раскулачылі і прысудзілі «дзесяць год без права перапіскі». Далей Валянціна, двух яго братоў і сястру гадавала маці. Гэты чалавек не мог быць абыякавым да нашай справы.

…Сівы лысаваты чалавек з добрымі і мудрымі вачыма спакойна выслухаў нашы аргументы і, крыху падумаўшы, сказаў: «Што ж, калі трэба, — я згодны».

Займацца справамі «Мартыралогу» ён не збіраўся, бо не меў на гэта часу. Але ён гатовы быў прыкрыць сваёй постаццю наіўных энтузіястаў.

…Людзі збіраліся ў інтэрнацкім пакойчыку. Паколькі сцены былі завешанымі камуністычнымі плакатамі і партрэтамі, нам давялося вешаць свае плакаты паверх тых.

Настрой быў трывожна-ўрачысты.

Наша дзея выходзіла за межы традыцыйных паводзін выхаванага савецкага чалавека. Казытала нервы адчуванне яе забароненасці і ў той жа час адчуванне ненармальнасці гэтай забароны.

І тут у пакой увайшлі камендант інтэрната, партарг фабрыкі, намесніца старшыні райвыканкама і яшчэ адзін чалавек, які не назваўся. «Что тут происходит? Кто вы такие?» — гучна запыталіся яны. За дзвярыма ў калідоры стаяў чалавек у міліцэйскай форме.

Яны запатрабавалі пакінуць памяшканне, бо сход не ўзгоднены з кіраўніцтвам фабрыкі. І тут нехта з іх кінуў позірк на сцены і аж задыхнуўся ад абурэння: «Яны Леніна і Маркса завесілі! Гэта ж падсудная справа!»

Нам нічога не заставалася, як паздымаць плакаты і выйсці.

Шчыльнай групкай, следам за Тамарай, мы пайшлі ў бок вучылішча культуры.

А 19-й у лістападзе ўжо цёмна. Ішлі марудна, бо сярод нас былі людзі сталага веку. Следам за нашай групай пагрозліва пасоўвалася другая. «Канваіры», — пажартаваў нехта з былых вязняў ГУЛАГа. «Канваіраў» было не менш за нас.

Яны ішлі на адлегласці трыццаць-сорак метраў. Спыняліся мы — спыняліся і яны.

Некалькі чалавек з нашай групы не вытрымалі гэтага псіхічнага ціску, адышлі ўбок і зніклі.

Але ўпартая група не разыходзілася. Усё ж «Мартыралог Беларусі» ў Мінску створаны, пра тое ўсе ведаюць, і ў памяці нядаўнія падзеі 30 кастрычніка ў Курапатах, якія выклікалі ў народзе гнеў і абурэнне паводзінамі ўладных структур і непрыкрытай іх хлуснёй.

Пратэстны настрой яднаў людзей і гэта было мацней за страх.

Каля будынка вучылішча Тамара спыніла групу і азірнулася на «канваіраў». Тыя таксама спыніліся.

Тады яна дастала ключ, адамкнула дзверы, запусціла нас у будынак, а дзверы зсярэдзіны заблакавала, прасунуўшы у ручку тоўстую дошку.

«Канваіры» пачалі тузаць дзверы, але завала трымала надзейна. Дзверы можна было адчыніць, толькі выламаўшы іх.

«Канваіры» разгубіліся. Пачалі званіць дырэктару вучылішча, каб знайсці ключ ад другога ўвахода. Была нядзелька, каля 20 гадзін.

Пакуль дырэктар успамінаў, дзе ключ, пакуль знайшлі загадчыка гаспадаркі з ключом, пакуль тым ключом адмыкалі заржавелы замок, прайшла гадзіна.

Гэтага часу нам хапіла, каб, падняўшыся на трэці паверх, заняць адну з аўдыторыяў і пачаць сход.

Першым казаў Ермаловіч. Коратка азначыўшы, што задача новага грамадскага стварэння — вярнуць з небыцця імёны людзей, зніклых у жахлівым чэраве сталінізму, пачаў гаварыць аб… мове: «Сярод самых жудасных злачынстваў сталінізму — тое, што ён расстраляў нашу родную мову. Вяртанне роднай мовы да жыцця — адна з асноўных задач нашай дзейнасці. Трэба вярнуць мову нашым дзецям…»

Тады я лічыў, што вяртанне роднай мовы — важная справа, але важнейшая — выкараскацца з камунізму, дамагчыся, каб людзі маглі выказваць свае меркаванні, не рызыкуючы трапіць у пастарунак ці быць высланым за мяжу…

Прамова Раманьковай была перабітая з’яўленнем у памяшканні трох спацелых людзей — дырэктара вучылішча В.Слукіна, сакратара партбюро В.Ротача і капітана міліцыі А.Залатухіна.

— Пакіньце памяшканне!

— Мы ж нічога не парушаем. Зараз скончым сход і пакінем.

— Вы сабралі тут нефармалаў!

— Якіх нефармалаў? Паглядзіце: тут настаўнікі, выкладчыкі ВНУ, інжынеры, пенсіянеры, былыя рэпрэсаваныя і зараз рэабілітаваныя. Паважаныя ў грамадстве людзі.

Прысутнічаюць людзі з Мінска — супрацоўнік Акадэміі навук, пісьменнік і рэжысёр.

У людзей, што з’явіліся нас разганяць, не было плану дзеянняў. І яны сышлі пасля таго, як міліцыянт перапісаў прозвішчы прысутных. А мы прадоўжылі сход.

Пасля прамовы Зянона Пазьняка, які казаў пра патрэбу канчатковага развянчання сталінізму, Раманькова прапанавала ўступаць у таварыства.

Сышлі два чалавекі. Астатнія запоўнілі анкеты, прагаласавалі за стварэнне Магілёўскай філіі, абралі старшыню і трох яго намеснікаў.

Такім чынам, Магілёўская філія асацыяцыі «Мартыралог Беларусі» пачала дзейнасць познім вечарам 27 лістапада 1988 года, у дзень памяці змагароў Слуцкага збройнага чыну (пра які мы тады нічога не ведалі).

Назаўтра мае студэнты пацікавіліся, што адбывалася ў нядзелю вечарам. Я расказаў ім пра «Мартыралог». Яны пераглянуліся:

— Дык гэта мы вас хацелі пабіць!

— Што-што?! А ну пра гэта падрабязней.

Высветлілася, што напярэдадні іх выклікалі ў дэканат. Там сядзеў малады мужчына спартыўнага целаскладу. «Хлопцы, — сказаў ён, — распаясаліся нефармалы. Трэба пабіць іх». «Нефармаламі» для маіх хлопцаў былі пацаны, якія насілі завушніцы ў носе. Пабіць такіх яны былі не супраць. Вось так і апынуліся ў групе нашых «канваіраў». Але «нефармалы» аказаліся хітрэйшымі. І цяпер «канваіры» рагаталі разам з адным з «нефармалаў».

Міхась Булавацкі, на той час выкладчык педагагічнага інстытута

 

* * *

Міхась Булавацкі

нар. у 1947 у вёсцы Восы Глускага р-на Магілёўскай вобл. Настаўнік, журналіст, грамадскі дзеяч. З пачатку 90-х займаецца літаратурнай дзейнасцю, перакладамі.

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0