У Беларусі складскія запасы выраслі ў маі гэтага года за кошт павелічэння нерэалізаванай прадукцыі дзяржпрадпрыемстваў, сведчаць звесткі афіцыйнай статыстыкі.

Так, па стане на 1 чэрвеня аб'ём складскіх запасаў у арганізацыях, падведамасных рэспубліканскім органам дзяржкіравання, склаў 90,6% ад месячнага аб'ёму вытворчасці (супраць 89,7% на 1 мая). 

У арганізацыях, падведамасных мясцовым органам улады, аб'ём складскіх запасаў склаў на 1 чэрвеня 52,8% ад месячнага аб'ёму прамвытворчасці (супраць 42,8% на 1 мая). Разам з тым у прыватных прадпрыемствах (у юрыдычных асоб без ведамаснай падпарадкаванасці) у маі зафіксавана зніжэнне ўзроўню складскіх запасаў. 

Трэба адзначыць, што ў маі рост складскіх запасаў зафіксаваны практычна ва ўсіх галінах беларускай прамысловасці. Так, у машынабудаванні аб'ём складскіх запасаў на 1 чэрвеня складаў 268,1% месячнага аб'ёму прамвытворчасці (на 1 мая — 260,7%), у дрэваапрацоўцы — 102% (98,7%), у харчовай прамысловасці — 74,9% (71,5%). 

Акрамя гэтага, у маі зафіксаваны істотны рост складскіх запасаў на прадпрыемствах лёгкай прамысловасці. Так, у тэкстыльнай і швейнай вытворчасці таварныя запасы ў маі выраслі на 10,4 працэнтнага пункта адносна да месячнага аб'ёму вытворчасці, у абутковай галіне аб'ём складскіх запасаў дасягнуў амаль чатырохмесячнага аб'ёму вытворчасці. 

Нагадаем, з мэтай абароны інтарэсаў айчынных вытворцаў прамысловай прадукцыі з 1 ліпеня ў Беларусі прапаноўвалася ўвесці інстытут спецімпарцёра і перадаць выключнае права на ўвоз многіх тавараў 12 дзяржаўным прадпрыемствам. 

Разам з тым пасля крытычных выступленняў прадстаўнікоў прыватнага бізнесу і публікацый у сродках масавай інфармацыі было прынята рашэнне адмовіцца ад увядзення інстытута спецімпарцёра. 

«Міністэрства прамысловасці пасля разгляду з зацікаўленымі рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання пытання па даванні выключнага права дзяржаве на ажыццяўленне імпарту шэрагу прамысловых тавараў работу па падрыхтоўцы нарматыўнага дакумента лічыць немэтазгоднай, увядзенне спецімпарцёраў надалей не плануецца», — гаварылася ў афіцыйным паведамленні Мінпрама.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?