05.07.2014 / 10:02

Тарговицкая конфедерация: Луганда 18 столетия 14

События на востоке Украины напоминают подрыв Речи Посполитой в 18 столетии.

У Рэчы Паспалітай сканчаўся «чатырохгадовы сойм». Сканчаўся паспяхова: была зацверджаная Канстытуцыя 3 мая. Яна мусіла пакласці край анархіі, што панавала ў краіне.

Канстытуцыя ліквідавала федэратыўны лад Рэчы Паспалітай — гэта значыць Польская Карона і Вялікае Княства Літоўскае станавіліся адной канфедэратыўнай дзяржавай. Канстытуцыя таксама адмяняла «ліберум вета» — права апошняга цёмнага або купленага шляхціца-дэпутата заблакаваць любое рашэнне сойма.

Канстытуцыя прадугледжвала прынцып падзелу ўладаў — выканаўчая аддавалася каралю, які атрымліваў больш рычагоў для рэальнага кіравання краінай. Ліквідавалася выбарнасць каралёў, рэфармаваўся ўрад і клаўся пачатак стварэнню баяздольнага войска.

Упарадкаванне Рэчы Паспалітай непакоіла суседзяў — Расію, Прусію і Аўстрыю, якія мелі планы падзяліць краіну паміж сабою.

Для гэтага было вырашана задзейнічаць прарасейскую партыю, клапатліва выгадаваную да таго часу.

Стварэнне прарасейскай партыі

Яе рухавіком быў «алігарх», як сказалі б сёння, Станіслаў Шчасны Патоцкі.

Уласнік 1,5 млн гектараў зямлі ва Украіне, які меў 130 тысяч прыгонных, ваявода Рускі, які падарыў Рэчы Паспалітай артылерыйскі полк, лічыў сябе абражаным, калі на сойме ў 1788 яго не абралі старшынёй, і адмовіўся прызнаваць Канстытуцыю.

Ёсць версія, што сваю ролю ў гэтым адыграла прыгажуня Соф’я Віт, былая канстантынопальская куртызанка, блізкая да фаварыта Кацярыны ІІ графа Пацёмкіна.

Прыхільнасць Соф’і расла па меры ўзмацнення прарасійскіх поглядаў магната. Разам з каронным польным гетманам Севярынам Ржавускім, прыхільнікам старых шляхецкіх вольнасцяў, яны яшчэ падчас працы сойма наведвалі Пацёмкіна ў Ясах (Румынія).

Падчас гэтай сустрэчы расійская царыца Кацярына ІІ праз аднаго са сваіх прадстаўнікоў перадала ім, што ўсе прыхільнікі старых парадкаў у Рэчы Паспалітай «знойдуць у ёй сапраўднага сябра». Сканчалася вайна з Турцыяй, у хуткім часе Расія змагла б заняцца «польскай справай».

Кансультацыі ў Пацёмкіна

Пасля прыняцця Канстытуцыі Патоцкі і Ржавускі адмовіліся ёй прысягнуць. А ў ліпені 1791 Патоцкі падаў Пацёмкіну запіску з просьбай аб расійскай дапамозе ў справе стварэння канфедэрацыі супраць канстытуцыі.

Ржэвускі хацеў з дапамогай Расіі аднавіць залатыя шляхецкія вольнасці

У кастрычніку 1791 у Ясах, у стаўцы графа Пацёмкіна, зноў адбыліся «кансультацыі» Патоцкага, Ржавускага і вялікага кароннага гетмана Браніцкага, падчас якіх яны абмеркавалі планы стварэння антыканстытуцыйнай канфедэрацыі.

Канчатковае рашэнне было прынятае ў сакавіку 1792 у Пецярбургу, падчас таемнай сустрэчы з удзелам Кацярыны ІІ. Там стала вядома, што Расія дасць войскі для ўварвання ў Рэч Паспалітую.

Паміж гэтымі дзвюма сустрэчамі адбыліся змены ў жыцці Патоцкага: сойм пазбавіў яго ўсіх дзяржаўных пасадаў за прарасійскую пазіцыю.

Акты рыхтаваў паліттэхнолаг

Акт канфедэрацыі быў падпісаны ў красавіку ў Пецярбургу, а абвешчаны 12 мая ў мястэчку Таргавіцы на мяжы ўладанняў Патоцкага (цяпер Кіраваградская вобласць, амаль цэнтр Украіны). Рыхтаваў дакументы канфедэрацыі, дарэчы, тайны саветнік і сакратар Кацярыны ІІ Васіль Папоў. Паліттэхнолаг, як сёння сказалі б.

Маршалам-кіраўніком канфедэрацыі быў абвешчаны Патоцкі. Раднымі — Браніцкі і Ржавускі. Усе, хто не падпарадкоўваўся ім, абвяшчаліся «ворагамі айчыны». Канфедэрацыя адмяняла мясцовую ўладу Рэчы Паспалітай, замяняючы яе сваімі камісіямі. Сойм, які прыняў Канстытуцыю, абвясцілі незаконным, а сам канстытуцыйны акт — змовай.

У 23 пунктах прадугледжвалася вяртанне шляхецкіх вольнасцяў, аднаўленне федэратыўнай сістэмы Рэчы Паспалітай. Але большае значэнне мелі не тыя пункты, а тое, што адбылося далей.

Расійскае ўварванне

18 мая 1792 расійскі пасол Булгакаў уручыў польскаму ўраду дэкларацыю, у якой расейская царыца патрабавала «вярнуць Рэчы Паспалітай свабоду і законнасць» (г.зн. адмяніць канстытуцыю), а ўсіх «сапраўдных патрыётаў» заклікала садзейнічаць ёй у гэтым. А тым часам расейскія войскі чатырма калонамі ўвайшлі з Бессарабіі на тэрыторыю Рэчы Паспалітай.

Агулам войска налічвала 97 700 чалавек. Гэта былі салдаты, якія бралі ўдзел у руска-турэцкіх войнах, крымскай кампаніі. Пад загадам пяхотнага генерада Кахоўскага, удзельніка чатырох войнаў, яны прайшлі адлегласці ад Днястра да Віслы за 72 дні — гэта рэкорд для тагачаснай еўрапейскай вайны.

Адным з капрусоў камандаваў, дарэчы, Міхаіл Кутузаў, будучы пераможца Напалеона.

Адначасова 32-тысячнае расейскае войска пад камандаваннем генерала Міхаіла Крачэтнікава ўварвалася ў Беларусь і Літву. Вільню занялі без бою. Шыман Касакоўскі, які камандаваў адным з карпусоў, абвясціў пра стварэнне літоўскай канфедэрацыі ў падтрымку Таргавіцкай.

Слабае войска ВКЛ спрабавала супраціўляцца, але раз за разам цярпела паразы і адступала ўсё далей на захад.

Войска не падрыхтаванае

Войска Рэчы Паспалітай, рэфармаванае пасля прыняцця Канстытуцыі, налічвала 70 тысяч чалавек. Дакладней, «мусіла налічваць», бо палкі не былі ўкамплектаваныя і навучаныя. Баяздольных было каля 50 тысяч.

Яшчэ адзін мінус — войскі былі расцягнутыя на вялізныя адлегласці, каб кантраляваць тэрыторыю краіны, дзеянні між часткамі не былі ўзгодненыя, тады як расейцы трымалі свае карпусы адным ударным кулаком.

Цэнзура і рэпрэсіі

Кіраўніцтва канфедэрацыі разам з расійскімі войскамі перамяшчалася ў глыб краіны і выдавала новыя загады-ўніверсалы. У адным з іх увядзенне расійскіх войскаў апраўдвалася тым, што ад іх залежыць лёс канфедэрацыі.

У наступным — уводзілася цэнзура: тыпаграфіям Рэчы Паспалітай забаранялася друкаваць якія б то ні было абразлівыя матэрыялы пра канфедэрацыю, а чалавека, які надумаецца яе крытыкаваць, адразу трэба было весці ў суд.Таксама канфедэрацыя адмяніла дзяржаўныя падаткі, што падкасіла эканоміку краіны.

Цікава, што пры канфедэрацыі пастаянна знаходзіўся ўпаўнаважаны-«сматрашчы» ад Кацярыны барон фон Бюлер.

Кароль здаўся

У чэрвені нават самыя ярыя праціўнікі Расіі загаварылі пра перамовы.

Кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі спрабаваў дабіцца ад Кацярыны спынення агрэсіі, прапаноўваў зрабіць наступным каралём яе ўнука. Аднак царыца ігнаравала просьбы, патрабуючы ад свайго былога каханка прызнаць канфедэрацыю. Пасля доўгіх ваганняў кароль зрабіў гэта.

Войска ўспрыняло прызнанне як здраду. Генералы, у тым ліку Тадэвуш Касцюшка, які «закрываў» кіеўскі кірунак, падалі ў адстаўку. Польскую частку войска ачолілі Патоцкі і Браніцкі, літоўскую — новапрызначаны гетман Шыман Касакоўскі.

Гром з яснага неба

Канфедэрацыя святкавала перамогу: насельніцтва краіны прывялі да прысягі, вярнулі старыя суды і падпарадкавалі паліцыю, апазіцыйную «Газэту Нарадову» зачынілі, кіраўніцтва канфедэрацыяй — 89 чалавек — стала цалкам непадсудным, караля ігнаравалі. А тым часам між Аўстрыяй, Прусіяй і Расіяй ужо ішлі таемныя перамовы пра падзел Рэчы Паспалітай.

Адкрыта пра падзел у сакавіку 1793 заявіў новы расійскі пасол — жорсткі Сіверс. Для большасці канфедэратаў гэта быў гром з яснага неба. Прыхільнік шляхецкіх вольнасцяў Ржавускі зрабіўся адчайным праціўнікам Расіі, але было позна.

17 чэрвеня на сойме ў Гродне шляхта пад ціскам Сіверса прызнала другі падзел. Канфедэрацыя, таксама дбаннямі Сіверса, пачала губляць уладу, аж пакуль у верасні не была скасаваная на сойме. Адзінагалосна.

Скарыстаныя і выкінутыя

Адпала патрэба і ў кіраўніках канфедэрацыі. Як склаўся лёс людзей, якія дзеля асабістых амбіцый і маёмасных інтарэсаў ахвяравалі краінай? Патоцкі, пазбаўлены дзяржаўных пасадаў, дажыў ва Умані, ажаніўшыся-такі з Соф’яй Віт, за якую заплаціў былому мужу два мільёны «адступнога».

Соф'я Віт: проста фатальная жанчына, або расійская агентка?

Пасля смерці ў 1805 яго цела, пакінутае на ноч у касцёле, хтосьці распрануў дагала і паставіў да сцяны з цыдулкай «за здраду Айчыне». Касакоўскага злавілі паўстанцы Касцюшкі і павесілі ў Вільні на Ратушнай плошчы. Браніцкі дажываў у сваім маёнтку ў Белай Царкве, Ржавускі дажываў у Вене, дзе займаўся алхіміяй і пошукам скарбаў.

Але галоўны свой скарб — уласную незалежную краіну — яны страцілі назаўжды.

Князь Пацёмкін і Кацярына ІІ

0
вось / Ответить
05.07.2014 / 10:21
Для большасці канфедэратаў гэта быў гром з яснага неба .................... Першы раз я не магу кінуць камень у гэтых здраднікаў канфедэратаў і лічу, што іх нельга параўноўваць з януковічамі ды царовымі. Царовы - гэта сьвядомыя адмарозкі. Гіркі жалезныя. Мера чалавечай подласьці.
0
123 / Ответить
05.07.2014 / 10:24
Да уж, у нас на Беларуси всегда власть доставалась здраднікам. Вот и имеем то что имеем. "Прадалі і аддалі ў палон" - пісаў Багдановіч ў 1916 годзе. http://www.vershy.ru/content/pagonya
0
Кельт / Ответить
05.07.2014 / 10:45
Во всём бабы виноваты!
Показать все комментарии/ 14 /
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, активируйте JavaScript в настройках своего браузера