Былы палітвязень Алесь Бяляцкі, які вызваліўся па амністыі 21 чэрвеня, збіраецца браць удзел у прэзідэнцкай кампаніі 2015 года выключна як праваабаронца.
Пра гэта ён заявіў сёння падчас анлайн-канферэнцыі на сайце інтэрнэт-газеты Naviny.by.
Бяляцкі зазначыў, што паводле беларускіх законаў ён не мае права балатавацца на пасаду прэзідэнта, таму што нарадзіўся ў іншай краіне — Расіі.
На думку Бяляцкага, адна з самых галоўных задач беларускага грамадства — дамагчыся справядлівых выбараў. «Удасца гэта нам ці не, ад гэтага залежыць наша будучае жыццё», — дадаў ён.
«Працэс выбараў у нас суправаджаецца масавымі парушэннямі заканадаўства, і наша задача — адсочваць гэтыя парушэнні, прыцягваць увагу беларускіх улад, нашай і міжнароднай грамадскасці, дабівацца справядлівасці», — сказаў былы палітвязень.
Паводле слоў Бяляцкага, працы для праваабаронцаў у Беларусі шмат, таму што «асноўныя праблемы — з захаваннем дзяржаўнасці, незалежнасці, развітай эканомікай, дэмакратыяй і правамі чалавека — не вырашаныя». Галоўным кірункам сваёй праваабарончай дзейнасці былы палітвязень бачыць «абарону грамадзянскіх і палітычных правоў».
Каментуючы спрэчкі аб мэтазгоднасці ўдзелу апазіцыі ў выбарах, Бяляцкі зазначыў:
«З аднаго боку, выбараў, як самой працэдуры, не існуе. Браць удзел у гэтым шоу і наіўна спадзявацца на тое, што ты можаш дамагчыся нейкіх сапраўдных лічбаў на гэтых выбарах, не даводзіцца.
Але разглядаць выбарчую кампанію як грамадскую, каб данесці сваё слова да людзей, можа, сэнс і ёсць».
На думку праваабаронцы, магчымы ўдзел або няўдзел у выбарах «трэба абмяркоўваць мірам, зыходзячы з канкрэтных рэалій, канкрэтнай сітуацыі». «На сёння, як мне бачыцца, кампанія 2015 года не дае перспектыў для беларускага грамадства, каб пераламаць гэту сітуацыю ў нейкае справядлівае рэчышча», — мяркуе Бяляцкі.