Дзеючы расійскі закон «Аб паліцыі» можа быць зменены. Дзесяць дэпутатаў Дзяржаўнай думы падрыхтавалі 60 паправак да закона, якія пашыраюць паўнамоцтвы паліцыянтаў. Дакумент у бліжэйшы час будзе ўнесены ў Дзярждуму.

Аўтары законапраекта лічаць, што папраўкі запоўняць прабел у дзеючым заканадаўстве, аднак эксперты і праваабаронцы асцерагаюцца, што папраўкі могуць справакаваць паліцэйскае самавольства, так як стане складаней вызначыць, перавысіў ці супрацоўнік праваахоўных органаў свае паўнамоцтвы.

Так, папраўка да ч. 5 арт. 23 закона прапануе зняць забарону на ўжыванне агнястрэльнай зброі да жанчын. Пакуль закон забараняе страляць на паражэнне ў жанчын.

Дэпутаты прапануюць забараніць страляць толькі ў жанчын з відавочнымі прыкметамі цяжарнасці, а ў астатніх, на іх думку, страляць на паражэнне можна.

«Улічваючы той факт, што жанчынамі таксама здзяйсняюцца злачынствы рознай ступені цяжкасці, у тым ліку тэрарыстычныя акты, праектам прапануецца забараніць ужываць агнястрэльную зброю толькі ў адносінах да жанчын з відавочнымі прыкметамі цяжарнасці», — пазначана ў тлумачальнай запісцы да праекту федэральнага закона.

Дзеючы закон забараняе супрацоўніку паліцыі прымяняць агнястрэльную зброю пры вялікай колькасці людзей, калі ў выніку могуць пацярпець выпадковыя асобы.

Аўтары паправак прапануюць зрабіць выключэнні, каб паліцыянт мог страляць у натоўпе пры крайняй неабходнасці — «ва ўмовах абгрунтаванай рызыкі альбо ў іншых выпадках, прадугледжаных заканадаўствам Расійскай Федэрацыі».

Аднак, як вызначыць абгрунтаванасць рызыкі, аўтары паправак вырашылі не тлумачыць.

У праекце няма расшыфроўкі многіх новых азначэнняў, якімі прапануецца замяніць дзеючыя. Напрыклад, ранейшы закон «Аб паліцыі» дазваляе праводзіць асабісты дагляд грамадзян, дагляд iх рэчаў, а таксама дагляд іх транспартных сродкаў «пры наяўнасці дадзеных» аб тым, што гэтыя грамадзяне маюць пры сабе зброю, боепрыпасы і іншыя небяспечныя рэчывы.

Дэпутаты прапануюць палегчыць працу паліцыі і замяніць фармулёўку «пры наяўнасці дадзеных» на «калi ёсць падставы меркаваць»: здагадкі лягчэй абгрунтаваць, чым даць канкрэтныя дадзеныя аб наяўнасці зброі.

Акрамя таго, дэпутаты хочуць ўнесці дадатковыя пункты ў арт. 30 «Гарантыя прававой абароны супрацоўніка паліцыі» і запісаць туды фразу пра тое, што

супрацоўнік паліцыі не нясе адказнасць за шкоду, прычыненую грамадзянам і арганізацыям пры выкананні абавязкаў, ускладзеных на паліцыю.

Пры гэтым прадстаўнікі МУС супакойваюць: нават калі і выглядае на тое, што папраўкі істотна пашыраюць паўнамоцтвы супрацоўнікаў органаў, то страляць па натоўпе і жанчынах паліцыянты наўрад ці пачнуць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?