Беларусь і Куба лічаць недапушчальным знешняе ўздзеянне на незалежную знешнюю і ўнутраную палітыку, якую яны праводзяць.

Пра гэта было заяўлена падчас сустрэчы міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея са старшынёй Дзяржаўнага савета Кубы Раулем Кастрам ў Гаване, паведаміў прэс-сакратар беларускага МЗС Дзмітрый Мірончык 26 чэрвеня на брыфінгу.

Падчас сустрэчы Макей і Кастра адзначылі «высокі ўзровень даверу, што склаўся паміж дзвюма краінамі». Паводле слоў Мірончыка, была дадзена высокая ацэнка зместу палітычнага супрацоўніцтва Беларусі і Кубы як у двухбаковым, так і ў шматбаковым фарматах. Абмеркаваныя магчымасці кантактаў на вышэйшым узроўні, а таксама разгледжаныя шляхі актывізацыі ўзаемадзеяння ў гандлёва-эканамічнай, навукова-тэхнічнай і іншых сферах.

Макей таксама перадаў Кастра асабістае пасланне Аляксандра Лукашэнкі.

Падчас візіту на Кубу кіраўнік знешнепалітычнага ведамства Беларусі таксама правёў сустрэчу з міністрам прамысловасці Сальвадорам Парда Крусам. «Беларускаму боку дадзена інфармацыя пра новыя кірункі развіцця прамысловасці Кубы. У гэтай сувязі абмеркаваныя магчымасці рэалізацыі канкрэтных двухбаковых праектаў, — сказаў Мірончык. — Кубінскі міністр выказаў зацікаўленасць ва ўстанаўленні супрацоўніцтва з некаторымі беларускімі прадпрыемствамі. Дасягнута дамоўленасць аб уключэнні прадстаўніка міністэрства прамысловасці ў склад кубінскай дэлегацыі, якая плануе наведаць Беларусь восенню 2014 года».

Макей і Парда Крус сумесна наведалі міжнародную прамысловую выставу Cubaindustria-2014, дзе азнаёміліся з прадстаўленымі навукова-тэхнічнымі распрацоўкамі кубінскай і сусветнай прамысловасці. Пры наведванні выставачных стэндаў з шэрагам кампаній абмеркаваны перспектывы арганізацыі ўзаемных паставак беларускай і кубінскай прадукцыі на рынкі дзвюх краін, адзначыў Мірончык.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?