Паставіць дыягназ па фатаграфіі цяпер змогуць медыкі. Камп'ютарную праграму, якая можа прааналізаваць фатаграфію чалавека і выявіць шэраг генетычных захворванняў, распрацавала каманда спецыялістаў Оксфардскага універсітэта.

Праграма ўнікальная тым, што раней своечасова вызначыць многія спадчынныя хваробы было амаль немагчыма. Гэта звязана з тым, што камбінацыі генаў, якія правакуюць адхіленні, нельга было ідэнтыфікаваць.

Да гэтага моманту медыкі дыягнаставалі падобныя адхіленні, арыентуючыся на прыкметныя і характэрныя для пэўных захворванняў рысы твару пацыента, паколькі прыкладна 40% генетычных адхіленняў спецыфічна адбіваюцца на знешнасці хворага.

Аўтары праграмы — спецыялісты па машынным зроку Эндру Зісерман і Крыстафер Нэлекер, апісалі яе характарыстыкі і ўласцівасці ў часопісе eLife. Алгарытм здольны па звычайных лічбавых фотаздымках распазнаць рэдкія спадчынныя хваробы.

Каб «навучыць» праграму, даследчыкі выкарысталі больш за тысячу трохсот агульнадаступных здымкаў людзей з васьмю рознымі генетычнымі адхіленнямі. Гэта, у прыватнасці, сіндромы Марціна-Бэла і Даўна, а таксама прагерыя. З гэтых здымкаў праграма запомніла 36 розных рысаў твару, якія выкарыстоўвала падчас дыягностыкі.

Эксперымент быў прызнаны паспяховым, і магчымасці праграмы пашырылі. Яна здольная распазнаць звыш 90 адхіленняў, а гэта ў 30 разоў павышае верагоднасць правільнага дыягназу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?